“Няхай кожны знойдзе тут сустрэчу з Хрыстом праз заступніцтва Святой Філамены” - біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
11 жніўня ў капліцы Святой Філамены ў аграгарадку Варона Варнянскай парафіі Святога Юрыя (Астравецкі дэканат) адбылася парафіяльная Урачыстасць у гонар апякункі капліцы – Святой Філамены. Прайшло 26 гадоў з таго моманту, калі капліца была перададзена вернікам. Доўгі час капліца знаходзілася ў разбураным стане, таму шмат сіл было пакладзена для яе аднаўлення былым пробашчам кс. Здіславам Пікула SDB. А за апошнія два гады яе выгляд значна змяніўся – тут усё аднавілася, папрыгажэла. І гэта заслуга пробашча кс. Віктара Захарэўскага, а таксама мясцовых вернікаў.
Летась біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч сваім дэкрэтам вярнуў гістарычны тытул капліцы, якая памылкова была запісана ў гонар парафіяльнага касцёла, Святога Юрыя. І менавіта год таму біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў гэтую капліцу ў новым тытуле – Святой Філамены.
А сёння шмат людзей сабралася ў Вароне ў капліцы, дзе іх чакала Святая Філамена. Сярод прысутных нават былі пешыя пілігрымы з суседняй парафіі – Міхалішак.
Урачыстасць распачалася з сустрэчы біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Да сустрэчы госця вернікі выклалі з кветак жывы дыван, каля ўвахода ў капліцу яго сустракалі дзеткі з кветкамі і дарослыя прадстаўнікі парафіі з хлебам-соллю. Прывітаўшы ўсіх сабраўшыхся, Іерарх асвяціў усталяваную каля ўваходу ў капліцу фігуру Святого Юзафа.
Прадоўжылася ўрачыстасць святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ён адзначыў, што капліца ў Вароне бачна здалёк, а сёння яна асабліва асвячаецца промнямі сонца. Нягледзячы на яе невялікі памер, тут па-сямейнаму ўтульна, прыгожа. Біскупа ўзрадавала, што сабралася шмат людзей – гэта значыць, што прыгажосць прысутнічае не толькі звонку, але і ў нашых душах, сэрцах, і гэту прыгажосць мы нясём у гэту капліцу, да Пана Бога.
Няхай кожны, хто будзе ўваходзіць у гэтую святыню, выйдзе адсуль крышачку лепшым, няхай дакранецца да яго ласка Божая. Няхай ён знойдзе тут, калі яму патрэбна, суцяшэнне. Калі ён прыйдзе сюды, каб падзяліцца з Богам сваёй радасцю – няхай выйдзе яшчэ больш радасным, няхай кожны знойдзе тут сустрэчу з Хрыстом праз заступніцтва Святой Філамены. Няхай тут будзе пасеяна ў нашых сэрцах зерне веры, любові і надзеі, якое вырасце ў вялікі колас і прывядзе да Божага валадарства. У гэтым ёсць сэнс жыцця чалавека..
Падчас імшы біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў новы абраз Святой Філамены, які напісала мастачка Ядзвіга Сянько, новыя харугвы, што пашыла Данута Захарэўская, мама пробашча кс. Віктара, новыя стацыі крыжовай дарогі, а таксама шматлікія абразы, якія ўпрыгожылі сцены капліцы.
Ад імя ўсіх парафіян сям’я Ількевіч падзякавала біскупу за цудоўную магчымасць супольнай малітвы, а пробашчу ксяндзу Віктару Захарэўскаму за руплівасць, адданасць сваёй справе, жаданне рабіць святыню больш дасканалай. Біскуп са свайго боку падзякаваў святарам, вернікам, дзецям за гасцінны прыём і ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне.
больш фота ТУТ
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.