Святыя Місіі. Дзень першы.

01. 10. 2023
1 кастрычніка  ў парафіі Святога Юрыя ў Варнянах распачаўся надзвычайны час — час Святых Місій. З мэтай іх правядзення да нас прыбылі айцы-рэдэмптарысты Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк. Распачаліся Місіі на святой Імшы а 9-ай гадзіне, калі адбылася сімвалічная перадача ўлады ў парафіі айцам-рэдэмптарыстам.
           На пачатку пробашч парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі сустрэў місіянераў пры ўваходзе ў касцёл, а затым ля алтара  звярнуўся з прывітальным словам да місіянераў і на час святых Місій перадаў ім стулу — сімвал святарскай улады, а таксама ключы ад святыні. 
Цёплымі словамі айцоў-місіянераў прывіталі дзеці.
Першы дзень Святых Місій быў прысвечаны тэме “Бог ёсць любоў”. Два пытанні, зададзеныя падчас Эўхарыстыі, прымусілі задумацца кожнага: “Ці верым мы ў Бога?” і “Якім ёсць Бог, у якога верым?” Айцы-місіянеры стараліся данесці кожнаму верніку, што любоў Бога бязмежная, што Бог любіць кожнага з нас, як любіць сваё дзіця тата і мама, што Бог абдымае нас, імкнецца засцерагчы ад памылак і аберагчы ад бяды. 
У гэты ж дзень адбылася сустрэча з бацькамі парафіі, падчас якой айцец Анджэй спыніўся на асноўных сямейных каштоўнасцях і заклікаў родных людзей маліцца адзін за аднаго, паважаць і цаніць мужа, жонку, бацькоў, дзяцей. Скіраваў увагу, наколькі важна бацькам быць добрым прыкладам для дзяцей, бо найчасцей дзеці перанімаюць іх вопыт і паводзіны. 
Першы дзень Святых Місій закончыўся. А наперадзе чакае яшчэ 7 дзён духоўных практыкаванняў, якія, спадзяемся мы плённа будзем перажываць разам з айцамі-рэдэмптарыстамі. 
 

 

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.