Уражаннямі ад святых місій падзяліліся вернікі варнянскай парафіі

13. 10. 2023



Бадай што самай знакавай і важнай падзеяй нават не аднаго тыдня ці месяца, а некалькіх дзесяцігоддзяў для варнянскай парафіі сталі святыя місіі, якія прайшлі напачатку кастрычніка.

Для вернікаў касцёла Святога Юрыя ў Варнянах і капліцы Святой Філамэны ў Вароне гэта быў час еднасці, перыяд духоўнага ачышчэння і ўнутранага ўздыму.

Верыцца, што запаленыя айцамі-рэдэмптарыстамі агеньчыкі веры, надзеі і любові ў сэрцах шматлікіх прыхаджан будуць і надалей асвятляць іх шлях…

Думаю, што не толькі для мяне святыя місіі ў пэўнай ступені сталі духоўным адкрыццём, і я не прыгадаю, калі апошні раз яны адбываліся ў нашым касцёле. Праз удзел у рэкалекцыях, крыжовым шляху ці раратніх набажэнствах мы рыхтуемся да вялікіх урачыстасцей – Вялікадня ці Божага Ннараджэння. Але ў тлуме штодзённых клопатаў, праблем, перажыванняў часта забываем простую ісціну: Бог ёсць любоў і Ён, як сапраўдны тата, заўсёды нас чакае – здаровых і хворых, шчаслівых і засмучаных, паспяховых і няўдачлівых – любых. І прымае нас такімі, якія мы ёсць.

Менавіта для гэтага, а таксама, каб чалавек знайшоў страчаную да Бога дарогу ці, наадварот, яго вера ўзмацнілася, раз на 10 гадоў у парафіях праходзяць святыя місіі –своеасаблівыя духоўныя практыкаванні.

За месяц да іх пачатку кожная каталіцкая сям’я варнянскай парафіі атрымала ліст ад пробашча. У ім ксёндз Віктар заўважаў, што кожны сам вырашае – адкрыць душу святлу Божаму ці прасядзець гэтыя дні дома. Кажуць: той, хто хоча, – знойдзе хоць адну магчымасць, а хто не хоча – тысячу адгаворак…

Зварот пастыра не застаўся незаўважаным: касцёл поўніўся людзьмі на працягу ўсяго тыдня. Кожны дзень місіі быў розны і меў сваю тэматыку, якая чырвонай ніткай праходзіла праз разважанні святароў, літургічныя казанні і іншыя набажэнствы.

“Бог ёсць любоў” – такой стала тэма першага дня. Месіянераў – айца Анджэя Ядкоўскага з Гродна і Валерыя Мазюка з Мінска – гасцінна прывіталі варнянцы, а пробашч, ксёндз Віктар, перадаў ім ключы ад касцёла і стулу, як сімвалы святарскага прыбывання.

Назаўтра лейтматывам місійнага набажэнства стаў выраз “Наша збавенне ў Езусе Хрысце”. Самай кранальнай падзеяй, якая пакінула глыбокі след у душы кожнага, стала працэсія па вечаровых вуліцах Варнян, калі вернікі па чарзе неслі крыж і шчыра маліліся.

Трэці дзень набажэнства, які прысвяцілі веры і навяртанню, стаў самым драматычным. З дапамогай місіянераў вернікі вучыліся прабачаць і пазбаўляліся крыўд, затоеных і свежых, моцных і паслабленых… З кожным прамоўленым “Прабачаю” ва ўяўным заплечніку, які муляў існасці, замінаў дыхаць, урэшце – жыць, каменьчыкаў-крыўд станавілася ўсё менш… Даруючы родным, калегам, суседзям, стрэчным па жыцці, людзі пазбаўляліся ад цяжкай і непатрэбнай ношы, ачышчаліся і духоўна адраджаліся. У ксяндза Віктара ў гэты дзень была свая місія – папрасіць прабачэння ў парафіян. І ад шчырых слоў, якія ліліся з самых нетраў душы святара, у многіх прысутных у храме цяклі слёзы.

Днём замацавання атрыманага моцнага духоўнага досведу праз споведзь стала серада. Па вяликим рахунку да яе прыхаджане рыхтаваліся на працягу папярэдніх трох дзён, спасцігаючы складаную сутнасць даравання і ўсведамляючы грэшнасць чалавека, у тым ліку сваю. Шчырае, прамоўленае напаўшэптам ля спавядніцы, а галоўнае ад душы – “Прашу прабачыць мае грахі” напрасткі ляцела ў неба, мінаючы высачэзную столь храма, да Бога – а за спінай вырасталі крылы…

Духоўную палёгку атрымалі і тыя, хто не можа прыступаць да таямніцы споведзі. Кожнага айцы ўважліва выслухалі і знайшлі патрэбнае менавіта для гэтага чалавека слоўца ці параду.

У пяты дзень разважалі на тэму “Езус – мой пан”. Кожны падыходзіў да крыжа і праз дакрананне да яго вызнаваў сваю веру і любоў да Бога.

