Слова біскупа Уладзіміра Гуляя да супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі

18. 10. 2024

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй кіруе Слова да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, у якім запрашае да супольнай малітвы і ўдзелу ў яго ўрачыстым уваходзе — інгрэсе — у катэдру ў Гродне ў якасці новага дыяцэзіяльнага біскупа.

Умілаваныя вернікі Касцёла на Гродзеншчыне!

Сардэчна вітаю вас у Пану нашым Езусе Хрысце. Прамаўляючы гэтыя словы, усім сэрцам хачу абняць усіх, хто належыць да супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі і яе ўтварае: святароў, асобаў кансэкраванага жыцця, свецкіх вернікаў, а сярод іх дзяцей, моладзь і дарослых. Сардэчнай думкай і малітвай ахопліваю ўсіх хворых, пакутуючых, самотных, расчараваных і духоўна згубленых.

З волі Хрыста і Яго намесніка на зямлі, Папы Францішка, 30 верасня 2024 года, у літургічны ўспамін святога Гераніма, маёй пастырскай апецы як біскупа быў даручаны Божы народ Гродзенскай дыяцэзіі.

Я ўспрымаю гэта як заклік, каб — згодна з тым, што чытаю ў Дэкрэце аб пастырскіх задачах біскупаў у Касцёле Christus Dominus — быць для вас «праўдзівым і сапраўдным настаўнікам веры, святаром і пастырам», «пастырам душ» (ChD 2). Кожны раз, калі, устаючы на малітву, заклікаю Найсвяцейшае Імя Езуса, горача прашу нашага Пана аб ласцы, каб рабіцца для вас менавіта такім пастырам.

Сёння звяртаюся да вас усіх, дарагія браты і сёстры, просячы аб малітве ў інтэнцыі майго біскупскага служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Адначасова сардэчна запрашаю да ўдзелу ў інгрэсе, які адбудзецца ў суботу 26 кастрычніка 2024 года ў 12.00 у гродзенскай катэдры.

Няхай удзел у гэтай выключнай для мяне асабіста, але — як веру — асаблівай таксама для ўсяго Касцёла на Гродзеншчыне падзеі ўмацуе наша адзінства ў Хрысце, праз заступніцтва Найсвяцейшай Марыі Панны Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, і святых апекуноў нашай дыяцэзіяльнай супольнасці: святога каралевіча Казіміра і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.

Усведамляю, што многія не змогуць узяць удзел у гэтай урачыстасці асабіста, таму цешуся, што кожны, хто толькі захоча, незалежна ад месцазнаходжання, зможа ўключыцца ў супольную малітву дзякуючы трансляцыі інгрэсу па канале катэдральнай парафіі на YouTube.

Даручаючы маё пастырскае служэнне вашым малітвам, з усяго сэрца вас благаслаўляю.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 15 кастрычніка 2024 г.

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.