З Варнян да Маці Божай Валадаркі Азёраў

20. 08. 2022

         19 жніўня група з 36 чалавек на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Віктарам Захарэўскім вырашыла ажыццявіць аўтапілігрымку з Варнян да Маці Божай Валадаркі Азёраў.

         Пасля ранішняй Святой Імшы, памаліўшыся і атрымаўшы благаслаўленне пробашча на шчаслівую паездку, пілігрымы рушылі ў дарогу. На шляху ў Браслаў яны наведалі 6 святыняў Віцебскай дыяцэзіі, кожная з якіх пакінула незабыўны след у душы кожнага верніка.

         Першы прыпынак пілігрымы здзейснілі ў Лынтупах, дзе пабывалі ў касцёле св.Андрэя Апостала. Сястра Разанна расказала пра гісторыю святыні, адзначыла, што парафія ў Лынтупах мае даўнюю гісторыю, але касцёл, які сёння ўражвае сваёй прыгажосцю і веліччу,  адносна малады: будаваўся з 1908 па 1914 гг. па фундацыі Ю. Бышэўскага і парафіянаў, будаўніцтва было завершана ў 1914 годзе.

         Далейшы шлях прывёў вандроўнікаў у касцёл Св. Яна Хрысціцеля, што знаходзіцца ў Камаях (Пастаўскі раён). Камайская святыня, якой больш за 400 гадоў, паглядае на ўсіх з  высокага пагорка ў цэнтры мястэчка. Гэта незывачайны храм беларускага дойлідства – храм-крэпасць, сцены якога маюць двухмятровую таўшчыню. Па словах мясцовага пробашча ксяндза Яцэка касцёл-крэпасць быў удзельнікам шматлікіх ваенных дзеянняў, пра што нагадваюць гарматныя ядры часоў руска-шведскай вайны, умураваныя ў сцены касцёла. Унікальны гэты храм і тым, што дзверы касцёла заўсёды былі адкрыты для вернікаў, дзякуючы чаму ўнутранае ўбранства знаходзіцца ў добрым стане. Акрамя касцёла, славутасцю Камаяў з’яўляецца плошча каля святыні і каменны крыж непадалёку ад храма, які з’яўляецца своесаблівым сімвалам вёскі.

         Касцёл св. Антонія Падуанскага  ў Паставах -  наступны прыпынак пілігрымкі. Тут служаць айцы-сэрцане, нагадваючы ўсім, што Сэрца – гэта Езус, які заўсёды з любоўю прыходзіць да кожнага чалавека. Храм з чырвонай цэглы пабудаваны ў гатычным стылі. Айцец Віталій, які гасцінна сустрэў гасцей у святыні, адзначыў, што ў савецкія часы касцёл быў зачынены, але дзякуючы руплівасці святароў і парафіян, храм пакрышку набывае былую прыгажосць.

         Відзы – гэта яшчэ адно мястэчка, куды завітала група вернікаў з Варнян. Аб’ектам увагі тут стаў касцёл Нараджэння НПМ, які мае 110-цігадовую гісторыю. Гэты храм з’яўляецца адным з самых высокіх   у Беларусі (вышыня шпіляў – 59 м.). Ксёндз Альфрэд распавёў вандроўнікам гісторыю гэтай святыні, якая пэўны час выконвала функцыю спартыўнай залы. Касцёл пабудаваны ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы. Сёння гэта сапраўдная жамчужына Беларусі.

         Чарговы прыпынак пілігрымы здзейснілі ў мястэчку Опса. Касцёл св. Яна Хрысціціеля, што тут знаходзіцца, таксама ў савецкія часы быў зачынены, вернуты вернікам у 90-х гадах мінулага стагоддзя. Храм уражвае знешняй веліччу і магутнасцю. Абвеяны векавой гісторыяй, ён даносіць да людзей захаваную і пранесеную праз стагоддзі прыгажосць – у гэтым упэўніўся кожны з нас пасля наведвання і гутаркі з мясцовым пробашчам.

         Едучы да Браслава, мы не маглі абмінуць прыгожую беласнежную святыню ў Слабодцы (Браслаўскі раён) – касцёл Божага Провіду, які  з’яўляецца адносна маладым: будаваўся ў 1901-1906 гадах. Знаходзіцца ён на ўзвышшы, таму здалёк можна бачыць гэту велічную святыню, якая з’яўляецца своесаблівым сімвалам Браслаўшчыны. Касцёл уразіў не толькі вонкавай прыгажосцю, дагледжанай тэрыторыяй вакол святыні, але і ўнутраным інтэр’ерам. Уся паверхня сцен храма пакрыта біблейскімі сюжэтамі і арнаментамі, зробленымі таленавітымі рукамі былога пробашча і віцебскіх мастакоў.

         Апошнім аб’ектам пілігрымкі стаў Браслаў – асноўная наша мэта, да якой з адкрытым сэрцам прагнулі вернікі Варнянскай парафіі. У гэты дзень у Санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў  распачаліся Урачыстасці пад дэвізам “Маці супакою, маліся за нас”. Кожны пілігрым імкнуўся да Маці Божай Браслаўскай, каб памаліцца ў сваёй інтэнцыі, падзякаваць Ёй за тое, што збірае ля свайго падножжа вялікую колькасць людзей, аб’яднаных духам веры, любові і надзеі.

         Пілігрымы прынялі ўдзел у наступных мерапрыемствах: Святой Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, канферэнцыі на тэму «Чаму сям’і важная для Касцёла», якую ўзначаліў  Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, ружанцовай малітве, працэсіі са свечкамі і з копіяй абраза Маці Божай па вуліцах горада, Святой Імшы перад абразом Маці Божай, якая адбылася апоўначы 20 жніўня. Акрамя гэтага паслухалі выступленне камернага хору «Salutaris», Акафіст у выкананні хору Грэка-каталіцкай Царквы.

         Удзельнікі пілігрымкі шчыра дзякуюць свайму пробашчу ксяндзу Віктару Захарэўскаму за арганізацыю такой цудоўнай вандроўкі і аказаную магчымасць асабіста пакланіцца Маці Божай Валадарцы Азёраў. Спадзяемся, што добрая традыцыя, распачатая ў мінулым годзе падчас падарожжа па святынях Гродзенскай дыяцэзіі, захаваецца ў нашай парафіі і далей.

 

больш фота тут

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.