11 жніўня ў капліцы Святой Філамены ў аграгарадку Варона Варнянскай парафіі Святога Юрыя (Астравецкі дэканат) адбылася парафіяльная Урачыстасць у гонар апякункі капліцы – Святой Філамены.
Гістарычны тытул капліцы Святой Філамены, якая ў свой час памылкова была запісана ў гонар парафіяльнага касцёла, Святога Юрыя, быў вернуты дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2021 годзе. І вось ужо трэці год Святая Філамена збірае ў гэты дзень у цудоўнай Варонскай каплічцы вялікую колькасць духавенства і вернікаў, сярод якіх шмат гасцей парафіі.
Эўхарыстыю цэлебраваў ксёндз канонік Юзаф Багдзевіч, пробашч парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, дэкан Астравецкага дэканату, Біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Смаргонскай акругі Гродзенскай дыяцэзіі. На пачатку Святой Імшы пробашч парафіі кс.Віктар Захарэўскі прывітаў святароў, парафіян і гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасць. Гамілію прамовіў кс. Алег-Антоні Півавар, пробашч парафіі Св.Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце (Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), які нагадаў усім прысутным пра складаны лёс трынаццацігадовай дзяўчыны-мучаніцы Філамены, пра якую доўгі час ніхто не ведаў. Сёння ж праз заступніцтва Святой Філамены тысячы людзей атрымліваюць Божыя ласкі. Капліца пад тытулам гэтай святой – адзіная ў Беларусі. І мы ганарымся, што яна знаходзіцца ў такім маляўнічым месцы – у аг.Варона. Завяршылася ўрачыстасць выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Варта адзначыць, што дзякуючы руплівай працы мясцовых жыхароў і падтрымцы пробашча парафіі ксяндза Віктара Захарэўскага, капліца Святой Філамены і тэрыторыя каля яе прыгажэе з года ў год. І гэта не можа не радаваць, бо прыгажосць прысутнічае не толькі звонку, але і ў душах і сэрцах людзей, слава пра цуды, моц апякункі капліцы расходзіцца ўсё больш і больш.
А што думаюць пра ўрачыстасць мясцовыя жыхары?
Для мяне фэст Святой Філамены многа значыць не толькі як для жыхаркі аг.Варона, але і вельмі асаблівы. А асаблівы ён таму, што маю бабулю звалі Філамена. Я памятаю, як мяне маленькую яна вучыла маліцца. Хоць яна і рана памерла, калі мне было каля 6 гадоў, я заўсёды яе памятаю ў малітве і вельмі ўдзячна ёй за навуку
Людміла Сянюць
11 жніўня – асаблівы дзень для нашай святыні, для ўсёй нашай вёсачкі. Мы, вернікі, годна рыхтуемся да гэтай урачыстасці загадзя, прыходзім да каплічкі і з радасцю працуем, як у родным доме: выкошваем траву, выкарчоўваем кусты, пазбаўляемся ад пустазелля. Падчас фэсту з даверам у сэрцы і малітвай на вуснах углядаемся ў абраз Святой Філамены, просячы дапамогі ў розных справах. Асабліва хочацца падзякаваць нашаму пробашчу:
Наша капліца штодзень прыгажэе,
Слава пра пробашча з кожным днём усё мацнее.
Прыгожа, цудоўна стала ў нас.
Дзякуем шчыра, ксёндз Віктар, для Вас!
Галіна Статкевіч
У нашай капліцы з’явіўся цудоўны абраз Святой Філамены. Кожны год 11 жніўня ў нашай каплічцы адбываецца фэст. Гэты дзень для мяне асаблівы: свеціць сонейка, усе спяшаюцца да святыні, нясуць з сабой падзякі, прыгожыя кветкі. Становіцца радасна, калі бачыш, што Святая Філамена збірае такую вялікую сям’ю разам. Напярэдадні я стараюся не толькі ўпрыгожыць каплічку разам з аднавяскоўцамі, але прыгатавацца да малітвы з чыстай душой, з сэрцам, поўным ласкі да Пана Бога праз прыгожы вобраз Святой Філамены. Я вельмі хвалююся, калі бачу, як маладыя людзі моляцца перад абразом, просячы аб нараджэнні дзіцяці. Але веру, што Святая Філамена слухае ўсе нашы просьбы, малітвы. Табе, Святая Філамена, давяраем наш лёс!
Данута Бараноўская
Я вельмі цешуся, што на сённяшняй урачыстасці, як і ў мінулыя гады, сабралася шмат святароў, вернікаў. Сярод прысутных шмат дзяцей, моладзі. І гэта цудоўна, бо на абразе Святой Філамены мы таксама бачым вельмі юную дзяўчынку, якая з’яўялецца прыкладам адданасці, сапраўднай веры для кожнага, як і маленькага, так і дарослага чалавека. Сёння падчас Эўхарыстыі мы маліліся ў інтэнцыі кулкі Святога Ружанца ў гонар Святой Філамены, заляторкай якой я з’яўляюся. Таму для мяне сённяшні дзень удвая хвалюючы, важны і асаблівы.
Кацярына Драневіч
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.