Па слядах веры і гісторыі: 40 вернікаў Варнянскай парафіі здзейснілі чарговую аўтапілігрымку па Гродзеншчыне
23 ліпеня 40 вернікаў Варнянскай парафіі на чале з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім здзейснілі маштабную аўтапілігрымку па святых і гістарычных месцах Гродзеншчыны. Гэты багаты духоўны маршрут аб’яднаў адзінаццаць значных пунктаў рэгіёна, дазволіўшы ўдзельнікам паглыбіцца ў супольную малітву, пазнаёміцца з унікальнай архітэктурнай спадчынай і адчуць моц хрысціянскіх традыцый беларускай зямлі. Падарожжа стала чарговай важнай старонкай у жыцці супольнасці, бо для варнянскіх вернікаў і іх душпастыра гэта была ўжо шостая сумесная аўтапілігрымка.
Духоўны шлях удзельнікаў пралягаў праз славутыя санктуарыі і велічныя касцёлы Воранаўскага і Іўеўскага раёнаў. Галоўным цэнтрам малітвы ў гэтай дарозе стаў Санктуарый Маці Божай Тракельскай Каралевы Сем’яў, дзе пілігрымы пакланіліся цудадзейнаму абразу, прынялі ўдзел у супольнай святой Імшы і даверылі Панне Марыі інтэнцыі сваіх сем'яў.
Дальнейшы маршрут дазволіў удзельнікам убачыць унікальныя архітэктурныя помнікі розных эпох і стыляў, кожны з якіх уражваў сваёй веліччу. Сапраўдным адкрыццём стаў касцёл Святога Юрыя ў Асаве, які літаральна паланіў сэрцы пілігрымаў сваёй незвычайнай прыгажосцю і самабытнасцю, захаваўшы жывое цяпло ўнікальнага дойлідства і дух шчырай народнай веры. Гэтую эстафэту мінулых стагоддзяў падхапіў і касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунах, які зачараваў сваёй гармоніяй і рэдкімі рысамі драўлянага класіцызму. Строгай, узнёслай прыгажосцю неагатычных вежаў, што імкнуцца ў неба, уразіў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы, а старадаўні касцёл Святой Тройцы ў Германішках запомніўся сваёй магутнай, амаль суровай прыгажосцю з бутавага каменю, якая сімвалізуе непахіснасць веры.. У Беняконях, каля касцёла Святога Яна Хрысціцеля, вернікі паглыбіліся ў гісторыка-літаратурны кантэкс і наведалі магілу, дзе спачывае Марыля Верашчака — каханая славутага паэта Адама Міцкевіча. У Радуні парафіяне завіталі ў касцёл Маці Божай Ружанцовай, дзе пазнаёміліся з жыццём мясцовай каталіцкай супольнасці, а ў Воранаве, у касцёле Божай Міласэрнасці, узнеслі словы Вяночка да Божай Міласэрнасці.
Кожны прыпынак адкрываў пілігрымам багатую гісторыю рэгіёна: касцёл Святога Мікалая ў Геранёнах – унікальнымі фрэскамі, што ўпрыгожваюць святыню і нагадваюць пра яе багатую гісторыю, касцёл святога Уладзіслава ў Суботніках - не толькі тым, што з'яўляецца адзінай святыняй у краіне з такім тытулам, і не толькі раскошнай родавай крыптай магнатаў Умястоўскіх у сваіх сутарэннях, але і сваёй кранальнай гісторыяй: касцёл ні разу не зачыняўся, а ў часы савецкага ліхалецця вернікі дзесяцігоддзямі без святара самі ахоўвалі і зберагалі сваю супольнасць, захаваўшы касцёл жывым для наступных пакаленняў.
Завяршальным і вельмі маляўнічым акордам падарожжа стала наведванне Жамыслаўля. У мясцовай капліцы Хрыста Валадара, пабудаванай у 2000 годзе, падарожнікі шчыра падзякавалі Богу за шчаслівую дарогу і атрыманыя ласкі.
Гэтая паездка пакінула глыбокі след у сэрцах усіх удзельнікаў і падарыла шмат цёплых душпастырскіх сустрэч. Варнянскія парафіяне выказваюць асаблівую, шчырую ўдзячнасць усім святарам, якія сустракалі пілігрымаў на маршруце, ласкава адчынялі дзверы сваіх храмаў, дзяліліся благаслаўленнем і праводзілі захапляльныя, глыбокія экскурсіі, адкрываючы таямніцы мясцовай гісторыі.
Таксама вернікі ад усяго сэрца дзякуюць свайму пробашчу ксяндзу Віктару Захарэўскаму за выдатную арганізацыю гэтай ужо шостай сумеснай аўтапілігрымкі. Яны дзякуюць святару за яго душпастырскі клопат, нястомную энергію, бацькоўскае кіраўніцтва і за тое, што кожнае такое падарожжа становіцца для іх не проста экскурсіяй, а сапраўдным штуршком для ўмацавання асабістай веры, аднаўлення сіл і яшчэ большага згуртавання ўсёй варнянскай парафіяльнай сям'і.















Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.