Дэбют варнянскай парафіі на ПАРАФІЯДЗЕ 2022

29. 06. 2022

Пра ПАРАФІЯДУ – праект для дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі – прадстаўнікі Варнянскай парафіі чулі даўно, аднак да 2022 года ніколі не прымалі ў ёй удзел. Пры падтрымцы нашага нястомнага пробашча, ідэйнага натхняльніка ксяндза Віктара Захарэўскага даўняя задума ажыццявілася ў гэтым годзе.

         На працягу двух дзён (27-28 чэрвеня) група моладзі ў складзе 8 чалавек упершыню прыняла ўдзел у ПАРАФІЯДЗЕ, падчас якой мерапрыемствы праходзілі ў трох намінацыях:”святыня – тэатр – стадыён”. Сустрэча праходзіла пад дэвізам “Супакой і дабро”, што цалкам адпавядала атмасферы свята: цудоўная арганізацыя, добразычлівыя людзі, душэўны спакой,  адзінства і ўзаемная павага.

         Юныя прадстаўнікі парафіі падчас Парафіяды вучыліся жывой размове з Богам з дапамогай малітвы, выхоўвалі камандны дух у конкурсных іспытах. Вынік нашай каманды – 8 узнагарод: 5 дыпломаў І ступені, 3 дыпломы –ІІ ступені. Перамогі – гэта цудоўна, прыемна, але важна і тое , што моладзь правяла цудоўна  час з Богам, пазнаёмілася з новымі святынямі г.Гродна, завяла новыя знаёмствы і проста атрымала задавальненне.

Пра свае ўражанні расказваюць удзельнікі Парафіяды:

         Радзевіч Алена:  Я вельмі рада, што лёс прывёў мяне на Парафіяду. Найбольш мне спадабаліся  спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, тэатр. Хочацца падзякаваць усім членам журы, суддзям, святарам, спонсарам за мерапрыемства і папрасіць у Бога здароўя для іх.

 

 

 

 

 

 

 

 

         Рогач Канстанцін: Усё вельмі спадабалася.  Цудоўная арганізацыя, цікавыя конкурсы, смачныя абеды, месца для начлегу можна параўнаць з гасцініцай. Дзякую ксяндзу Віктару за паездку. 

 

 

         Адула Вольга: Шчыра кажучы, збіраючыся ў паездку, наша каманда крыху хвалявалася: што там будзе? як мы сябе пакажам? ці атрымаецца ў нас што-небудзь? Аднак адразу пасля прыезду ў Гродна, стала зразумела, што ўсё будзе добра. Нас цудоўна сустрэлі, валанцёры ў любы час аказвалі дапамогу, усё было прадумана да дробязяў, ніхто не адчуваў сябе там непатрэбным. Вакол панавалі ўсмешка, добры настрой і павага.  Дзякуй усім, хто прычыніўся да арганізацыі Парафіяды і нашага ў ёй удзеле.

 

         Гражуль Мацвей:   Вясёлая і займальная паездка разам з сябрамі, падчас якой можна было памаліцца, паказаць сябе, убачыць іншых, паспаборнічаць з дзецьмі твайго ўзросту, паўдзельнічаць у цікавых конкурсах і атрымаць прыз. Увогуле крута і весела правесці час з сябрамі і аднагодкамі.

 

         Юхневіч Эвеліна: Для мяне паездка была незвычайнай і захапляльнай, бо ў Гродна я пабывала ўпершыню. Мы добра правялі час з сябрамі і завялі новых знаёмых. А яшчэ я зрабіла вывад, што трэба больш цікавіцца мінулым Касцёла і чытаць Біблію, пазнаючы яе з кожным днём усё больш і больш. Жадаю кожнаму паўдзельнічаць у Парафіядзе і адчуць гэтую атмасферу, як быццам ты дома, бо там табе заўсёды рады. Хочацца выказаць падзяку ўсім арганізатарам, якія так стараліся нас забяспечыць ежай і запамінальнымі падзеямі ў нашым жыцці.

 

         Блашкевіч Аляксандр:  Гэтыя два дні былі лепшыя за мінулы месяц. У першы дзень былі розныя конкурсы: пра гісторыю касцёла і Біблію. Яны дапамаглі мне зразумець, што ў наступны раз трэба больш сур’ёзна рыхтавацца, каб перамагчы. Ну а другі дзень быў звязаны са спортам. Таксама мне спадабалася ежа, якую там давалі. Спадабалася начаваць у Духоўнай семінарыі За гэта ўсё я хачу падзякаваць кс. Віктару, вадзіцелю, які нас вазіў, а таксама арганізатарам за тое, што яны гэта ўсё прыдумалі і запрасілі нас.

         Сінькевіч Аніта: Мне вельмі ўсё спадабалася. Кожны дзень мы пачыналі з малітвы і заканчвалі малітвай, а на працягу дзён адбываліся забаўляльныя, інтэлектуальныя, творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Асабліва запомніўся мне ўдзел у конкурсе “Настольны тэніс”, які прынёс мне з маёй сяброўкай адразу два прызавыя месцы. Паездка на Парафіяду запомніцца мне надоўга.

         Кяжун Артур: Я быў самы старэйшы ў нашай камандзе, але нягледзячы на тое, што ўдзел у Парафіядзе прымалі дзеці і моладзь ад 10 да 18 гадоў мы ўсе былі як адна вялікая сям’я. Камандны дух дапамагаў нам рабіць усё разам. У падобным мерапрыемстве ўдзельнічаў першы раз. Ад яго засталіся самыя прыемныя ўражанні і ўспаміны.

 

         Дэбют для нашай каманды можна назваць удалым. Спадзяемся, што ўдзел у мерапрыемстве для нашай парафіі быў першы, але далёка не апошні.  Шчыра дзякуем ад імя парафіі св. Юрыя усім, хто займаецца арганізацыяй Парафіяды, якая ўжо ў дванаццаты раз збірае дзяцей і моладзь з усёй дыяцэзіі, стварае сапраўдную сям’ю Божых дзяцей, вучыць не столькі перамагаць, колькі дапамагаць, быць вернымі і адкрытымі на патрэбы іншых. Выказваем падзяку і пробашчу Варнянскай парафіі кс. Віктару Захарэўскаму за аказаную магчымасць пабываць у Гродна на Парафіядзе 2022.

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.