Святы Пасхальны Трыдуум - Triduum Paschale

14. 04. 2025

Пасхальны Трыдуум – гэта найвялікшая святыня літургічнага года, сэрца каталіцкай веры, у якім мы перажываем таямніцу мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Хрыста.

Вялікі Чацвер – Імша Вячэры Пана

Гэта дзень, у які Сам Хрыстус устанавіў Сакрамэнт Эўхарыстыі, адкрываючы перад сваімі вучнямі глыбіню любові, ахвяры і яднання з Богам.

  • Mandatum – Запаведзь любові. Абрад абмывання ног нагадвае нам, што служэнне іншым – гэта шлях да сапраўднай хрысціянскай дасканаласці. Як Хрыстус, укленчыўшы перад вучнямі, стаў слугой, так і мы пакліканы да пакорнага і бескарыслівага служэння бліжнім.

  • Эўхарыстыя – гэта не проста спажыванне хлеба і віна, але ўдзел у Пасхальнай Ахвяры Хрыста, аднаўленне духоўных сіл на зямным шляху да нябеснай Айчыны.

  • Агаленне алтара – знак пакідання Хрыста самымі блізкімі, адзіноты Збавіцеля перад мукамі. Гэта момант глыбокага разважання пра цярпенні Пана.

  • Denudatio altaris і Crepitacula – змоўклыя званочкі і знятыя абрусы паказваюць пакору і зневажэнне Хрыста, Яго поўнае адданне волі Айца.

Вялікая Пятніца – Мукі Пана

Гэта дзень глыбокай жалобы, але таксама дзень надзеі, бо смерць Хрыста на Крыжы адкрыла чалавецтву шлях да збаўлення.

  • Прастрацыя – святар лягае крыжом, нагадваючы нам пра безумоўную пакору перад веліччу Хрыстовай Ахвяры.

  • Пакланенне Крыжу – калі мы ўкленчваем і цалуем Крыж, мы сведчым аб сваёй глыбокай пашане да таго, хто ахвяраваў сябе за нас.

  • Працэсія да "Божага гробу" – дае магчымасць аднавіць веру, затрымацца ў цішыні і разважанні аб вялікім дараванні збаўлення.

Вялікая Субота

Гэта дзень цішыні, калі зямля чакае Ўваскрасення. Час малітвы, посту і разважання над таямніцай смерці, якая не ёсць канцом, а толькі пераходам.

  • Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта пры Гробе Пана – напамін пра тое, што Хрыстус перамог смерць і неўзабаве Яго слава аб'явіцца.

Пасхальная Вігілія

Гэта не проста набажэнства – гэта начное чуванне, якое напаўняе касцёл святлом уваскрасення!

  • Літургія Святла – святло Пасхала разрывае цемру граху, сімвалізуючы перамогу Хрыста над смерцю.

  • Спеў Exsultet – велічная песня, якая абвяшчае Радасць Пасхі.

  • Літургія Хросту – аднаўленне хросных абяцанняў, знак адраджэння ў Хрысце.

  • Эўхарыстычная Літургіясапраўдная Вячэра Пана, удзел у таямніцы Яго Пасхі.

  • Рэзурэкцыйная працэсія – трыумф Хрыста, які перамог смерць! Вернікі выходзяць з касцёла ў працэсіі, абвяшчаючы свету: Хрыстус Уваскрос!

Праз гэты Пасхальны Трыдуум мы ўваходзім у тайну любові Бога, якая аб’яўляецца ў ахвяры і перамозе над смерцю. Няхай гэтае свята стане не толькі літургічным перажываннем, але жывым сведчаннем веры ў нашым сэрцы!

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.