Варнянцы ў гасцях у Маці Божай Каралевы Нашых Сем'яў у Тракелях

15. 07. 2024

На працягу двух дзён – 12 і 13 ліпеня – група нашых вернікаў на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Віктарам Захарэўскім гасцявала ў Санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

          Маці Божая Тракельская — каталіцкі цудатворны абраз. Знаходзіцца ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Тракелі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Дэвіз сёлетніх тракельскіх святаў: «Марыя – наша Каралева». У гэтым годзе адзначаецца 15-годдзе з часу каранавання цудадзейнага абраза (5 ліпеня 2009 года кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз папскія кароны).

          Як і іншыя пілігрымы, варнянцы прыбылі ў гэта дзіўнае месца, каб пакланіцца цудатворнаму абразу, папрасіць заступніцтва Багародзіцы для сваіх родных, падзякаваць за атрыманыя ласкі, схіліўшы галовы ў малітвах, апусціўшыся на каленях, прайсці вакол алтара і дакрануцца рукой да святога абраза.

          Акрамя гэтага, Варнянская парафія падчас адпустовых урачыстасцей мела ганаровую місію: дзеці і моладзь парафіі разам з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім, катэхеткай Марынай Бразевіч і іншымі вернікамі правялі Ружанец (Радасную частку), за што мы няспынна дзякуем арганізатарам, у прыватнасці пробашчу касцёла Звеставання Маці Божай Тракельскай  ксяндзу-каноніку, кусташу Юрыю Бяганскаму. Юныя вернікі прасілі заступніцтва ў Божай Маці для сваёй Варнянскай парафіі св. Юрыя ў юбілейны для роднай святыні год (255 год з дня пабудовы касцёла св.Юрыя ў Варнянах).

          Праграма ўрачыстасцей была разнастайнай і цікавай, незвычайная атмасфера аб’яднала тысячы вернікаў з розных куточкаў Беларусі ў адну вялікую і дружную сям’ю. Верым і спадзяемся, што праз год мы зноў завітаем да Маці Божай ў Тракелі.

          Дзева Марыя, руплівая і любая наша Маці, Каралева нашых сем’яў, маліся за нас!..

 

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.