Сакрамэнт Канфірмацыі

25. 04. 2022

         23 красавіка ў Варнянскай парафіі вернікі з вялікай радасцю віталі шаноўнага госця –ксяндза Арцыбіскупа на пенсіі Тадэвуша Кандрусевіча. Менавіта ён у 1990 годзе асвяціў вернутую святыню – касцёл Св. Юрыя -  вернікам у Варнянах. І вось праз 32 гады лёс прывёў яго зноў сюды, каб удзяліць сакрамэнт хрысціянскай сталасці  53 вернікам.  

         Кандыдаты рыхтаваліся да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці два гады, а рыхтавалі іх да гэтай важнай падзеі пробашч парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі і катэхэтка Жанна Радзевіч.  Разам з бацькамі яны цешыліся і дзякавалі Богу за тое, што моладзь трывае ў Божай ласцы і прагне і далей узрастаць у пазнанні Езуса Хрыста.

          Пробашч парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі ад імя кандыдатаў да прыняцця канфірмацыі звярнуўся да арцыбіскупа з просьбай аб удзяленні сакрамэнту, з увагі на жаданне яго прыняць.  Кандыдаты супольна сказалі, якіх ласкаў чакаюць ад Бога ў сакрамэнце, і аднавілі абяцанні хросту.

         Пасля спецыяльнай малітвы Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт, робячы знак крыжа на чале кожнага з тых, хто яго прымаў. Звяртаючыся да моладзі, узбагачанай сямю дарамі Духа Святога, арцыбіскуп прасіў памнажаць у сабе гэтыя дары, якія патрэбныя чалавеку для таго, каб мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.

         Пасля заканчэння літургіі маладыя людзі  і іх бацькі выказалі словы ўдзячнасці арцыбіскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а свайму душпастыру  і катэхэтцы – за падрыхтоўку іх да гэтай падзеі, якая, як яны падкрэслілі, прычыніцца да ўзрастання ў веры. Верыцца, што надзеленыя дарамі Духа Святога, маладыя людзі будуць вернымі вучнямі Хрыста, што Сакрамэнт хрысціянскай сталасці, атрыманы з рук Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, умацуе іх веру, каб яны словам і чынам распаўсюджвалі і абаранялі яе.

         Напрыканцы Імшы ксёндз Віктар Захарэўскі ў сваю чаргу падзякаваў усім, хто прычыніўся да гэтай падзеі: шматлікім святарам, якія прыбылі на ўрачыстасць, і парафіянам, бо без людзей, без вернікаў, няма касцёла.   

больш фота тут

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.