Гэта быў год адметных падзей і памятных момантаў

29. 12. 2024

Дарагія вернікі!

На мяжы каляндарнага года, мы звяртаем нашы сэрцы да Пана Бога з падзякай і перапрашэннем за мінулы год. Гэта быў год адметных падзей і памятных момантаў, сярод якіх з асаблівай цеплынёй прыгадваюцца святкаванне 255-годдзя нашага касцёла, а таксама Рэнавацыі Святых Місій.

Завершаны рамонт знешніх сцен святыні, рэканструкцыя званоў  сталі яшчэ адной вехай у гісторыі нашай парафіі. Мы глыбока ўдзячны ўсім, хто аказаў дапамогу ў зборы сродкаў на рамонт і ў навядзенні парадку. Ваша падтрымка і шчырая праца сталі залогам гэтых поспехаў, і мы з нецярпеннем чакаем новых магчымасцяў працягваць гэту справу.

Мы звяртаем нашы сэрцы да Бога з малітвай прабачэння і падзякі. Гэта час для развагаў і шчырых зваротаў да Бога, каб папрасіць благаславення на год новы, поўны надзей і светлых момантаў. Тыдзень таму мы з вялікай радасцю святкавалі Божае нараджэнне, прымаючы Яго дзіўны дар і шчасце, якое запоўніла нашы сэрцы.   Гэтыя святочныя дні, поўныя малітваў і радасці, нагадалі нам пра важнасць веры і духоўнай падтрымкі, пра напаўненне сэрцаў любоўю і светам. Хай кожны наш крок у новым годзе будзе прасякнуты надзеяй, дабрынёй,  а таксама святлом, якое прынёс нам Езус. Святыя моманты Божага Нараджэння нагадалі нам пра тое, як важна быць у гармоніі з Богам і самімі сабой, спадзявацца на лепшае і з надзеяй глядзець у будучыню. Гэта час, калі мы звяртаемся да неба, каб пачуць яго водгук у нашых сэрцах, і знаходзім там мір і супакой.

Асобныя словы ўдзячнасці хочам выказаць нашаму шаноўнаму пробашчу  ксяндзу Віктару Захарэўскаму. Яго клопат і адданасць служэнню ззяюць, як яркі прыклад любові да Бога і бліжняга. Як пастыр, ён нястомна падтрымлівае нашу супольнасць, указваючы шлях да духоўнага ўзвышэння і спакою. Дзякуй Вам, пробашч Віктар, за Ваша шчырае натхненне, мудрыя настаўленні, за шматлікія намаганні, каб наш касцёл і парафія сталі месцам любові, еднасці і шчырай малітвы.

Мы ўдзячны Вам за нястомную ініцыятыву ва ўсіх справах, звязаных з нашым касцёлам і парафіяй, за ўвагу да кожнага верніка і асабісты ўдзел у жыцці супольнасці. Ваша непахісная вера і шчырае жаданне дапамагчы кожнаму з нас ствараюць атмасферу любові і дабрыні, якая пранікае ў нашы сэрцы і падтрымівае нас на шляху да Божага святла. Няхай Бог благаславіць за Вашу адданасць і служэнне, якое натхняе нас на новыя добрыя справы і малітвы.

Немагчыма не адзначыць словамі падзякі  нашу арганістку Калпак Ілону, паважаных пеўчых, чый  спеў упрыгожвае ўсе нашыя Святыя Імшы. Шчыра дзякуем катэхеткам Жанне і Марыне, якія з вялікай любоўю і адданасцю вучаць нашых дзетак катэхетызацыі; Наталлі Калпак, якая на працягу ўсяго года ўпрыгожвае касцёл чароўнымі кампазіцыямі, што з'яўляюцца сапраўдным творам мастацтва; жанчынам-ключніцам, якія з клопатам і вялікай адданасцю добрасумленна выконваюць свой абавязак, а таксама ўсім вернікам, хто наводзіць парадак у святыні і вакол яе, тым самым уносіць свой уклад у аздабленне нашага касцёла, каб ён быў сапраўдным люстэркам Божай велічы і чысціні.  Безумоўна, не магчыма не згадаць наш парафіяльны тэатр, які сваёй творчасцю і энтузіязмам зрабіў святкаванне 255-годдзя касцёла яшчэ больш урачыстым і памятным. Дзякуем усім нашым ахвярадаўцам. Як промні святла, што пранікаюць у нашы сэрцы, так і вашыя ахвяраванні і намаганні зрабілі наш храм месцам, дзе кожны можа адчуць супакой і прысутнасць Божую. Няхай Езус благаславіць вас за вашую шчырую падтрымку і веру, якая робіць наш духоўны дом яшчэ ярчэйшым і святлейшым. Унёсак кожнага - гэта знак Божай ласкі, якая звязвае нас у адзінае брацтва, поўнае любові і міласэрнасці. Няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены благаславеннямі, як наша святыня напоўнена вашай дабрынёй і цярплівасцю.

Няхай гэты новы год прынясе ў вашы дамы міласць Божую, збаўленне і бязмежную радасць. Няхай святло Віфлеемскай зоркі асвячае ваш шлях, напаўняючы душы цяплом і спакоем. У хвіліны радасці і смутку няхай Божае благаславенне будзе з вамі, надаючы сілу і мужнасць.

Жадаем вам моцнага здароўя, згоды ў сем’ях і бязмернага шчасця. Няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены Божай міласцю, а ночы – спакоем і цішынёй. Верце ў цуды, як верылі пастушкі, якія ішлі за зоркай, і няхай кожны ваш крок будзе накіраваны да дабра і любові.

З новым годам! Няхай гэты год будзе годам міру, спагады і новага пачатку для ўсіх нас.

З Божай любоўю, парафіяльны камітэт парафіі касцёла Святога Юрыя ў Варнянах

 

 

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.