Благаслаўленне выпускнікоў школы

13. 05. 2023

Зусім хутка для выпускнікоў 11 класа закончацца бесклапотныя дні навучання ў школе. Ужо 14 мая іх чакае першы выпускны экзамен, а 25 мая прагучыць апошні школьны званок. Таму 12 мая выпускнікі дружна сабраліся ў парафіяльнай святыні ў Варнянах, каб разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі, настаўнікамі падзякаваць Богу за час навучання, за ўсіх, хто на працягу адзінаццаці гадоў быў побач з імі, падтрымліваў, дапамагаў духоўна і інтэлектуальна расці, станавіцца больш мудрымі, годнымі, гатовымі да самастойнага жыцця, а таксама папрасіць аб Божым бласлаўленні на далейшы жыццёвы шлях.

         Перад Святой Імшой выпускнікі і бацькі прыступілі да сакраманту пакаяння, ачысцілі свае сэрцы і атрымалі магчымасць паяднацца з Богам.

         Падчас Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі шчыра і пранікнёна маліўся за выпускнікоў і іх класнага кіраўніка Карвецкага Дзмітрыя Вечаслававіча. Яшчэ на пачатку Літургіі святар заахвоціў усіх у першую чаргу дзякаваць за дар жыцця, за бацькоў, выхавальнікаў, настаўнікаў, усіх, каго сустрэлі за 11 год на жыццёвым шляху. Кс. Пробашч нагадаў, што той, хто дзякуе, атрымлівае двойчы, а той, хто давярае Богу, заўсёды знаходзіцца пад Яго апекай.

         З вуснаў выпускнікоў і іх бацькоў у час Імшы гучалі малітвы падзякі Пану Богу, а таксама просьбы аб благаслаўленні, якое кожнаму з адзінаццацікласнікаў удзяліў пробашч парафіі. На заканчэнне ксёндз Віктар уручыў кожнаму абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай і пажадаў, каб Яна заўжды заступалася за іх перад сваім Сынам, каб суправаджала далейшы жыццёвы шлях кожнага і кожнай, хто сёння стаіць перад Алтаром Пана.

         Ксёндз Віктар Захарэўскі, які заўсёды дбае пра духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі, выказаў пажаданне, каб шаноўныя выпускнікі, будучыя студэнты, будучае нашай беларускай зямлі, заўсёды ў сэрцы мелі месца для Бога, знаходзілі час на тое, каб прыходзіць у святыню не толькі ў складаныя хвіліны жыцця, але і кожную нядзельку, ніколі не забывалі сваіх бацькоў, якія ўсім сэрцам іх любяць, каб заўсёды заставаліся Божымі дзецьмі і добрымі людзьмі.

фота тут

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.