гісторыя касцёла

У   

У пісьмовых крыніцах мястэчка Варняны згадваецца ў канцы 14 стагоддзя. У зборы дакументаў, датычных да Віленскай дыяцэзіі, выдадзеных на лацінскай мове, напісана, што Варняны з’яўляюцца ўласнасцю вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, які ў 1391 годзе выдзеліў з гэтага паселішча  новапабудаванаму Медніцкаму касцёлу фундуш. У 1397 годзе Варняны былі адной з 10 вёсак, якія плацілі дзесяціну на ўтрыманне Віленскага кафедральнага сабора, паводле прывілеі вялікага князя літоўскага Ягайлы.

У 1453 годзе – цэнтр гаспадарскай воласці ў Мемежскім павеце, дзе кароль Казімір раздае землі сваім баярам і шляхце. Частка гэтых зямель, разам з паселішчам Варняны, была пажалавана ў сярэдзіне 15 стагоддзя Казімірам свайму баярыну Сангайле. З пісьмовых крыніцаў вядома, што пасля смерці баярына ўдава Марыяна Сангайлава паводле тэстамэнта мужа заснавала ў 1462 годзе ў Варнянах драўляны касцёл у імя Божага Цела і плябанію. Для касцёла Марыяна Сангайлава запісала даволі вялікі фундуш. Яна абдарыла касцёл 42 падданымі са сваіх маёнткаў. Затым яна запісала дзесяціны з ураджаю ў сваіх маёнтках Варняны, Трокенікі, Сельцы, Бесяды (абодва цяпер у Лагойскім раёне) і Струнойці (цяпер у Літве). У Варнянах запісала зямлю для пабудовы плябаніі і карчмы, дазволіла ксяндзу лавіць рыбу ў Варнянскіх ставах і малоць збожжа ў млыне. Да гэтага дадала 2 камяні воску, 8 пудоў мёду і 2 бочкі солі, а таксама 3 невялікія возеры, а для аховы касцёла – 2 чалавекі.

У той час у Варнянах пражывалі хрысціяне і яўрэі. Акрамя хрысціянскага касцёла існавала іўдзейская сінагога і малітоўная школа – цэнтры рэлігійнага, культурнага і грамадскага жыцця яўрэяў.

 Да пачатку 16 стагоддзя касцёл, відаць, страціў многія свае фундушы з-за частай змены калятараў. Таму віленскі канонік і варнянскі плябан, а таксама ўладальнік маёнтка Варняны князь Андрэй Свірскі ў 1508 годзе запісаў касцёлу новы фундуш, зацверджаны пасля смерці фундатара; у 1511 годзе князь Андрэй Свірскі падараваў касцёлу зямельны пляц па рацэ Лоша з правам пабудовы на ім карчмы, а таксама Габрыелеўскі дварэц. Відаць, у гэты час Варнянскі касцёл быў напаўразбураны, бо на адбудову касцёла князь запісаў дварэц Блушчаны, які трымаў у заставе ад шляхціца Барталаея Юшкі, пакуль той не верне грошы новаму плябану.

Згодна з дадзенымі праведзенай у 1559 годзе інспекцыі парафіяльных касцёлаў Віленскай дыяцэзіі, Варнянскай плябаніі належала 44 дамы падданых сялян, Астравецкай, да прыкладу, - 8, Свіранскай – 13 дамоў. Варнянскі храм быў самым багатым у наваколлі. А паводле звестак польскага гісторыка Юрыя Ахманскага, ён выдзяляўся і сярод касцёлаў усёй Віленскай дыяцэзіі.

З 1581 года Варняны перайшлі ва ўласнасць ваяводы смаленскага Яна Абрамовіча, пратэстанта паводле веравызвання, які заснаваў тут кальвінскі збор, шпіталь і школу, якія існавалі да 1654 года. Сам жа касцёл у кальвінскі храм ніколі не перарабляўся. Пра гэта сведчаць дакументы першай паловы 17 стагоддзя, калі плябанам касцёла быў ксёндз Жабінскі. Ёсць дакумент ад 05.05.1593 года, які сведчыць пра існаванне ў Варнянах школы пры каталіцкім парафіяльным касцеле, фундатарам якога і з’яўяляўся Ян Абрамовіч. Гэта – пераказны дакумент каралеўскага маршалка, мейшагольскага дзяржаўцы князя Яна Баляслававіча Свірскага, якім ён перадаў Яну Абрамовічу калятарскія правы на касцёл, фундаваны яго продкамі ў пачатку 16 стагоддзя.

