Дрэс-код у касцёле. Як апранацца ў святыню?

09. 06. 2024

Падчас цэлебрацыі святой Імшы вернікі ўтвараюць святы люд, набыты народ, каралеўскае святарства. Неабходна, каб хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні. Яны павінны выхоўвацца Божым словам, падмацоўвацца са стала Божага Цела і дзякаваць Богу. Прыносячы беззаганную Ахвяру не толькі праз рукі святара, але і разам з ім, яны павінны вучыцца прыносіць у ахвяру саміх сябе, і праз пасярэдніцтва Хрыста з кожным днём удасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой (пар., Канстытуцыя пра святую літургію “Sacrosanctum concilium”, 48).

Хто такія лектары?

Вернікі не павінны адмаўляцца з радасцю служыць народу Божаму, калі іх просяць выконваць якую-небудзь асаблівую паслугу ці абавязак падчас літургічнага дзеяння (пар., Агульные ўводзіны да Рымскага Імшала, 97).

Мы ведаем, што да асаблівых падчас літургічных дзеянняў належаць паслугі акаліта, лектара, псальміста, хору, кантара і некаторыя іншыя.

Лектар устаноўлены для чытання тэкстаў Святога Пісання, за выключэннем Евангелля. Ён можа таксама прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы (малітвы вернікаў), а калі адсутнічае псальміст, спяваць або прамаўляць паміж чытаннямі псальмаў.

Таксама падчас цэлебрацыі святой Імшы лектар мае ўласныя абавязкі, якія павінен выконваць сам. У час працэсіі да алтара, калі адсутнічае дыякан, лектар, апрануты ў зацверджаныя літургічныя шаты, можа несці Евангеліярый. Чытанні, якія ідуць перад Евангеллем, лектар чытае ад амбоны. Калі няма дыякана, пасля ўступу, зробленага святаром, лектар ад амбоны чытае інтэнцыі агульнай малітвы. Калі няма спеву на ўваход альбо на Камунію, а вернікі не прамаўляюць антыфонаў, пададзеных у Імшале, лектар у належны час можа прамовіць іх сам.

Святы Айцец Францішак Апостальскімі Лістамі Ministeria quaedam, Spiritus Domini і Antiquum ministerium мадыфікаваў устаноўленыя служэнні лектарату і акалітату і ўстанавіў свецкую паслугу катэхета. Згодна з пажаданнем Святога Айца, паслуга лектара, акаліта і катэхета можа быць удзелена як мужчынам, так і жанчынам. Пасля абраду ўдзялення паслугі біскуп дае кожнаму ўстаноўленаму служыцелю місію на канкрэтнае выкананне служэння.

З усяго сказанага бачна, што лектарам не можа быць “першая лепшая” асоба.

Для добрага выканання літургічнага служэння лектара неабходныя сталасць асобы, спецыяльная падрыхтоўка і прыдатнасць. У Касцёле “Абрад удзялення паслугі лектара” здзяйсняецца біскупам.

Як было сказана напачатку, лектар падчас нясення літургічнай паслугі павінен быць апрануты ў зацверджаныя літургічныя шаты. Часцей за ўсё літургічнай шатай лектара з’яўляецца альба, якая, у сваю чаргу, павінна адрознівацца ад альбы святара. Зацвярджэнне літургічных шатаў у дыяцэзіі адносіцца да кампетэнцыі біскупа дыяцэзіі альбо да Канферэнцыі біскупаў. Калі форма літургічнай шаты не вызначана, то, хутчэй, адзенне лектара павінна быць прыстойным і сціплым, каб падчас выканання паслугі ўвага вернікаў не была звернута на яго адзенне, а на Божае слова, якое абвяшчаецца.

Існуе шэраг умоў, якім павінен адпавядаць лектар:

  • тэхнічная здольнасць вымаўляць словы правільна, чыстым голасам, са збалансаваным тонам і рытмам, з належнай увагай да выкарыстання мікрафона, каб прысутныя на літургічным дзеянні маглі правільна чуць тое, што абвяшчаецца;
  • катэхетычная падрыхтоўка да тэкстаў, якія трэба абвяшчаць, размежаванне літаратурных жанраў, веданне тыпу абраду, які адбываецца, і канкрэтнага свята, якое цэлебруецца;
  • духоўны настрой лектара, які ўсведамляе выкананне святога служэння, што патрабуе годнасці вопраткі і паставы, спакою сэрца і зладжанасці жыцця.

