Ян Сялевіч, які з 1930 па 1942 год служыў пробашчам на Астравеччыне, у Варнянах, вельмі жывапісным і прыгожым месцы. Даследуючы старонкі гісторыі роднага мястэчка ў гады Вялікай Айчыннай вайны, удалося ўстанавіць, што касцёл святога Юрыя ў Варнянах у гады вайны функцыянаваў, пра што сведчаць запісы ў касцельных кнігах. І напэўна дзякуючы шчырай малітве, моцнай веры як з боку простага люду, так і з боку святароў, якія з’яўляліся прыкладам мужнасці, духоўнасці, самааадданага служэння Богу і людзям, наша святыня не была разбурана ў гады ваеннага ліхалецця, а прадаўжае быць Божым домам і сёння.
Разам з тым, ваенныя гады былі нялёгкімі. Падчас палітыкі жорсткага знішчэння яўрэйскага насельніцтва (а яўрэяў у Варнянах у той час было шмат), знаходзіліся людзі, якія імкнуліся ім дапамагчы. Святар ксёндз Дзекан Ян Сялевіч – яркі таму прыклад.
Нарадзіўся ён у 1882 годзе ў вёсцы Юстынава каля мястэчка Свір (цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць) у шляхецкай каталіцкай сям’і, дзе было яшчэ шасцёра дзяцей. Апошнія 12 год жыцця прысвяціў сваё служэнне касцёлу ў Варнянах.
Пра ксяндза Яна Сялевіча ў мястэчку захаваліся толькі добрыя ўспаміны. На шчасце, удалося адшукаць згадкі тых, хто добра памятаў ксяндза Яна Сялевіча. Ён ім запомніўся вясёлым, жартаўлівым чалавекам. Вельмі любіў дзяцей і моладзь. Пабудаваў для іх дом у Варнянах і шмат часу аддаваў іх духоўнаму выхаванню. Яго вельмі любілі.
І, напэўна, любіць было за што. Не кожны быў годны атрымаць ганаровае званне і медаль “Праведнік народаў свету”. Гэта званне прысвойваюць неяўрэям, якія ў гады нацысцкай акупацыі Еўропы, рызыкуючы асабістым жыццём, выратоўвалі яўрэяў. Званне прысвайваецца ізраільскім Інстытутам Катастрофы і гераізму “Яд Вашэм”. Прызнаныя атрымліваюць іменны медаль і Ганаровую грамату, а іх імёны ўвекавечваюць у Яд Вашэм на Гары Памяці ў Ерусаліме.
Ян Сялевіч гэтым званнем узнагароджаны пасмяротна па ініцыятыве жыхара Францыі, опернага спевака Цві Барадоўскага, маці якога перад смерцю завяшчала сыну знайсці ксяндза-збавіцеля, якога заўсёды называла святым чалавекам.
Ксёндз Сялевіч падчас вайны ратаваў яўрэйскія сем’і, якія ўцякалі з віленскага гета. Сярод выратаваных аказаліся хлопчык Цві (Гірша) Барадоўскі і яго маці Саламея Барадоўская, якія жылі ў Вільні.
Пасля прыходу гітлераўцаў былі арыштаваны бацька Гірша і яго старэйшы брат Арые. Праз некаторы час яны былі расстраляны ў Панарскіх лясах. У верасні 1941 года маладога Гірша разам з мамай і старэнькай бабуляй размясцілі ў гета. Бабуля не змагла вынесці ўмоў жыцця ў гета і неўзабаве памерла. У лістападзе 1941 года маці разам з сынам змаглі ўцячы з гета. Пасля пакутніцкіх скітанняў яны дабраліся да Варнян (40 км ад Вільні) і звярнуліся за дапамогай да ксяндза Яна Сялевіча. Ён стаў хаваць уцекачоў у дамах у сваіх вернікаў, якія жылі ў невялікіх вёсках паміж мястэчкамі Варняны і Свір.
Кожны раз ксёндз з вялікім сэрцам суправаджаў гэту сям'ю, пакуль не знайшоўся пастаянны прытулак. З успамінаў пляменніцы ксяндза Яна Сялевіча Кунігунды Кавальскай вядома, што і ў іх роднай хаце ў ваеннае ліхалецце таксама жыў яўрэй, якога хаваў ксёндз Ян. Ён вучыў грамаце дзяцей, сярод якіх Кунігунда была самай малодшай. Пасля вайны гэты чалавек працаваў у Міністэрстве адукацыі ў Польшчы.
