Сярод святых, якія ў гісторыі збаўлення адыгралі значную ролю, асаблівым чынам адрозніваецца той, хто па волі Божай стаў Апекуном Збаўцы і Абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі — святы Юзаф з Назарэта. Нездарма ў 1870 годзе Папа Пій ІХ абвясціў яго Апекуном паўсюднага Касцёла.
На хрысціянскім Усходзе культ святога ўзнік раней, чым на Захадзе, і быў сцісла звязаны з культам Марыі, а таксама з культам Езуса, асабліва з таямніцамі Яго Нараджэння і дзяцінства.
На падставе Евангелля Юзафа называюць Абраннікам Панны Марыі, апекуном і выхаваўцам Збаўцы, а таксама ўдзельнікам таямніцы Уцелаўлення. Гэта стала выразам велічы і святасці Юзафа з Назарэта, а таксама падмуркам яго культу ў Касцёле.
У той час, як евангельскія звесткі пра святога Юзафа вельмі сціплыя, старажытныя апокрыфы паказваюць яго як пажылога чалавека, удаўца, які мае дзяцей ад першага шлюбу. Некаторыя каментатары нават лічаць, што браты і сёстры Езуса, якія ўзгадваюцца ў Евангеллі, могуць быць дзецьмі ад першага шлюбу Юзафа, аднак пацвердзіць гэтыя няпэўныя апакрыфічныя звесткі немагчыма.
Айцы Касцёла больш цікавяцца ўнутраным светам святога Апекуна Божага Сына, яго духоўнасцю.
Каментуючы Евангелле паводле святога Мацвея, святы Ян Залатавусны падкрэсліў, што святы Юзаф як «чалавек справядлівы» быў «упрыгожаны ўсімі цнотамі», таму што «справядлівасць — гэта сукупнасць цнотаў». Акрамя таго, святы Ян Залатавусны захапляецца пакорлівасцю і паслухмянасцю святога Юзафа, а таксама яго даверам Богу.
Святы Пётр Хрызалог, адзначаючы, што «няма пабожнасці без справядлівасці, ані справядлівасці без пабожнасці», сцвярджае, што святы Юзаф «праведны, таму што пабожны, і пабожны, таму што праведны. Думаючы пабожна, ён не быў жорсткім. Калі спакойна глядзеў на рэчы, дзейнічаў разважліва. Адмовіўшыся ад помсты, не меў правіны. Калі не стаў абвінавачваць, сам пазбег асуджэння».
Гэтыя заўвагі Айцоў Касцёла сведчаць пра здаровы і ўзважаны падыход у пабожнасці ў адноснах да святога Юзафа.
Такі падыход захаваўся і ў далейшым, знайшоўшы адлюстраванне ў творах святога Аўгустына, Грыгорыя Вялікага і ў сярэднявечных аўтараў.
Відавочнай праявай культу святога Юзафа стала свята ў яго гонар. Упершыню яго пачалі адзначаць у VII ст. у Копцкім Касцёле ў Егіпце ў дзень 20 ліпеня. Хрысціяне на Усходзе лічылі святога Юзафа адным з вялікіх патрыярхаў Старога Запавету. Яго літургічнае ўшанаванне тлумачылася тым, што ён служыў Езусу і Марыі.
З Х ст. урачыстасць святога Юзафа адзначалася ў палестынскім кляштары Мар Саба. Паступова яна распаўсюдзілася на ўвесь хрысціянскі Усход, дзе яе адзначалі ў сувязі з таямніцамі збаўлення. Урачыстасць у гонар святога Юзафа была звязана са святамі Божага Нараджэння. Нядзеля перад Калядамі была святам «усіх тых, хто ад пачатку быў да спадобы Богу, ад Адама да Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Маці Божай, у адпаведнасці з генеалогіяй, якую святы евангеліст Лука падаў у гістарычнай паслядоўнасці, а таксама святам усіх прарокаў і прарочыц».
Крыху пазней у нядзелю пасля Божага Нараджэння пачалі адзначаць свята ў гонар караля Давіда і святога Юзафа. Такім чынам гэтая нядзеля стала працягам святаў Божага Нараджэння. Таксама 26 снежня адзначалася свята ў гонар Марыі і Юзафа, Яе Абранніка, і на ўспамін іх уцёкаў у Егіпет.
