Ламанне Аплаткі: тэатральныя спадзяванні і Святло Веры ў Жывым Касцёле

07. 01. 2025

     Вечарам, перад святам Аб'яўлення Пана, у старажытных сценах Парафіяльнага дома ў Варнянах, прасякнутых цёплым водарам хвоі, гучалі радасныя галасы і шчыры смех. Пробашч парафіі Віктар Захарэўскі з вялікай цеплынёй і любоўю запрасіў усіх удзельнікаў парафіяльнага тэатра на святочную сустрэчу ламання аплаткай. Гэта была не проста сустрэча, а сапраўдны акт духоўнай еднасці і братэрства, калі сэрцы напаўняюцца Святам Божага Нараджэння і духам любові і супакою.

З нараджэннем парафіяльнага тэатра ў 2023 годзе, калі невялікая група вернікаў па ініцыятыве пробашча Віктара Захарэўскага вырашыла паставіць спектакль пра Божае Нараджэнне, усё змянілася. Дэбют удаўся на славу. Людзі рознага ўзросту, адукацыі і інтарэсаў змаглі перадаць усім прысутным важны і таямнічы момант – Нараджэнне Збавіцеля. Усе ўдзельнікі з асаблівай цеплынёй успамінаюць тыя месяцы, калі яны збіраліся разам у касцёле, шчыра прадумвалі сцэны, дэкарацыі і касцюмы, натхнёныя святлом веры і любові. Кожны меў свае штодзённыя хатнія абавязкі, але час вячэрніх рэпетыцый у касцёле ўсе чакалі з асаблівым хваляваннем. І колькі было радасці, калі група выехала на "гастролі" ў суседнія парафіі! Хоць акцёрскі вопыт мелі толькі нямногія, усе стараліся і –  і агульная справа ўдалася.

У 2024 годзе вырашылі паставіць яшчэ адзін спектакль, і тут была нагода – 255-годдзе касцёла. Група пашырылася, бо былі патрэбны новыя героі, і жадаючых далучыцца стала шмат. Кожны хацеў стаць часткай парафіяльнага тэатра. Дзейнасць і стараннасць кожнага  ўдзельніка ішла ад душы і сэрца, перадаючы глыбокія пачуцці і моманты, якія мы сустракаем у паўсядзённым жыцці. Гэта была яшчэ адна перамога! З Божай дапамогай мы рэалізавалі вельмі важную задачу: аднавілі гісторыю сваёй любай святыні і пастараліся захаваць яе для наступных пакаленняў.

І вось на пачатку 2025 года ўдзельнікі парафіяльнага тэатра сабраліся разам, каб абмеркаваць новую ідэю, новы спектакль, прэм'ера якога адбудзецца летам. Пробашч ужо ўнёс сваю ідэю, і цяпер пачнецца праца над сцэнарыем, падборам герояў, пашывам касцюмаў і, канечне ж, любімыя вечаровыя рэпетыцыі ў сценах роднага касцёла. Атмасфера сустрэчы была прасякнута духам творчасці і натхнення, а ўсмешкі на тварах удзельнікаў сведчылі пра адзінства і гармонію, якая панавала ў парафіяльнай супольнасці.

Шчырая малітва, урачысты момант дзялення аплаткам, шчырыя пажаданні, музыка, гульні, конкурсы і танцы,  гучанне смеху і радасці зрабілі гэты вечар па-сапраўднаму чароўным. Час праляцеў незаўважна, і разыходзіцца не хацелася, але кожны вяртаўся дадому з адчуваннем задавальнення і чакання, як жа складзецца новы спектакль... Святочная атмасфера і цеплыня Парафіяльнага дома напоўнілі сэрцы ўсіх цеплынёй і радасцю, ствараючы адчуванне еднасці і духоўнага ўзвышэння.  Няхай гэтыя ўспаміны застануцца ў нашых сэрцах, нагадваючы пра важнасць сямейных сустрэч і падтрымкі адзін аднаго. Наперадзе шмат цікавага, і кожны з нас з нецярпеннем чакае новых духоўных адкрыццяў і шчырых момантаў радасці ў парафіі Святога Юрыя ў Варнянах.

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.