На працягу Адвэнту дзеці і моладзь Варнянскай парафіі сярод штодзённай мітусні знаходзілі час, каб раніцай перад школай прыйсці у касцёл для ўдзелу ў раратніх Імшах. Трымаючы ў руцэ лампадку, яны станавіліся сведкамі святла Хрыста, якое носяць у сваіх маленькіх сэрцах. Самых актыўных юных вернікаў чакаў прыемны сюрпрыз ад пробашча ксяндза Віктара Захарэўскага пасля Свята Божага Нараджэння.
Гэты сюрпрыз не прымусіў сябе доўга чакаць. Падчас канікул дзеці адправіліся ў незабыўную вандроўку па святынях Астравеччыны, Смаргоншчыны і Ашмяншчыны, якую арганізаваў ксёндз Віктар разам з катэхэткамі Марынай і Жаннай.
4 студзеня раніцай вандроўнікі прыйшлі ў свой родны касцёл, каб прыняць удзел у Святой Імшы і атрымаць благаслаўленне на шчаслівую дарогу. Шчыра памаліўшыся, папрасіўшы ў Бога дапамогі, школьнікі і дарослыя адправіліся на экскурсію па маршруце Варняны – Міхалішкі – Гервяты – Солы – Жупраны – Баруны – Гальшаны – Ашмяны – Гудагай – Астравец – Варняны. Вандроўнікі наведалі 10 святыняў, кожная з якіх уразіла юных турыстаў сваёй таямнічасцю, веліччу, святочным убраннем шопак і калядных інсталяцый.
Першым аб’ектам вандроўкі стаў касцёл Св.Міхаіла Арханёла ў аг.Міхалішкі, дзе пробашч ксёндз Анатоль Захарэўскі падрабязна расказаў пра гісторыю святыні ў Міхалішках, якая даказвае вялікую сілу веры ў Бога. Ксёндз Анатоль пажадаў лёгкай і цікавай вандроўкі.
Другі аб’ект - касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, дзе большасць турыстаў бывалі не раз. Аднак пабачыць святыню ў Калядны перыяд, паслухаць аповед ксяндза-пробашча Дзмітрыя цікава было ўсім.
Дальнейшы шлях прывёў на Смаргонскую зямлю, дзе вандроўнікі наведалі касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах. Святыня адметная сваім роспісам сцен і ўнутраным аздабленнем. Цікавая гісторыя параўнальна маладога касцёла таксама не пакінула нікога абыякавымі.
Са Смаргоншчыны вандроўнікі накіраваліся на Ашмяншчыну, дзе наведалі спачатку касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах, Санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, касцёл Св.Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, а таксама касцёл Св.Міхала Арханёла ў Ашмянах. Ва ўсіх святынях вандроўнікі мелі магчымасць даведацца пра цікавыя факты з гісторыі касцёлаў, атрымаць асалоду ад прыгажосці, створанай рукамі вернікаў.
Касцёл Св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах – адметны аб’ект экскурсійнай паездкі, так як гэта родная святыня нашага пробашча ксяндза Віктара. Менавіта тут ён з дзяцінства вучыўся любіць, пазнаваць і праслаўляць Бога, менавіта сюды і сёння ходзяць маліцца яго бацькі і родныя, менавіта з гэтым касцёлам у ксяндза Віктара звязаны цёплыя дзіцячыя ўспаміны. Шчыры аповед пра святыню запомніўся кожнаму.
Тут жа, у Гальшанах, ксяндзом Віктарам для ўсіх вандроўнікаў быў заказаны абед, пасля якога было вырашана збочыць з выбранага маршрута і наведаць Гальшанскі замак. У замку турысты змаглі пабываць на трох паверхах рэканструяванай вежы, удыхнуць крышку самабытнасці гэтага гістарычнага месца.
А шлях клікаў вандроўнікаў далей. Пасля Ашмян турысты ізноў крочылі на родную Астравецкую зямлю. І на гэты раз аб’ектам для назірання стаў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, дзе ксёндз Аркадзь Куляха гасцінна сустрэў нас, правёў сцяжынкамі святыні і расказаў пра яе гісторыю і сучаснасць.
Апошнімі аб’ектамі экскурсіі сталі два Астравецкія касцёлы – касцёл Св. Космы і Даміяна і касцёл Адшукання Святога Крыжа. Нягледзячы на тое, што гэта была 9-10 святыні ў гэты дзень, здавалася, што стомленасці дзеці зусім не адчуваюць, бо яны з задавальненнем і цікавасцю знаёміліся з адметнасцямі касцёлаў.
Кожная наведаная святыня пакінула добрую памяць ў сэрцы кожнага вандроўніка. Малітва і песня “Пойдзем усе мы да стаенкі” гучала ў кожным касцёле больш натхнёна і шчыра. Хочацца верыць, што канікулы з Богам – гэта шлях да дабра, міласэрнасці, адказнасці і сардэчнасці.
Бацькі дзетак, якім пашчасціла ў гэты дзень прайсціся святымі сцежкамі вандроўкі, дзякуюць ксяндзу Віктару і катэхэткам за арганізацыю цудоўнай і пазнавальнай, насычанай і карыснай экскурсіі.
больш фота глядзі тут
Паважаныя браты і сёстры!
Звяртаемся да вас са шчырай удзячнасцю і любоўю за вашу падтрымку і вернасць нашай святыні. Ваша прысутнасць і ўдзел у жыцці нашай парафіі надзвычай важныя для нас. Мы цэнім кожнага, хто дапамагае падтрымліваць наш касцёл у годным стане праз ахвяраванні і малітвы.
Наш касцёл існуе і развіваецца дзякуючы вашым шчодрым ахвяраванням. Без вашай дапамогі і падтрымкі, нам было б цяжка забяспечыць належныя ўмовы для правядзення службаў, утрымання будынка касцёла.
Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, звяртайцеся ў закрыстыю да кс. Віктара. Няхай Бог багаславіць вашыя намаганні і дасць вам моц і спакой.
У закрыстыі таксама можна:
У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.