Пасля смерці Яна Абрамовіча ў 1602 годзе Варнянскі ключ атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай, які ў 1640 годзе павялічыў фунуш касцёлу ў Варнянах. Памёр Мікалай Абрамовіч у 1651 годзе, і Варняны перайшлі сыну Самуэлю, які пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Прыхільны да каталіцызму нашчадак варнянскіх Абрамовічаў зачыніў кальвінскі збор, закладзены яго дзедам у Варнянах. Згодна з прывілеем Віленскага біскупа Юрыя Тышкевіча ад 19 жніўня 1654 года Самуэль атрымаў калятарскія правы  на касцёлы ў мястэчках Варняны і Кабыльнік, на іх аднаўленне і ўпрыгожванне.

Пасля смерці Самуэля Варнянская сядзіба дасталася яго стрыечнаму брату Андрэю Абрамовічу, які памёр у 1763 годзе. Незадоўга да смерці ён задумаў пабудаваць мураваны касцёл замест драўлянага, аднак здзейсніць задуманае не паспеў. Распачатую братам будоўлю працягваў Юрый – суддзя земскі, віцэ-старшыня Трыбунала. Юрый Абрамовіч узвёў мураваныя сцены новага касцёла ў гонар свайго нябеснага патрона, але зімой 1766-1767 гг памёр, не давёўшы, як і брат, справу да канца.

Пасля заўчаснай смерці Юрыя справу па будаўніцтве касцёла  прадоўжыла яго жонка Марыяна. Будаваўся касцёл пад кіраўніцтвам архітэктара Аўгуста Касакоўскага. У 1767 годзе яна заснавала пры Варнянскім касцёле дамініканскую місію, запрасіла з астравецкага кляштара манаха дамініканца і запісала яму грашовы фундуш. У 1769 годзе Марыяна Абрамовіч скончыла будаўніцтва і ўпрыгожанне касцёла, які быў асвечаны 28 кастрычніка гэтага ж года Віленскім біскупам Томаш Ігнацый Зянковічам.

Аднак на гэтым Марыяна Абрамовіч не спыніла сваю спадвіжніцкую дзейнасць. Згодна з праектам варнянскага архітэктурнага ансамбля, акрамя касцёла, з абодвух бакоў пад вуглом да яго былі ўзведзеныя два двухпавярховыя будынкі, крытыя вальмавым дахам – адзін пад плябанію, другі пад парафіяльны дом. Закончана дабудова шаснаццаці прамавугольных у плане (7,5 х 16 м.) жылых дамоў паабапал плошчы, злучаных паміж сабой каменнымі сценамі з арачнымі праездамі. Фронт вулічнай забудовы замкнулі два будынкі: з аднаго боку мураванай карчмы, з другога – гасцініцы, першы паверх якой быў каменны, а другі – драўляны (драўляная частка згарэла ў канцы 20 стагоддзя і не адноўлена).

Фасад і ўнутраны інтэр’ер касцёла ў Варнянах

Асноўны мастацкі акцэнт, адпаведна яго дамінантнай ролі ў ансамблі, быў зроблены на галоўным двухвежавым фасадзе касцёла, які выступае за межы асноўнага аб’ёма і вызначаецца вытанчанасцю і ажурнасцю сілуэта. Заглыбленая цэнтральная частка завершана высокім двух’ярусным атынкаваным франтонам. Шмат’ярусныя чацверыковыя вежы маюць увагнутую паверхню прасценкаў паміж звязкамі вуглавых пілястраў, што стварае тонкую нюансіроўку падаючых і слізгаючых ценяў. Імклівасць вертыкальных ліній супакойвае мяккі малюнак абрысаў франтона і праёмаў. Варнянскі Георгіеўскі касцёл мае адзін прамавугольны неф, падзелены сістэмай спараных пілястраў і падпружных арак на дзве часткі, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Двухчасткавая структура нефа, якая сустракаецца даволі рэдка, з’яўляецца адметнасцю Астравецкага рэгіёна. Амаль роўная па даўжыні з нефам выцягнутая прамавугольная апсіда прэсбітэрыя мае аналагічныя скляпенні, але больш інтэнсіўны рытм падпружных арак, якія падзяляюць апсіду на тры часткі. Па баках прэсбітэрыя размешчаны нізкія сіметрычныя прамавугольныя аб’ёмы, падзеленыя надзве часткі, у якіх размяшчаюцца капліцы і закрыстыі. Над уваходным памяшканнем, якое злучана з прасторай нефа арачнымі праёмамі, размешчаны арганістыя хоры з пластычным хвалістым абрысам агароджы. Інтэр’ер упрыгожвалі пышныя алтары, амбон, лавы і кафесіяналы з ракайльным дэкорам. У галоўным алтары знаходзіліся абразы “Увазнясенне” і “Святы Ян Непамук” – абедзве работы вядомага мастака С.Чаховіча, перанесеныя ў Варняны з касцёла св. Казіміра ў Вільні. Касцёл Святога Юрыя з’яўляўся выдатным прыкладам сталага віленскага барока.

