Рараты

20. 11. 2022

Як мы добра ведаем, што раратнія св. Імшы з’яўляюцца неадлучным элементам радаснага часу чакання, чым ёсць Адвэнт. Яны цэлебруюцца ў кожнай парафіі. Святыя раратнія Імшы, традыцыйна называныя “Раратамі”, звычайна ажыццяўляюцца перад усходам сонца, падкрэсліваючы такім спосабам выключнасць гэтага перыяду.

 

Назва “рараты” паходзіць ад песні на ўваход, якая пачынаецца са словаў: “Rorate caeli desuper” (“Спусціце нябёсы расу”). А таму гэта ёсць св. Імша з набажэнствам аб Найсвяцейшай Панне Марыі, якая цэлебруецца ў перыяд Адвэнта. Яна з’яўляецца адным са знакаў прысутнасці Маці Бога ў гэты час, таму што Яна чакала Месіі асаблівым чынам. Марыя перажывала Адвэнт чакання як дачка Ізраіля, Маці Езуса і Касцёла. 

Падчас ажыццяўлення св. раратняй Імшы запальваецца дадатковая свечка, якая сімвалізуе Заступніцу адвэнтавага чакання – Марыю. Менавіта гэтыя св. Імшы, цэлебраваныя ў перыяд Адвэнта, павінны нам асабліва нагадваць Марыю, таму што Яна, аналагічна як золак апярэджвае ўсход сонца, так апярэдзіла прыход Святла свету – Езуса Хрыста.

Марыя як Дачка выбранага народу разам з усімі пакаленнямі чакала прыходу Божага Месіі. А ўжо ад хвіліны, калі анёл прынёс Ёй вестку аб тым, што Яна зачне і народзіць Сына, які павінен быць абяцаным Эммануэлем, асаблівым чынам чакала Жыццё, якое расло пад Яе сэрцам.

Апякунка радаснага часу чакання, цяпер разам з Касцёлам Яна чакае паўторнага слаўнага прыходу, любімага Хрыста, а валадарачы ў небе разам з Ім, падтрымлівае Касцёл у яго чаканні апошняга Божага дня.

Наш удзел у Раратах з’яўляецца прыгожай паставай чакання разам з Марыяй надыходу Збавіцеля. Касцёл, цераз удзел у гэтым ранішнім набажэнстве, дае нам чарговую магчымасць трэніраваць сваю волю і ўменне адмаўляць.

На св. раратнія Імшы запрошаны ўсе вернікі, не толькі дзеці і моладзь, як увайшло ў практыку. Цяпер, з-за ўдзелу дзяцей і моладзі, часта Рараты ажыццяўляюцца ў пасляпаўдзённыя гадзіны ці нават пасля захаду сонца.

Падсумоўваючы вышэйпрыведзеныя разважанні, можна сказаць, што літургія св. раратняй Імшы выражае нашае чаканне і тугу па Хрысту, які павінен прыйсці.

кс. Юрый Марціновіч

 

– Чаму так важна, каб на Рараты прыносіць з сабою лямпы

– Сімволіка святла ў хрысціянстве надта багатая. На Раратах дадаткова запальваецца свечка – раратка, якая сімвалізуе прысутнасць  Марыі, якая чувае. Удзельнікі Раратаў трымаюць запаленыя свечкі або лямпы, якія звязваюць іх з чуваючай Марыяй. Іх значэнне  можна знайсці таксама ў Евангеллі, дзе гаворыцца пра паннаў глупых і паннаў  разважлівых, якія чакаюць з лямпамі ў руках. Мудрыя  паклапаціліся, каб хапіла алівы, а тыя, якія пайшлі сабе купіць, прамаргалі важнейшы момант. Таму, маючы ў руках лямпы, можам выпрацаваць у сябе гэтую прыгожую рысу – чаканне. Пасля Раратаў запаленыя лямпы нясуць дадому як сведчанне святла Хрыстуса, які ў нашым сэрцы.