Там, дзе да гэтага схіляе патрэба Касцёла, пры недахопе служыцеляў свецкія вернікі, нават не будучы лектарамі, могуць выконваць іх абавязкі (пар. кан. 230 § 3 Кодэкса Кананічнага Права). У наступным каноне Кодэкс кажа, што свецкія асобы, якія пастаянна або часова прысвячаюць сябе спецыяльнаму служэнню Касцёлу, павінны набываць належную падрыхтоўку, неабходную для якаснага выканання свайго задання, і выконваць сваё заданне свядома, уважліва і пільна (пар. кан. 231 ККП).

Два ўспаміны святара

Другая частка пытання датычыць “дрэс-коду” для Касцёла. Адказваючы на яго, дазволю сабе два ўспаміны. Адзін – з майго дзяцінства, другі – нядаўні.

Я, як і шматлікія вернікі майго ўзросту, рэлігійна выхоўваўся бабуляй. І прыпамінаю наступнае: бабуля заўсёды мела адмысловую вопратку, якую апранала толькі ідучы ў касцёл. Існавалі “касцельная” хустка, сукенка, туфлі. Маёй вопраткай былі штаны, кашуля з доўгімі рукавамі і туфлі. Ніякіх шлапакоў, сандаляў, джынсаў, красовак і да гэтага падобнага быць не магло.

Другі ўспамін звязаны з казаннем аднаго святара, якое было прысвечана менавіта таму, як трэба апранацца, ідучы ў святыню. Ён казаў, што прысутнасць хрысціяніна ў святыні вымагае і хрысціянскага знешняга выгляду. Важным з’яўляецца не толькі духоўная падрыхтоўка, малітоўны настрой, але і вопратка, якая павінна адпавядаць месцу. Футболка менавіта так і завецца, бо ў ёй гуляюць у футбол. Лёгкая блузка з кароткім рукавом на дзяўчыне ці жанчыне выглядае вельмі прыгожа, але дома або ў парку.

Як прыклад гэты святар прывёў размову дзвюх жанчын: адной старэйшай, другой маладзейшай. Маладзейшая прыйшла ў касцёл у сарафане. І старэйшая жанчына запытала ў маладзейшай, чаму менавіта ў сарафане? Адказ быў наступным: на двары лета, вельмі горача. На што старэйшая жанчына сказала: а вы бачылі калі-небудзь нябожчыцу ў труне ў сарафане? Не. А ў шортах або джынсах ці футболцы? Таксама не. Сапраўды. Нябожчыкаў апранаюць у сукенку з доўгім рукавом, касцюм, адным словам, у прыстойную вопратку. Часцей за ўсё нябожчыцы завязваюць хустку. “А чаму так”, – задала пытанне старэйшая жанчына маладзейшай? – “Не ведаю”, – адказала тая. А таму, што нябожчыкаў рыхтуюць для ўваскрасення і да сустрэчы з Богам на апошнім судзе. І апранаюць іх прыстойна, як да сустрэчы з Богам. І мы ў касцёл ідзём таксама на сустрэчу з Богам, таму і павінны апранацца годна.

Дрэс-код для вопраткі і паводзінаў 

І сапраўды, калі мы паразважаем, то ў прыстойны рэстаран у футболцы нас не пусцяць. У шортах ці сарафанах не пусцяць у оперны тэатр (дарэчы, культурны чалавек сам так не апранецца, ідучы ў тэатр).

Ідучы ў касцёл, мы ідзём на больш сур’ёзнае спатканне, чым футбол і тэатр, мы ідзём на спатканне з Богам, са Стваральнікам усяго сусвету.

І гэтая сур’ёзнасць павінна быць не толькі ў нашай душы, у нашым настроі, але і ў нашай вопратцы, у нашым знешнім выглядзе.

