капліца

КАПЛІЦА СВЯТОЙ ФІЛАМЕНЫ Ў АГ. ВАРОНА

 

Цікавы помнік мураванага сакральнага дойлідства Астравеччыны — капліца Святой Філамены ў аг. Варона, пабудаваная ў 2-й палавіне 18 ст. на вясковых могілках. Яе архітэктуры ўласцівы рысы так званага нізавога барока, мясцовай інтэрпрэтацыі архітэктурных формаў віленскага барока.

Прамавугольны ў плане аднанефавы храм накрыты высокім двухсхільным дахам з двух’ярусным атыкавым франтонам на галоўным фасадзе. Масіўны прамавугольны атык расчлянёны пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам і фрызам, над якім узвышаецца спрошчана трактаваны фігурны франтон з крыжам.

Вуглы і бакавыя фасады будынка ўмацаваны своеасаблівымі ступеньчатымі пілонамі, якія нагадваюць контрфорсы. Тарцовая сцяна нефа на галоўным фасадзе архітэктурна зусім не апрацавапа, толькі сціпла прарэзана лучковым ггарталам увахода і маленькім акном у цэнтры атыка. Усё гэта надае мастацкаму абліччу варонскай капліцы элементы прымітывізму.

Інтэр’ер капліцы перакрыты плоскай драўлянай столлю з размалёўкай, якая імітуе купал. Сцены ўнутры расчлянёны пілястрамі, над якімі размешчаны фрэскавыя выявы святых апосталаў. У алтарнай сцяне зроблена невялікая трапецападобная ў плане ніша. Прысценную архітэктурную алтарную кампазіцыю замяняе ілюзіяністычная перспектыўная выява алтара з калонамі іянічнага ордэра, развітага антаблемента і паўсферычнай конхі над ім.

         Над уваходам зроблены хоры з агароджай, размаляванай філёнгавымі нішамі з разеткамі. У пачатку 20 ст. да алтарнай сцяны з паўночна-ўсходняга боку зроблена невысокая квадратная ў плане прыбудова закрыстыі.

         1 ліпеня 2021 года згодна Дэкрэта біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча капліцы ў аг. Варона Варнянскай парафіі вернуты гістарычны статус Святой Філамены.

         11 жніўня 2021 года капліца Святой Філамены адзначыла 20-годдзе з моманту яе аднаўлення. У гэты дзень ксяндзом Біскупам Кашкевічам была асвечана капліца ў новым статусе.

 

 

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.