11 жніўня ў аграгарадку Варона вернікі сабраліся ў невялікай капліцы на ўрачыстасць у гонар яе апякункі — святой Філамены. Гэта адзіная ў Беларусі каталіцкая святыня, якая носіць тытул юнай мучаніцы, што прыняла смерць, але не здрадзіла Хрысту. У гэты дзень ціхая капліца стала нібы запаленай лампадай веры, а сонечныя промні над Найсвяцейшым Сакрамэнтам — светлым напамінам пра Божую прысутнасць.
Святая Філамена была яшчэ амаль дзіцём — паводле традыцыі, ёй было ўсяго трынаццаць гадоў. Аднак яе сэрца ўжо належала Хрысту непадзельна. Перад абліччам пакут і смерці яна не адраклася ад веры, застаўшыся вернай свайму Нябеснаму Абранніку. Яе кароткае зямное жыццё стала зернем, якое, упаўшы ў зямлю, праз стагоддзі працягвае прыносіць плён надзеі, мужнасці і любові да Бога.
Капліца ў Вароне мае асаблівую гісторыю. Роўна 25 гадоў таму яна была адноўлена пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча ксяндза Здзіслава Пікла SDB. Дзякуючы намаганням святара і вернікаў святыня зноў напоўнілася малітвай, а яе сцены пачалі захоўваць цішыню чалавечых просьбаў, удзячнасці і надзеі.
1 ліпеня 2021 года, згодна з дэкрэтам тагачаснага біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і па ініцыятыве пробашча ксяндза Віктара Захарэўскага, капліцы ў аграгарадку Варона, якая належыць да Варнянскай парафіі, быў вернуты гістарычны тытул святой Філамены.
Такім чынам, невялікая вясковая святыня стала асаблівым месцам на каталіцкай карце Беларусі — адзінай капліцай у краіне, што носіць імя юнай мучаніцы.
Сэрцам святкавання стала ўрачыстая Святая Імша, якую цэлебраваў пробашч парафіі ў Воўпе, дэкан Мастоўскі ксёндз Алег Яновіч. На ўрачыстасць таксама прыбылі святары з Астравецкага і суседніх дэканатаў і дыяцэзій: з Віцебскай - кс Яцэк з парафіянамі з Пастаўшчыны, з Мінска-Магілёўскай - кс. Дзмітрый і кс. Андрэй, а з Пінскай - сёстры Дамініканкі з Баранавіч, (дарэчы с. Аўгусціна ўвогуле служыць у Расіі, Калінінградская вобласць) і шматлікія вернікі.
Гамілію прамовіў ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар нагадаў прысутным пра жыццё, мучаніцкую смерць і непахісную вернасць святой Філамены. Яе постаць асабліва выразна прамаўляе да сучаснага чалавека: святасць не вымяраецца гадамі, а веліч душы не залежыць ад узросту. Нават юнае сэрца можа стаць непрыступнай святыняй, калі ў ім жыве Хрыстус.
Святая Філамена не шукала гераізму. Яна толькі не пажадала страціць Таго, Каго палюбіла больш за ўласнае жыццё. І таму яе слабасць стала сілай, пакуты — сведчаннем, а смерць — брамай да вечнасці.
Асабліва кранальны момант адбыўся падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. На вуліцы пачаў ісці дробны цёплы дождж. Ён ціха дакранаўся да зямлі, нібы нябесная вада благаслаўлення, што змывае стомленасць і рыхтуе сэрца да сустрэчы з Богам.
Калі ж падчас адарацыі святар узняў Найсвяцейшы Сакрамэнт, дождж раптоўна спыніўся. З-за хмар выглянула сонца, і яго промні асвятлілі Эўхарыстычнага Хрыста.
У гэтай хвіліне нібы сустрэліся неба і зямля: кроплі яшчэ блішчалі на траве, а святло ўжо клалася на манстранцыю залатым вэлюнам. Для прысутных гэта стала не проста прыгожай з’явай прыроды, але вобразам хрысціянскай надзеі: пасля дажджу заўсёды прыходзіць святло, пасля выпрабавання — суцяшэнне, а пасля крыжа — раніца ўваскрасення.
Ці не быў гэта далікатны знак Божага Провіду? Бог не заўсёды прамаўляе ў громе. Часам Ён дакранаецца да чалавечага сэрца цішынёй, цёплай кропляй дажджу і промнем сонца, які раптам прабіваецца праз хмары.
Урачыстасць у Вароне завяршылася, але яе святло засталося ў сэрцах вернікаў. А маленькая капліца святой Філамены і надалей будзе стаяць сярод палёў, нібы сціплая свечка перад абліччам Бога, нагадваючы кожнаму: вернасць Хрысту ніколі не бывае дарэмнай, а святло веры мацнейшае за цемру і смерць.
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.