На жаль, у 1942 годзе 9 снежня ксёндз Ян Сялевіч памёр падчас Святой Імшы, якую сам і адпраўляў. Гэта было вялікае гора для ўсіх. Захаваліся ўспаміны, як труну везлі на санях з Варнян у Свір, на радзіму святара. З усіх вёсак, праз якія ішла пахавальная працэсія, выходзілі людзі, каб развітацца са сваім дарагім пастырам. Пахаваны Ян Сялевіч на могілках у мястэчку Свір.
А яўрэйская сям’я выжыла. Улетку 1944 года савецкія войскі вызвалілі тэрыторыю Беларусі і сям'я Барадоўскіх выехала ў Францыю. У Парыжы Гірш скончыў опернае аддзяленне рускай кансерваторыі імя Сяргея Рахманінава па класу вакала. Ён стаў вядомым спеваком, музыкантам. Выступаў пад псеўданімам Грыша Бордо. Памёр каля 2012 года ва ўзросце 85 гадоў.
Выконваючы апошнюю волю маці, у 1992 годзе Цві Барадоўскі прыехаў у Беларусь з мэтай адшукаць свайго выратавальніка Яна Сялевіча. Падчас паездкі ён даведаўся, што ксёндз памёр яшчэ ў 1942 годзе. Тады пра ўсю гэту гісторыю ён напісаў у Ерусалімскі мемарыял Халакосту “Яд Вашэм”. І праз некаторы час даведаўся, што ксяндзу Яну Сялевічу пасмяротна прысвоена ганаровае званне “Праведнік народаў свету”, а яго імя разам з імёнамі іншых праведнікаў будзе выгравіравана на сцяне Гонару на тэрыторыі мемарыяла.
Паколькі жывых сваякоў Яна Сялевіча адшукаць не ўдалося, прадстаўнікі мемарыяла "Яд Вашэм» вырашылі перадаць медаль і ганаровы дыплом "Праведніка народаў свету" ў Свірскі школьны музей. 18 снежня 2000 года ў пасольстве Ізраіля адбылася перадача ўзнагароды Яна Сялевіча старшыні Свірскага Савета дэпутатаў.
7 лютага 2001 года ў Свірскім касцёле св. Мікалая была праведзена Імша, прысвечаная памяці Яна Сялевіча. У той жа дзень узнагарода Яна Селевіча была размешчана ў экспазіцыі школьнага музея Свірскай сярэдняй школы, дзе знаходзіцца і сёння.
З гэтага часу ў Свіры ўшаноўваецца памяць Яна Сялевіча.
У часы Другой сусветнай вайны ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч яўрэяў (не толькі з Беларусі, але і прывезеных з іншых краін Еўропы). Выжыла толькі каля 30 тысяч, і ў большасці выпадкаў – дзякуючы неабыякавасці і хрысціянскай міласэрнасці жыхароў нашай краіны, якія, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх, хавалі і ратавалі яўрэяў. Па колькасці Праведнікаў народаў свету Беларусь займае 8-е месца ў свеце: гэтае званне атрымала больш за 900 чалавек. Відавочна, задакументаваць удалося далёка не ўсе выпадкі, іх значна болей.
Такую старонку пра ксяндза Яна Сялевіча адкрылі для сябе мы зусім нядаўна, рыхтуючыся да святкавання 255-годдзя Варнянскай святыні – касцёла св. Юрыя, калі збіралі інфармацыю пра святароў, якія служылі ў нас у розны час. На ганаровым дыпломе “Праведніка народаў свету” ёсць словы: “Хто ратуе адно жыццё, той ратуе ўвесь свет”. Няхай жа жыццёвы подзвіг ксяндза Яна Сялевіча будзе для кожнага з нас прыкладам сапраўднай любові да Бога і да бліжняга, прыкладам адказнасці за кожнае чалавечае жыццё.
Няхай жа гэтая старонка гісторыі нагадвае нам пра тое, наколькі важна быць міласэрнымі і спагадлівымі, незалежна ад абставін. Бо кожнае жыццё, выратаванае ў імя любові і веры, з'яўляецца сведчаннем трыумфу духоўнасці і чалавечнасці над жорсткасцю і злом. І няхай прыклад ксяндза Яна Сялевіча натхняе ўсіх нас на добрыя ўчынкі і самаўдасканаленне ў духоўным служэнні.
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.