Па жаданні фундатаркі касцёла Марыяны Абрамовіч, яе труну размясцілі перад парогам бабінца, пад жалезнай плітой. Астатнім Абрамовічам, дамавіны якіх стаялі ў радзінным склепе лёхаў касцёла, пашанцавала менш. З пасіўнага дазволу дырэктара і настаўнікаў дзіцячага прытулку, які існаваў ў Варнянах у пасляваенны час, яго выхаванцы разрабавалі склеп і, разламаўшы труны, павыкідвалі з іх нябожчыкаў. Пазней парэшткі былі сабраны і перазахаваны на прыкасцёльнай тэрыторыі.

Асветніцкая дзейнасць святароў Варнянскага касцёла

         У другой палове 18 стагоддзя, паводле звестак даследчыка Віленскага біскупства Я.Курчэўскага, у Варнянах (таксама ў Астраўцы, Быстрыцы, Гервятах, Кямелішках, Міхалішках, Свіранах) працавала парафіяльная школа. У 1777 годзе ў Варнянскай парафіяльнай школе займалася 9 вучняў: 5 сыноў шляхты, 4 – заможных сялян. 

У 1864 годзе было выдадзена расійскае “Палажэнне аб народных вучылішчах”. У народныя вучылішчы прымалі дзяцей школьнага ўзросту ўсіх саслоўяў, але пераважную большасць навучэнцаў складалі дзеці сялян. У народных вучылішчах дзеці вучылі Закон Божы, арыфметыку, чытанне, пісьмо і царкоўныя спевы. Закон Божы вялі святары, а астатнія прадметы – настаўнікі. Адным з першых настаўнікаў тут працаваў выхаванец Цвярской духоўнай семінарыі Васілій Аляксеевіч Мікольскі. Ён таксама сумяшчаў пасаду святара, атрымліваў 196 рублёў у год і забяспечваўся бясплатнай кватэрай.

У 1886-1887 навучальным годзе ў Варнянскім прыходскім аднакласным сельскім вучылішчы займалася 58 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка, а іх настаўнікам быў выпускнік Яраслаўскай духоўнай семінарыі М.В.Сперанскі. Закон Божы вёў ксёндз Ігнацій Бржазоўскі. Сперанскі атрымліваў 200 рублёў у год, ксёндз выкладаў Закон Божы бясплатна. У народным вучылішчы ў 1901 годзе вучылася 65 дзяцей, у ліку якіх была толькі адна дзяўчынка. У канцы 19 – пачатку 20 ст. настаўніцай тут працавала Марыя Сакалова, якая мела званне настаўніцы народнага вучылішча, а законанастаўнікам быў каталіцкі святар, выпускнік Віленскай каталіцкай семінарыі Міхаіл Глямбоцкі. Вучням, якія заканчвалі вучылішчы, выдавалі пасведчанні.

 

Касцёл у Варнянах быў рэканструяваны і дабудаваны ў 1880 і 1909 гадах. У гэтыя часы Варнянская парафія налічвала 4300 вернікаў, 13 праваслаўных і 114 яўрэяў.

