12 мая, ва Урачыстаць Найсвяцейшай Тройцы, варнянскія парафіяне адчувалі двайную радасць, так як у гэты святочны дзень 17 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак упершыню прынялі Цела Хрыста ў свае чыстыя, поўныя любові, надзеі і веры сэрцы. Вельмі важнаму моманту ў жыцці маленькіх вернікаў папярэднічалі два гады падрыхтоўкі. Праз гэты час, дзякуючы катэхэтцы Марыне Бразевіч і пробашчу парафіі ксяндзу Віктару Захарэўскаму, дзеці вучылі малітвы, пазнавалі навуку Хрыста, разважалі аб Божым слове, вучыліся адрозніваць дабро ад зла, стараліся зразумець і палюбіць Хрыста, памнажалі сваю веру, каб праз жывы ўдзел у жыцці касцёла заўсёды адчуваць прысутнасць Хрыста ў сваім сэрцы.
Напярэдадні дзеці прыступілі да сваёй першай споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць Хрыста.
У нядзелю ж у парафіяльным касцёле было асабліва людна і прыгожа. Бацькі першакамуніных дзетак адмыслова ўпрыгожылі святыню, каб першае прыняцце Цела Хрыста ў памяці дзяцей засталося як найвялікшая падзея ў іх жыцці. У па-святочнаму ўбраным храме панавала атмасфера ўрачыстасці, шчырай малітвы, спакою і ўпэўненасці, што гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі стануць паўнапраўнымі прысутнымі ў парафіяльнай сям’і і будуць карыстацца Божай ласкай, якую даюць ім сакраманты.
Перад урачыстай Эўхарыстыяй пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі прывітаў дзяцей, іх бацькоў і хросных на вуліцы перад святыняй, заклікаў асаблівым чынам маліцца за дзяцей, каб яны змаглі перажыць сапраўды момант сустрэчы з Хрыстом і трывалі даўжэй у святасці. А пасля бацькоўскага бласлаўлення дзеці ўрачыстай працэсіяй пад спеў песні «Сённяшні дзень Бог падараваў” увайшлі ў храм.
Пры запаленых свечках хлопчыкі і дзяўчынкі аднавілі абяцанні хросту, паабяцалі хадзіць і далей на ўрокі рэлігіі, працягваць вывучэнне Божага Слова, быць годнымі людзьмі ва ўсіх сваіх учынках і рэгулярна ўдзельнічаць у Святых Імшах.
Падчас гаміліі ксёндз Віктар нагадаў дзецям, іх бацькам і ўсім прысутным, што Святая Камунія – гэта незвычайны Божы дар, які з’яўляецца пасілкам для чалавека ў зямным жыцці. Сённяшняя ўрачыстасць напамінае ўсім, што мы атрымалі гэты дар – дар веры, якую мы павінны не толькі трымаць у жыцці пры сабе, але гэтым дарам дзяліцца з бліжнім. Усе мы – дзеці Божыя, незалежна ад таго, колькі нам гадоў. Бог Айцец, любячы кожнага з нас, паслаў нам сваго сына – Езуса Хрыста, каб мы былі шчаслівыя, збаўленыя, каб мы не жылі ў граху, а каб вера наша была мацнейшая, ад Айца Езус Хрыстус спаслаў нам Духа Святога.
З асаблівым хваляваннем і нецярпеннем дзеці чакалі моманту, калі Езус у выглядзе белай Гостыі ўвойдзе ў іх сэрцы. І вось гэта доўгачаканая хвіліна настала. Дзеці з запаленымі свечкамі ў руках разам з бацькамі і хроснымі па чарзе падыходзілі да алтара і першы раз у сваім жыцці прымалі Цела Езуса Хрыста, які з любоўю і ласкай прыйшоў да кожнага з 31 дзяцей ў Эўхарыстыі.
Ксёндз Віктар, удзяліўшы сакрамэнт Першай Камуніі, павіншаваў дзетак з гэтай важнай падзеяй у жыцці, а таксама звярнуўся да бацькоў з просьбай, каб яны былі годнымі сведкамі веры для сваіх дзяцей, дапамагалі ім развіваць еднасць з Хрыстом, клапаціцца пра іх духоўнае развіццё. Святар заахвоціў дзяцей прыходзіць на працягу “белага тыдня” ў касцёл і прымаць удзел у набажэнствах.
Напрыканцы Імшы бацькі выказалі шчырыя словы ўдзячнасці ксяндзу Віктару і катэхетцы Марыне за падрыхтоўку да Першай Святой Камуніі, а таксама Ілоне Калпак за музычнае суправаджэнне ўрачыстай Эўхарыстыі.
Хочацца верыць, што прыняты сакрамэнт стане трывалым фундаментам для дальнейшага духоўнага развіцця юных вернікаў.
больш фота глядзі тут
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.