   
– На Рараты дастаткова многа прыходзіць дзяцей. Ці можам гаварыць пра рызыку, што праз некаторы час гэтыя дзеці звычайна “вырастаюць” з удзелу ў Раратах?
– Дзеці спецыяльна запрашаюцца святарамі. Ксяндзы з думкаю аб дзецях рыхтуюць цыкл катэхез, якія аглашаюцца  на Раратах, але  зразумела, што не толькі  дзеці з’яўляюцца ўдзельнікамі св. Імшы гэтага перыяду.  Найпрыгажэйшым спосабам перажывання Раратаў ёсць  перажыванне іх сям’ёй. Таму хацеў бы сказаць, што не “вырастуць”, а “дарастуць” да таго, каб у будучым  прыйсці ў якасці бацькоў са сваімі дзецьмі. Вядома, што  душпастыры часта арганізуюць  Рараты для студэнтаў або іншых спецыяльных груп, але Рараты – гэта Імша для ўсіх.

 

– Абавязкі, а часам і іншае бываюць прычынаю таго, што не ходзім на Рараты. Ці можам, нягледзячы на гэта, прыступіць да св. Камуніі?
–  Гэта праўда. Сённяшні свет са сваімі хуткасцямі моцна  “забеганы” і нават не хапае часу на  штодзённыя Рараты. Аднойчы бачыў дзяцей з ранцамі і іх бацькоў з сумкамі з пакупкамі, якія ў штодзённай  мітусні  знайшлі час на  ўдзел у Раратах. Гэта прыгожае сведчанне, што ў нашай штодзённасці  можна заўсёды знайсці час для Пана Бога.  Хацеў бы таксама прывесці некалькі прыкладаў з гісторыі, якая паказвае, як моцна занятыя людзі, якімі былі  каралі,  безупрэчна знаходзілі час на Рараты. Напрыклад, штодзённага ўдзелу ў гэтай св. Імшы прытрымліваліся  каралі  Зыгмунт Стары і Зыгмунт Аўгуст, каралева Бона, Ганна Ягелонка і Марысенька  Собеска. Зыгмунт I Стары  і Ганна, яго дачка, стараліся, каб  у каралеўскай капліцы на Вавелю Рараты адбываліся не толькі падчас Адвэнту, але раз на ты-дзень на працягу ўсяго года. На гэтыя мэты  прызначаліся пэўныя фонды і ў 1545 г. пры зыгмунтаўскай капліцы Ўнебаўшэсця Найсвяцейшай Панны  Марыі была ўтворана  спецыяльная капэла спяваючых “рарантыстаў”. Калі ўжо каралі мелі час на Рараты, то што ж мы можам сказаць?  Запаведзі Божыя і Касцёльныя гавораць нам пра  абавязак нядзельнай Эўхарыстыі. Няўдзел у Раратняй  Імшы не з’яўляецца грахом.

 

– Як падрыхтавацца, каб добра перажыць Адвэнт і Рараты?
– У агульных нормах літургічнага года і календара можна знайсці наступныя вызначэнні: “Адвэнт мае падвойны характар. Ёсць перыядам прыгатавання да ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі  ўспамінаем аб першым прыйсці Сына Божага да людзей. Адначасова ёсць перыядам, у часе якога праз  успамін першага прыйсця Хрыстуса накіроўвае душы на чаканне Яго паўторнага прыйсця ў канцы свету. З абедзвюх кропак гледжання  Адвэнт ёсць перыядам пабожнага і радаснага чакання”. Прыгожае  перажыванне Адвэнту і Раратаў звязана з разважаннем над тымі дзвюма праўдамі: прысутнасцю Хрыстуса ўжо зараз, які вядзе  нас праз  жыццё, мэтаю якога ёсць вечнасць. Варта ў гэтым надта кароткім часе трохі затрымацца, каб не даць панясці сябе  атмасферы Божага Нараджэння заўчасна, якім фактычна святы толькі пачынаюцца, бо тады рызыкуем перажыць Божае Нараджэнне без Бога… Чуванне выпрацоўвае прыгожыя рысы: працы над сабою, гатоўнасць на спатканне з Панам з чыстым сэрцам. Таму варта перажыць Адвэнт, удзельнічаючы ў Раратах, прыступіць да Сакрамэнту Пакуты і ўзяць удзел у рэкалекцыях, арганізаваных у парафіі. 

 

                                                                                                      Марта ЯЦУКЕВІЧ

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.