ВАРНЯНСКІ ШЛЯХ

29. 01. 2026

     Каляды 1988 года прыйшлі ў Варняны ціха, як прыходзяць анёлы — без шуму, але з прысутнасцю, якую адчувае сэрца. Снег ляжаў на стрэхах белымі крыламі, а ў паветры стаяў пах марозу і дыму з печаў. Людзі хадзілі па вёсках, несучы ў сабе тое, што яшчэ нельга было казаць уголас: надзею на вяртанне святыні.

     1988 год. У хатах, дзе калісьці гучалі калядкі, збіраліся вернікі. На стале — спісы, чыстыя аркушы, на якіх павінны былі з’явіцца подпісы. Кожны подпіс — як свечка, запаленая ў цемры. Станіслаў Замойць, адзін з тых, хто збіраў подпісы за вяртанне святыні, нібы зерне ў жніўную пару. Ён ведаў: гэта пачатак дарогі.

     25 мая 1989 года прыйшоў адказ — ліст №64 ад Упаўнаважанага Савета па справах рэлігіі па Гродзенскай вобласці. У ім было сказана:«25.04.1989 года выканкам Астравецкага раённага Савета народных дэпутатаў адмовіў у рэгістрацыі рэлігійнага каталіцкага таварыства і перадачы будынка касцёла ў в. Варняны, пераабсталяванага пад сельскі дом культуры».Подпіс: Г.А. Урбановіч.

Станіслаў Замойць доўга трымаў гэты ліст у руках. Ён адчуваў, як цяжэе папера, быццам у ёй ляжыць камень. Але ўнутры не было злосці — толькі малітва: «Fiat voluntas Tua…» 

Мы ведаем, што людзі збіралі новыя подпісы, збіраліся разам і нават ездзілі  ў Маскву.

1 лістапада 1989 года прыйшоў новы ліст — №3493, з Масквы. У ім паведамлялася: «Пытанне аб рэгістрацыі рэлігійнага таварыства ў п. Ворняны будзе ў бліжэйшы час разгледжана мясцовымі органамі ўлады…» Падпіс: С.С. Кузняцоў.

Гэта быў знак: лёд пачаў рухацца.

31 студзеня 1990 года прыйшла вестка, якая змяніла ўсё. Выканкам Астравецкага раённага Савета народных дэпутатаў прыняў рашэнне:«Праўленню калгаса імя Чапаева у лютым 1990 года вырашыць пытанне аб перадачы каталіцкаму таварыству будынка Ворнянскага Дома культуры…» Падпісалі: М.Б. Кудырка, Н.А. Валюк.

25 лютага адбыўся сход агульнага сходу калгаса. Людзі ўжо ведалі: шлях адкрыты. Успаміны Ганны Зімніцкай дадаюць да гэтай гісторыі тое, што не запісана ў афіцыйных паперах, але жыве ў памяці людзей: «Раней там склад калгаса хімудабрэнняў быў, пазней — мясцовы клуб. І памятаю, як сёння: прыехала кіраўніцтва вобласці і раёна, сабралі ўсіх калгаснікаў у клубе — у сённяшнім касцёле — на сход. Паставілі пытанне: хто за тое, каб вярнуць касцёл вернікам?»

Ганна ўсміхаецца, калі ўспамінае далей:

«А людзі ж рыхтаваліся! Каб больш галасоў было “за”, вырашылі галасаваць двума рукамі. А каб не заўважылі падвоху, рукавы мянялі: адзін рукаў курткі здымалі, на другую руку пальчатку апраналі. І ўсе рукі — паднятыя! Такое згуртаванне было… Людзі радаваліся, плакалі ад шчасця, што святыня вернута».

Гэта быў момант, калі народ стаў адзіным целам. І Бог быў сярод іх.

19 красавіка 1990 года была выдадзена даведка аб рэгістрацыі выканаўчага органа і рэвізійнай камісіі. Імёны гучалі, як малітва:

Антон Міхайлавіч Дземідовіч, Ядвіга Іванаўна Валэйка, Леанарда Іосіфаўна Сцяфановіч, Гелена Матвееўна Александровіч, Мечыслаў Ізыдоровіч Праўлуцкі, Вацлаў Іванавіч Дрэма.

Гэта былі людзі, якія неслі святло.

15 мая 1990 года быў падпісаны акт перадачы будынка. Падпісалі яго: Антон Дземідовіч, Станіслаў Замойць, Ірына Александровіч, Мечыслаў Праўлуцкі, Ягор Александровіч, Ядвіга Валэйка.

Калі яны ўвайшлі ў будынак, дзе яшчэ стаялі сцэна і крэслы, Антон сказаў:

— Тут зноў будзе алтар.

І людзі плакалі. Не ад смутку — ад таго, што Бог вярнуў ім дом.

У першае свята, калі ў адноўленым касцёле загучала малітва, сонца прабілася праз акно і ўпала на твары людзей. І здавалася, што гэта не проста святло — гэта адказ на ўсе іх подпісы, лісты, адказы, адмову, чаканне.

«Et lux in tenebris lucet…» І святло ў цемры свеціць…

Так Варняны вярнулі свой касцёл. Так людзі вярнулі сабе веру. Так Бог вярнуў ім надзею.

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.