Цеплыня ад усмешак і ледзьве ўлоўная ўтульнасць, як у бацькоўскай хаце, у пятніцу панавалі ў касцёле. Гэты дзень прысвяцілі сям’і. Звыш 30 пар аднавілі абяцанні, дадзеныя пры ўступленні ў шлюб, а заадно і свае пачуцці. Вельмі сімвалічна і дарэчы ў гэты дзень прагучалі словы святога апостала Паўла, які пакінуў нам у спадчыну найпрыгажэйшае і найглыбокшае тлумачэнне любові, якая “доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, <…> не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці”…

У суботу на фэсце ў гонар Маці Божай парафіяне і шматлікія госці маліліся да нябеснай заступніцы. Марыю прасілі ўзяць пад апеку касцёл, парафію і кожнага чалавека.

Нядзеля стала ўрачыстым заканчэннем святых місій. Ні шалёны вецер, ні цемра, якія знянацку накрылі Варняны, ні адсутнасць электрычнасці – нішто не магло ў гэты дзень супрацьстаяць радасці і еднасці парафіян.

Пасля імшы ля касцёла ўстанавілі магутны дубовы крыж як напамін людзям аб іх удзеле ў святых місіях, аб веры, якая за гэтыя дні ўзмацнілася, аб спрадвечных жыццёвых ісцінах…

…Думаю, кожны, хто перажыў гэтыя святыя дні і ўзмацніў сваю веру праз Божае слова, споведзь, разважанні, ідучы ля касцёла і гледзячы на вялікі крыж з цеплынёй і настальгіяй будзе успамінаць святыя місіі. І не дасць патухнуць запаленаму ў сэрцы агеньчыку адноўленай веры, адроджанай надзеі і ўзмоцненай любові.

Таццяна Калтан, Варняны:

– На працягу тыдня ў маёй душы, ўпэўнена, што і ў астатніх, панавала светлае адчуванне свята, было радаснае ўсведамленне важнасці падзеі, якая адбываецца ў жыцці. Пасля заканчэння працоўнага дня хацелася хутчэй пайсці на набажэнства. Я перастала спяшацца, час нібы прыпыніўся: у касцёле так хораша, так змястоўна і спакойна! У шчырых малітвах і прамовах айцоў Анджэя і Валерыя кожнае праўдзівае слоўца знаходзіла водгук у душы кожнага прысутнага.

Святыя місіі дазволілі больш глыбока і засяроджана аднесціся да Божага слова, нагадалі, што Бог блізка, што любоў яго бязмежная і ўседаравальная.

Шмат шчаслівых хвілін перажыта! Асаблівую радасць адчула, калі віншавала сваіх бацькоў падчас аднаўлення сужэнскіх абяцанняў. Пачуцці перапаўнялі, калі была прадстаўлена магчымасць несці крыж з малітвай па вуліцах роднай вёскі. Адчуванне еднасці нараджалася ў трапяткім святле запаленых свечак па вечарах, прысвечаных Марыйнаму закліку.

Варнянскі храм быў поўны людзей у гэты святы час. Намаганнямі і клопатамі нашага святара Віктара Захарэўскага прыгажэе касцёл і тэрыторыя ля яго. Неацэнным і бязмерным скарбам з’яўляецца духоўнае ўзрастанне парафіян. Дзякуем Богу за ксяндза Віктара і за тыя значныя змены ў абліччы нашай парафіі, якія мы, шчаслівыя, назіраем сёння.

Андрэй Бумбуль, вёска Варона:

– У нас звычайная сям’я. З Раісай стараемся прытрымлівацца традыцый і звычаяў бацькоў і дзядоў. Жонка была ўсе 8 дзён у храме, у мяне гэта не заўсёды атрымлівалася. Самым запамінальным момантам стала аднаўлення сужэнскіх шлюбаў. Гэтую знакавую падзею з намі раздзялілі сыны Аляксандр і Аляксей, якія паслугуюць у варонскай капліцы.

Ідэя зрабіць місійныя крыжы з цэльнага дубовага дрэва належыць ксяндзу Віктару. Мы толькі крыху дапамаглі ёй увасобіцца: падрыхтавалі дрэва для крыжа – “прамарылі” ў вадзе, высушылі, апрацавалі.

Мне здаецца, дапамагаць парафіі, не абавязкова матэрыяльна, – абавязак кожнага. Касцёл – гэта не толькі храм, але і мы – кожны з нас.

Аксана Керна, вёска Газа:

– Не прапусціла ніводнага дня святых місій, хоць хапала клопатаў і на рабоце, і ў жыцці. Усё адыходзіла на другі план. Стомленасць бы рукой здымала, дадому вярталася акрыленая. Кожны дзень быў для мяне адкрыццём. Здавалася б, слухала і слухала казанні – тым больш яны былі на розныя тэмы: даравання, навяртання, веры, любові да Бога, бліжняга і сябе. Развагі святары падмацоўвалі рэальнымі прыкладамі з жыцця.

Напрыканцы кожнага дня месіянеры казалі, што ўвечары нам ёсць пра што падумаць… Гэта сапраўды так.

Многія ведаюць вядомае выслоўе: хочаш змяніць свет – пачні з сябе. Увасобіць гэта ў жыцці, упэўнена, многім дапамаглі гэтыя духоўныя практыкі. Больш таго, без насаджэння, прымусу, прыгнёту… Верыцца, што кожны з нас адчуў у сабе гэтыя змены.

 








 

 

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.