Сёння вясновае сонца асабліва ззяла над Варнянамі мяккім святлом і цеплынёй Божай ласкі, бо ў гэты дзень катэхеты і візітатары Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага дэканатаў сабраліся ў Доме малітвы пры касцёле св.Юрыя ў Варнянах на Дзень засяроджання. У спакоі і цішыні, азораныя святлом, яны аддавалі свае думкі і сэрцы Творцу падчас мерапрыемстваў, насычаных духоўнымі і інтэлектуальнымі разважаннямі.
Канферэнцыя, якую правёў кс. Павел Раманоўскі, дзекан Ашмянскага дэканата, была прысвечана тэме катэхізацыі. Увага была скіравана на асноўныя велікодныя сімвалы і іх сутнасць, на тое, што мы часам губляем іх сэнс, падмяняючы глыбокую праўду на знешнюю прывабнасць. Маляванне святых вобразаў, стварэнне віншавальных паштовак, фільмы пра Хрыста—ці нясуць яны чыстую крыніцу Евангельскай ісціны? Ці не размываецца яе першапачатковы змест, саступаючы месца эстэтычнай аздобе? Параўнанне з кропляй чарніла ў шклянцы вады рэзка паказала небяспеку падмены—невялікае адхіленне можа цалкам змяніць духоўны змест.
У другой частцы сустрэчы кожны мог сузіраць Божую любоў падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, у глыбокай цішыні адчуць прысутнасць Усемагутнага і адкрыць сваё сэрца праз сакрамэнт споведзі. Толькі ў спакоі душа здольная чуць сапраўдны голас Бога, той голас, які вядзе па шляху святла і праўды.
Кульмінацыяй дня стала Святая Імша, якую цэлебраваў кс. кан. Юзаф Багдзевіч, біскупскі вікарый Смаргонскага рэгіёна, дзекан Астравецкага дэканату. Гамілія, прамоўленая кс. Антоніем Казлоўскім, дзеканам Смаргонскага дзеканата, прымусіла задумацца кожнага пра сэнс чалавечага жыцця, пра служэнне святароў, катэхетаў і візітатараў, бо праз іх Божае слова гучыць у сэрцах дзяцей, у супольнасцях, узрастаючы ў веры. Менавіта так Езус Хрыстус навучаў сваіх апосталаў—не праз кнігі, а праз жывую сустрэчу, практычнае сведчанне. У канцы Святой Імшы кс. кан. Юзаф Багдзевіч выказаў шчырую падзяку пробашчу кс. Віктару Захарэўскаму за руплівую арганізацыю дня засяроджання, які стаў часам глыбокай малітвы, духоўнага аднаўлення і братэрскай супольнасці ў Хрысце.
Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі сабраліся за агульным сталом, дзелячыся досведам, радасцю і духоўным узбагачэннем. Гэта быў не проста пасілак—гэта было братэрскае з’яднанне душ, момант, калі служэнне перарастае ў штодзённае сведчанне веры.
Светлае натхненне і духоўная ўзмоцненасць, з якімі катэхеты і візітатары вярталіся дадому, сталі адбіткам Божага святла, што праз іх працу будзе ззяць у сэрцах тых, каго яны вучаць, ведучы да жывой і сапраўднай праўды, да той ісціны, што не паддаецца падмене і аздобам свету.
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.