17 жніўня 47 чалавек на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Віктарам Захарэўскім накіраваліся ў аўтапілігрымку з Варнян у Санктуарый Езуса Журботнага ў Рось. А на шляху група вернікаў наведала яшчэ 13 святыняў Шчучынскага, Мастоўскага і Ваўкавыскага дэканатаў.
Маршрут быў вызначаны працяглы і вельмі цікавы. У 4.00 раніцы пасля малітвы і благаслаўлення пробашча ў роднай Варнянскай святыні на шчаслівую паездку, пілігрымы рушылі ў дарогу. На шляху да Росі вернікі пабывалі ў шматлікіх святынях: касцёле Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне (Санктуарый Маці Божай Фацімскай), касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы, святыні Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны ў Мікелёўшчыне, касцёлах Святога Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах, Воўпе і Мсцібава, касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай ў Мастах, святынях імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі і Вярэйках, касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах, касцёле Святога Міхала Арханёла ў Гнезна, святынях Святога Вацлава і Святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. У кожным касцёле для пілігрымаў былі праведзены экскурсіі як самімі пробашчамі, так і сёстрамі законнымі або свецкімі асобамі. Адчувалася гасціннасць і добразычлівасць людзей, з якімі сустрэліся ў гэтым цудоўным куточку Беларусі. А кожная святыня з яе багатай гісторыяй, унутранай і знешняй прыгажосцю і велічнасцю, незвычайнай атмасферай духоўнага спакою ў сэрцах пілігрымаў пакінула незабыўны след.
Не маглі абмінуць падарожнікі і могілкі ў Ваўкавыску, дзе зусім нядаўна пахаваны святой памяці ксёндз Пралат Антоній Філіпчык, які родам з Астравеччыны, з Варнянскай парафіі (в.Чыжоўшчызна). За яго душу былі скіраваны малітвы ля магілы святара-земляка.
Асаблівым пунктам у маршруце пілігрымкі стаў касцёл Святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску, бо там сёння служыць наш былы пробашч ксёндз Павел Звяжыньскі. Атрымалася цёплая сустрэча, радасць была ўзаемная, ад моманту апошняй сустрэчы прайшло больш за тры гады. Былыя парафіяне разам з ксяндзом Віктарам павіншавалі кс.Паўла з днём нараджэння і запрасілі ў госці на Астравеччыну, у родныя Варняны.
Апошнім пунтам аўтапілігрымкі стаў Санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, дзе, дарэчы, ксёндз Віктар Захарэўскі калісьці паўтара года служыў дыяканам. Нягледзячы на тое, што ў Рось пілігрымы прыбылі ў 20.00, гэта не перашкодзіла ў поўным аб’ёме выканаць задуманае. Пасля экскурсіі і павучальнага слова пробашча кс. Каноніка Чэслава Паўлюкевіча, дэкана Ваўкавыскага, пілігрымы прынялі ўдзел у Святой Імшы, якую ўзначаліў кс.Віктар Захарэўскі. Менавіта тут, у Санктуарыі Езуса Журботнага, прысутныя падзякавалі за насычаны на падзеі дзень і атрымалі благаслаўленне на шчаслівае вяртанне дадому. Кожны пілігрым імкнуўся да Езуса Журботнага, каб памаліцца ў сваёй інтэнцыі, падзякаваць Яму за тое, што збірае ля свайго падножжа вялікую колькасць людзей, аб’яднаных духам веры, любові і надзеі.
Пасля смачнай вячэры, арганізаванай парафіянамі ў Росі, пілігрымы накіраваліся дадому, у Варняны, пры гэтым выказаўшы задуму, што абавязкова сюды яшчэ вернуцца.
Удзельнікі пілігрымкі ўдзячны Богу за магчымасць духоўна ўзрастаць праз наведванне святых месцаў; дзякуюць кожнаму і кожнай, хто сустрэўся ў гэты дзень на шляху і зрабіў яго вельмі пазнавальным і карысным, хто разам маліўся і праслаўляў Пана Бога. Асаблівыя ж словы падзякі заслугоўвае пробашч ксёндз Віктар Захарэўскі, які арганізаваў чарговую цудоўную вандроўку для сваіх парафіян. Спадзяемся, што добрая традыцыя падарожнічаць па святынях Беларусі, распачатая два гады назад, захаваецца ў нашай парафіі і далей.
фота тут
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.