 

На працягу другой сусветнай вайны колькасць дзейных касцёлаў у Беларусі значна зменшылася. Святароў вінавацілі ў антыдзяржаўных дзеяннях, ідэалагічных дыверсіях, зрыве пазыкаў, супраціве калектывізацыі, апалячванні беларусаў і г.д. Ксяндзам забаранялі даваць рэлігійную адукацыю дзецям, нельга было не толькі навучаць Слову Божаму, але і тлумачыць Катэхізіс. У 1953 годзе ў Беларусі імшы адбываліся толькі ў 154 касцёлах, астатнія былі зачынены.

Касцёл у Варнянах, як і многія ў Беларусі, савецкімі ўладамі быў закрыты. Апошнія запісы гэтага часу ў касцельных кнігах датуюцца: хрост – 14 лістапада 1948 года; шлюб – 23 лістапада 1948 года.

Касцельныя, літургічныя прадметы, абразы, фігуры і ўсё, што належала касцёлу, часткова забралі другія парафіі, а ўсё астатняе разрабавалі.  Ад таго часу засталіся толькі фігура “Сэрца Пана Езуса”, якая знаходзілася ў Астравецкім касцёле, і фігура “Пана Езуса бічаванага”, каторая захоўвалася ў Гервяцкім касцёле.

У касцёле спачатку некалькі гадоў захоўвалі збожжа мясцовага калгаса, а пазней сталі захоўваць мінеральныя ўгнаенні. Будынак паступова разбураўся і такі паўразбураны ён прастаяў да сярэдзіны 80-х гадоў.

 

 

Сіламі мясцовага калгаса і пры падтрымцы дзяржавы пачаліся работы па рэстаўрацыі касцёла пад клуб, закончыліся гэтыя работы ў кастрычніку 1982 года. З гэтага часу будынак касцёла пачаў функцыянаваць як дом культуры.

Парафіяне неаднаразова звярталіся да ўлад, каб вярнулі вернікам касцёл, але заўсёды атрымлівалі адмоўныя адказы.

У 1989 годзе парафіяне зноў пачалі змагацца за зварот касцёла ў парафіі. Пад касцёлам, які яшчэ не быў адданы, збіраліся парафіяне, кленчылі, маліліся, каб вярнулі святыню.

Быў выбраны касцельны камітэт, які займаўся справамі па звароту святыні вернікам. Збіралі сотні подпісаў пад заявамі, ездзілі ў Маскву, Мінск, Гродна з просьбамі.

пісьмо выканкама з адказам на заяву вернікаў

З успамінаў Р.А.Герта:

“Яго хацелі ўзрываць – гэтак жа, як узарвалі касцёл у Гродне. Ужо ленінградскім вучоным быў распрацаваны праект: спачатку адзін выбух расхістаў бы сцены і фундамент, а потым другі зруйнаваў бы ўсё. Падобнае рашэнне было прынята пасля таго, як з дзіравага дазу зваліліся два хлопчыкі з Варнянскага дзіцячага дома (адзін загінуў, другі зламаў нагу і руку). Знішчаць такую велічную пабудову асабіста мне здавалася па меншай меры неразумным. Але як уратаваць? Дапамог выпадак.

У Варнянскі калгас прыехала Ніна Лявонаўна Сняжкова, якая была намеснікам старшыні Савміна і вяла сацыяльную сферу (дарэчы, мне яна прыходзілася сваццяй: мой сын Ігар ажаніўся з яе дачкой).  Яна прывезла ў калгас Пераходны Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў, ЦК камсамола і ВЦСПС. І я вырашыў выкарыстаць сітуацыю. Так маўляў і так, мястэчка – самае вялікае ў раёне, а ні клуба, ні іншага будынка для правядзення адпачынку. У той жа час руйнуецца цудоўны будынак…

Сняжкова Н.Л. сказала прыехаць у Мінск. Запрасіла на дамоўлены час у свой кабінет міністра культуры і дырэктара рэстаўрацыйнай майстэрні. Я растлумачыў сітуацыю, яны ветліва паслухалі.

-Складана, - кажуць, - прымаць рашэнне вось так, са слоў. Трэба прыехаць і паглядзець усё на месцы.

-З’ездзіце і паглядзіце, - рэзюміравала Ніна Лявонаўна. – І пры магчымасці акажыце садзеянне.

Неўзабаве ў раён завітаў дырэктар рэстаўрацыйнай майстэрні. На выснове яго агляду была складзена дакументацыя і распачаліся работы. Рэстаўратары аднавілі сцены і перакрылі дах. Астатнія работы прадоўжыла брыгада аддзелачнікаў, якую наняў старшыня калгаса імя Чапаева Уладзімір Паўлавіч Постраш. Іх намаганнямі былі зроблены ўнутраныя работы.

