Сутнасць камуніі тлумачыць ксёндз Віктар Захарэўскі

24. 03. 2021

Хрысціяне перажываюць Вялікі пост, мэта якога – зрабіць наша сэрца больш чулым да Бога і людзей. На найбольш актуальныя пытанні пра камунію адказвае пробашч варнянскай парафіі Святога Юрыя, ксёндз Віктар Захарэўскі.

1.jpg

 

 

– Наколькі ведаю, самым галоўным і важным сакрамэнтам у каталіцкай традыцыі лічыцца эўхарыстыя. Ці так гэта і ў чым яе сутнасць? Гэта тое ж, што і святая камунія, ці існуюць пэўныя адрозненні?

– З грэчаскай мовы эўхарыстыя перакла­даецца, як «удзячнасць», а камунія на лацінскай азначае «супольнасць». Па сут­нас­ці, гэта адно і тое ж: калі казаць па прос­ту, то супольнасць збіраецца разам, каб падзякаваць Богу. Эўхарыстыя – гэта працэс, калі нябачным чынам падчас малітвы святара хлеб і віно становяцца целам і крывёю Хрыста. А камунія – гэта іх прыняцце. 

– Як часта трэба прымаць камунію? 

– У катэхізме дакладна напісана, што кожны католік абавязаны хоць бы раз на год прыняць камунію бліжэй да перыяду Уваскрэсення Езуса. Велікодны перыяд уключае саракадзённы пост і яшчэ 50 дзён. Інакш кажучы, гэта час ад Папяльцовай серады да свята Спаслання Духа Святога, якое ў народзе называюць Сёмухай, – ажно 3 месяцы. Прыступіць да камуніі ў гэты перыяд – абавязак кожнага католіка.

Чалавек – гэта не толькі цела, але і душа. Што было б, каб мы мыліся раз на год, як выглядала б цела? Падумайце, якой стане ваша душа, калі будзеце прыступаць да камуніі толькі раз на год.

Увогуле камунію можна прымаць кожны дзень, не маючы цяжкага смяротнага граху, на працягу месяца. Нават тады, калі ёсць штодзённая правіна ці лёгкі грэх пры ўмове, што чалавек раскайваецца. У гэтым выпадку трэба адгаварыць малітву «Спавядаюся Богу ўсемагутнаму».

2.jpg

 

– Калі святар удзяляе не толькі хлеб – цела Хрыста, але і кроў – віно?

– Калі першыя хрысціяне пераважна камунію прымалі ў дзвюх постацях – у выглядзе хлеба і віна, то цяпер у Касцёле больш распаўсюджана практыка ўдзялення цела. Каб зразумець, чаму так здарылася, варта зазірнуць у гісторыю. Па-першае, узнікалі цяжкасці з захаваннем неспажытай часткі такога роду камуніі, яна магла праліцца з келіха ці лыжачкі на адзенне верніка ці ўвогуле на зямлю – гэта лічыцца святатацтвам. Касцёл паступова стаў больш асцярожна падыходзіць да ўдзялення камуніі ў выглядзе віна. У 16 стагоддзі Трыдэнцкі Сабор пастанавіў у звычайных умовах удзяляць толькі цела Божае ў выглядзе хлеба. Цяпер Касцёл дазваляе святарам даваць святую камунію ў дзвюх постацях у асаблівых выпадках. Напрыклад, падчас хросту, біжмавання, шлюбу. 

З пункту гледжання веры і духоўнага жыцця хрысціяніна форма камуніі не мае асаблівага значэння: у кожнай часцінцы цела (хлеба) і крыві (віна) прысутнічае аднолькавая моц Божай сілы. 

– Якая патрэбна для гэтага пад­рыхтоўка? Хто не можа прымаць святую камунію?

– Важна, каб чалавек хацеў прыняць у сэрца Езуса, і рабіў гэта не спантанна і не таму, што гэтага патрабуе традыцыя, а па ўласным жаданні. 

Прыняць святую камунію чалавек можа толькі ў стане асвячальнай ласкі, якую можна атрымаць праз пазбаўленне грахоў на споведзі. Рабіць гэта лепш кожны месяц. Тут варта нагадаць 5 умоў сакрамэнту пакаяння: рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанова выправіцца, шчырая споведзь і выкананне прызначанай пакуты. 

Паўтаруся, прымаць камунію не можа той, хто жыве ў цяжкім смяротным граху. Найбольш распаўсюджаная ў сучаснасці правіна – канкубінат, больш вядомы як «грамадзянскі шлюб», ці «сужыцельств­а». Мажліва, людзі з’яўляюцца мужам і жонкай перад людзьмі, але не перад Богам. Такім чынам, умовай прыняцця камуніі з’яў­ляецца не наяўнасць ці адсутнасць штампа ў пашпарце, а пацверджанае Касцёлам атрыманне сакрамэнту сужэнства. Састрэлыя ці хворыя людзі, якія хочуць прымаць камунію, павінны звярнуцца да свайго пробашча – ёсць магчымасць скласці прысягу, што будуць жыць, як брат з сястрой да смерці. Пры выкананні гэтага абяцання, яны могуць прымаць цела Божае. Рабіць гэта могуць і адзінокія мужчына ці жанчына, якія бралі шлюб, але разышліся з другой палавінай, пры ўмове, што жывуць у цноце. 

3.jpg

 

– Некаторыя атаясамліваюць споведзь і камунію. А паасобку існуюць гэтыя сакрамэнты? У якіх выпадках пасля споведзі чалавек не можа браць ка­мунію?

– Гэта 2 розныя сакрамэнты, але яны ўзае­мазвязаныя. Пасля споведзі ча­ла­век абавязкова павінен прыняць камунію. Вядома, у жыцці здараецца рознае: напрыклад, у святара няма з сабой бурсы – ёмістасці, у якой пера­носіцца цела Божае, споведзь адбываецца не ў касцёле ці нешта іншае… Што рабіць? У  найбліжэйшы час варта пастарацца ўзяць камунію.

– Год мы жывём ва ўмовах пандэміі каронавіруса.  Ці змяніліся правілы пры­няцця камуніі?

– У храмах выконваюцца ўсе рэка­мен­дацыі: падчас імшы вернікі ў засцерагальных масках, ёсць сродкі для апра­цоў­кі рук. Пры раздачы святой камуніі святар таксама выкарыстоўвае сродкі асабістай засцярогі – маску ці шчыток. Наколькі ведаю, у некато­рых краінах Еўропы падчас імшы камунію святар кладзе ў руку верніка. 

Святая камунія – вялікі дар Божы. Лічу, што кожны веруючы чалавек павінен захоўваць хрысціянскія практыкі: ха­дзіць да споведзі і прымаць святую камунію. 




Текст: Алёна Ганулич

Паважаныя браты і сёстры!

Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.

Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.