7 кастрычніка ў прыгожы восеньскі дзень ў Варнянскім касцёле святога Юрыя адбыўся фэст, прысвечаны Маці Божай Ружанцовай.
Абраз Маці Божай Ружанцовай шмат год знаходзіўся ў нашай святыні, аднак у пасляваенны час пасля закрыцця касцёла бясследна знік. Пасля аднаўлення касцёла ў 90-я гады ХХ ст. на месцы абраза была ўстаноўлена фігура НПМ Лурдскай. Але традыцыя продкаў адзначаць урачыстасць Панны Марыі Ружанцовай засталася з намі.
Урачыстасці папярэднічала духоўная падрыхтоўка парафіі. На працягу дзевяці дзён вернікі разам з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім маліліся навэнну да Маці Божай Ружанцовай, падчас якой выказвалі падзякі і просьбы Нябеснай Заступніцы.
А 7 кастрычніка ўрачыстасць распачалася з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога маліліся на Ружанцы, супольнай Адарацыі і Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла.
У святочнай Імшы і працэсіі прынялі ўдзел ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч з Астраўца, ксёндз-канонік Здзіслаў Ведэр са Смаргоні, кс. Анатолій Захарэўскі з Міхалішак, кс. Яцэк Хутман з Камаяў (Пастаўскі раён),ксёндз Казімір Мурава са Смаргоні, а. Аркадзь Куляха OCD з мястэчка Гудагай, кс. Аляксандр Сямінскі з Кямелішак, мясцовыя вернікі і госці парафіі. Узначаліў адпустовую Імшу дзекан Астравецкі ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч, пробашч касцёла святых Космы і Даміяна. Веруючыя ў супольнай малітве прасілі ў Марыі прабачэння за людскія грахі і прасілі яе аб міласэрнасці і заступніцтве.
Гамілію падчас урачыстай святой Імшы прамовіў ксёндз-канонік Здзіслаў Ведэр. Ён скіраваў увагу на бязмежную любоў Бога да кожнага з нас. “Мы самі сябе не ў стане так любіць, як любіць нас Бог. Мы павінны ўвесь час памятаць пра гэта і адказваць на гэту любоў” – падкрэсліў святар. Ксёндз-канонік пажадаў вернікам не губляць вялікі дар малітвы да Маці Божай Ружанцовай, паглыбляць і ўмацоўваць яго “Няхай Божая Маці бесперапынна хадатайствуе за нас перад Сынам, а мы ніколі не забудзем той любові, якой Бог адарыў кожнага з нас” – сказаў на заканчэнне ксёндз Здзіслаў.
Падчас Святой Імшы быў асвечаны новы абраз – абраз Св. Казіміра, які нядаўна знайшоў месца ў нашай святыні. Напісала яго мясцовая мастачка з Дайлідак Тарэса Варановіч. Дзякуем ёй за яе талент і прыгожы дар для касцёла.
Напрыканцы ксёндз Віктар Захарэўскі падзякаваў усім за супольную малітву, ксяндзу-дзекану Юзафу за цэлебрацыю гэтай прыгожай урачыстасці, ксяндзу Здзіславу за мудрыя словы навукі, а прысутным вернікам і гасцям парафіі – за шчырую малітву і падрыхтоўку да ўрачыстасці. Пробашч выказаў упэўненасць, што кожны ў гэты дзень падмацаваўся верай і малітвай, каб вярнуўшыся дадому, годна працягваць свае жыццёвыя справы. А таксама нагадаў, што ў кожным са сваіх аб’яўленняў Марыя нагадвала пра Ружанец, тым самым падкрэсліваючы, што праз практыку гэтай малітвы кожная асоба можа выпрасіць у Бога патрэбныя ласкі. Пра гэта ў святыні нагадвае і прыгожа аформлены алтар Маці Божай, дзе змешчаны словы: “На вашы клопаты і праблемы маю адну параду: вазьміце ў рукі Ружанец!”
больш фота глядзі тут
відэа тут
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.