На адкрыцці Варнянскага клуба выступаў  я:

-Гэты храм пабудавалі вашы продкі, - звярнуўся я да варнянцаў. – І як цудоўна, што нам удалося выратаваць яго ад зруйнавання. Няхай ён, як і ў старыну, служыць справе духоўнай культуры людзей…

Здавалася б, справа вырашана канчаткова. Аказалася – не. У пачатку 90-х да мяне ў кабінет завіталі прадстаўнікі касцельнага камітэта: “Дапамажыце вярнуць касцёл. Хопіць яму быць клубам”. Што я мог? Падобнае рашэнне можа быць прынята толькі на пасяджэнні выканкама. Так і сказаў. Пытанне паставіў у парадак дня чарговага пасяджэння, а ім параіў паўдзельнічаць у ім.

Дэлегацыя прыехала грунтоўная: і моладзь, і старэйшыя людзі. Гарачыліся, даказвалі. Калі дайшла справа да галасавання, за тое, каб вярнуць касцёл вернікам, падняў руку я адзін…

А літаральна назаўтра ў раён прыехаў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, першы сакратар абкама партыі, які балаціраваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад нашага раёна, і сказаў: “Трэба”. На гэты раз за тое, каб вярнуць храм парафіянам, прагаласавалі ўсе без выключэння. І Дзмітрый Канстанцінавіч, у якога ў гэты дзень была прызначана сустрэча з выбаршчыкамі ў Варнянах, павёз ім радасную навіну”.

 

31 студзеня 1990 года за №596 Астравецкі раённы Савет народных дэпутатаў пастанавіў перадаць будынак Касцёла для вернікаў парафіі Варняны, але яшчэ з умовай рашыць гэта пытанне на агульным сходзе калгаснікаў. 25 лютага 1990 года адбыўся агульны сход калгаснікаў, які аднагалосна падтрымаў гэта рашэнне і пастанавіў перадаць будынак святыні парафіі ў пяцідзённы тэрмін, што і было выканана.

І вось наступіў доўгачаканы і вельмі радасны дзень для парафіян. 11 сакавіка 1990 года наш касцёл быў асвечаны біскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

19 красавіка 1990 года была зарэгістравана рэвізійная камісія і выканаўчы орган рэлігійнага аб’яднання Рымска-каталіцкага касцёла ў вёсцы Варняны Астравецкага раёна ў Савеце СССР і выдана “Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны”.

23 чэрвеня 1992 года за №99 выдадзена “Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі Статута рэлігійнай абшчыны”.

Рэлігійная абшчына паўторна перарэгістравана рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 30 снежня 2003 года рашэннем №722 і выдадзена “Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны” за №134 пад назвай рэлігійнай абшчыны “Парафія касцёла Святога Георгія ў вёсцы Варняны Астравецкага раёна Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь”.

Пасля канцэкрацыі касцёла парафіяне распачалі рэканструкцыю касцёла ўнутры і прыкасцёльнай тэрыторыі. Найперш быў пабудаваны ў 1991 годзе галоўны алтар, аўтарам і выканаўцам быў архітэктар з Вільні Вайніцкас Генрыкас Серафімавіч. Затым ў 1992 годзе былі пабудаваны бакавыя алтары, стацыі Крыжовага шляху тым жа архітэктарам.

У 1993-1994 гадах мастачка з Вільні Уладзіслава Жыборт намалявала 10 абразоў.

У 1991-1992 гадах набылі ў Вільні фігуры Святога Пятра, Святога Паўла, Маці Божай Ружанцовай, Святога Францішка, Святога Антонія, Святога Юзафа.

Паступова ўпарадкавалася і тэрыторыя вакол касцёла. Былі спілаваны старыя дрэвы, зроблена агароджа прыкасцельнай тэрыторыі са стацыямі Крыжовага шляху. Прадаўжаюцца работы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі і сёння.

Якім будзе аблічча нашай Святыні сёння і праз пэўны час залежыць ад кожнага з нас. Кожны з нас з’яўляецца адказным за фарміраванне і напісанне гісторыі нашага мясцовага Касцёла…

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.