Першым месцам на Захадзе, дзе пачалі адзначаць літургічны ўспамін святога Юзафа, стаў бэнэдыктынскі кляштар Райхенаў у Германіі, дзе ў ІХ ст. спыняўся святы Мятод, асветнік і евнгелізатар славянскіх плямёнаў.
З таго часу днём успаміну святога Юзафа становіцца 19 сакавіка, што ў Мартыралогу падаецца як магчымы дзень яго смерці.
У Сярэднявеччы многія святыя звярталіся да асобы Абранніка Багародзіцы. Надзвычай важным прыкладам для хрысціянскай пабожнасці лічыла яго вялікая рэфарматарка Кармэлю святая Тэрэза ад Езуса. У сваёй «Кнізе жыцця» яна піша:
«Я выбрала сваім апекуном і заступнікам слаўнага святога Юзафа, настойліва просячы яго дапамогі. І ясна зразумела, што як у гэтай патрэбе, так і ў іншых, яшчэ больш важных, калі гаворка ішла пра мой гонар і згубу душы, гэты мой Айцец і Апякун мяне выбавіў і зрабіў мне дабра больш, чым я сама магла ў яго прасіць. Не памятаю, каб я калісьці ажно дагэтуль прасіла яго аб нечым, а ён бы мне адмовіў.
Гэта неверагодна, якія вялікія рэчы зрабіў для мяне Бог праз заступніцтва гэтага слаўнага святога, ад колькіх небяспекаў для душы і цела Ён мяне выбавіў…
Такім чынам Пан хацеў нас запэўніць у тым, што, як Ён быў яму паслухмяны на зямлі як свайму апекуну і таму, каго лічылі Ягоным бацькам, гэтак жа і ў небе Ён робіць усё, пра што той Яго папросіць». Вялікая іспанская святая заахвочвала да «пабожнага ўшанавання гэтага слаўнага святога», які «мае моц выпрасіць нам у Бога вялікія дары».
У сярэдзіне XV ст. Папа Сікст IV увёў у Рымскім Касцёле свята ў гонар святога Юзафа, і паступова яго пачалі адзначаць па ўсёй Еўропе. У паўсюдным Касцёле яго зрабіў абавязковым Папа Грыгорый XVI у 1621 годзе, а пазней кармэліты атрымалі дазвол адзначаць таксама свята Апекі святога Юзафа ў Трэцюю нядзелю пасля Вялікадня.
Папа Пій ІХ зрабіў яго абавязковым для ўсіх, а ў 1870 годзе абвясціў святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла.
У 1889 годзе Папа Леў ХІІІ выдаў энцыкліку Quamquam pluries, прысвечаную святому Юзафу.
У ХХ ст. адбываецца сапраўдны росквіт культу святога Юзафа. У 1909 годзе была зацверджана Літанія да святога Юзафа, і неўзабаве пасля гэтага Папа Пій Х зрабіў 19 сакавіка ўрачыстасцю святога Юзафа — Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, вызнаўцы і Апекуна паўсюднага Касцёла. Разам з тым свята Апекі святога Юзафа было перанесена на сераду пасля Трэцяй Велікоднай нядзелі, а ў 1955 годзе яго замяніў успамін святога Юзафа рамесніка, што адзначаецца 1 мая.
Папа Ян ХХІІІ у 1961 годзе абвясціў святога Юзафа Апекуном Другога Ватыканскага Сабору, а праз год дадаў яго імя ў Рымскі канон — Першую Эўхарыстычную малітву.
З нагоды сотай гадавіны энцыклікі Льва ХІІІ і ў духу шматвяковага культу Папа Ян Павел ІІ у 1989 годзе абвясціў Апостальскую адгартацыю пра святога Юзафа пад назваю Redemptoris Custos — «Ахоўнік Адкупіцеля».
Дэкрэтам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 1 мая 2013 года ўспамін святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, быў дададзены таксама ў тэксты Другой, Трэцяй і Чацвёртай Эўхарыстычных малітваў.
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.