Сапраўды, як кажа адзін з лацінскіх выразаў сucullus non facit monachum – клабук не робіць манахам, аднак правільным з’яўляецца і тое, што ў святых месцах павінна быць строгасць і дэкор як у вопратцы, так і ў паводзінах. Касцёл – гэта “дом Божы”, куды перш за ўсё ідуць маліцца. Гэта не месца, дзе можна захапляцца моднымі паказамі або дзе можна абменьвацца думкамі падчас гаміліі на Імшы. Не кажучы ўжо пра прысутнасць мабільнага тэлефона, званкі якога гучаць нават у самыя важныя хвіліны.

Вось таму і існуе ў Касцёле “дрэс-код” як для вопраткі, так і для паводзінаў. Як заўважалася вышэй, у людзей няма праблем з належнай вопраткай на вяселлях, пахаваннях, офісных вечарынах або спатканнях, але частка лічыць, што адпаведнае адзенне для спаткання з Богам на Імшы састарэла. Аднак ідучы на святую Імшу, заўсёды трэба апранаць сціплае, чыстае і ў той самы момант прыгожае адзенне.

Некалькі практычных парадаў

Тыповая мужчынская вопратка, якая лічыцца сімвалам добра апранутага мужчыны, – гэта касцюм, кашуля і гальштук або штаны, кашуля і туфлі. Мужчыны перад уваходам у касцёл павінны зняць капялюш.

Як кажа адно выслоўе, найлепшым упрыгожваннем жанчыны з’яўляецца не адзенне, а сціпласць. Добрым адзеннем для жанчыны будзе блузка са спадніцай ці сукенка, але такой даўжыні, каб прыкрыць калені. Пажадана не апранаць топы без рукавоў, абліпальныя і празрыстыя блузкі або сукенкі з глыбокімі выразамі. Плечы заўсёды павінны быць прыкрытыя. Жанчыны падчас Імшы могуць мець галаўны ўбор (капялюш або хустку).

Пажадана не прыходзіць у касцёл у ірваных джынсах і спартыўных штанах. Прыгожыя джынсы могуць быць добрай вопраткай, аднак і яны не ідэальна падыходзяць для літургічнага дзеяння. Але калі джынсы – гэта адзінае, што ёсць, то іх дазваляецца апранаць. Як мужчынам, так і жанчынам і дзецям забараняецца прыходзіць у касцёл у шортах.

Тое, што датычыць абутку, то, як было заўважана вышэй, найлепшым варыянтам будзе абутак на плоскай падэшве – туфлі. Не варта прыходзіць у касцёл на высокіх абцасах, у адкрытых басаножках і шлапаках, якія больш падыходзяць для паходу на пляж ці ў басейн, а не для ўдзелу ў Імшы.

Пералічаныя патрабаванні служаць не для таго, каб “упісацца ў сацыяльнае асяроддзе”, як многія лічаць, але для таго, каб святая Імша стала сапраўднай сустрэчай з Панам, месцам, годным Яго прыняць, месцам святым. Як хрысціяне і католікі мы пакліканыя шукаць дасканаласці, і таму вопратка не павінна быць нагодай для адмовы ад цнотаў і ад атаясамлення з Хрыстом. Чысціня, прыстойнасць і адметнасць – гэта фундаментальныя звычкі, якія мы павінны прывіваць будучым пакаленням, асабліва ў свеце, што часта вельмі паблажлівы.

“Кожная святая Імша мае бясконцую, велізарную каштоўнасць, якую мы не можам да канца зразумець: яна радуе ўвесь нябесны двор, супакойвае бедныя душы ў чыстцы, прыцягвае на зямлю разнастайныя бласлаўленні і аддае больш хвалы Богу, чым усе цярпенні мучанікаў, пакаянні ўсіх святых, усіх слёз, якія яны пралілі ад пачатку свету, і ўсяго, што яны будуць рабіць да канца часоў” (св. Ян Марыя Віянэй).

З малітвай, кс. Аляксей Ляшко

паводле сайта catholicnews.by

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.