Чэрвень ‒ месяц ушанавання Сэрца Езуса

31. 05. 2021
Чэрвеньскія набажэнствы на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса маюць багатую гісторыю. Прысвяціць месяц чэрвень Сэрцу Езуса першай прапанавала выхаванка пансіёна пры адным з парыжскіх кляштараў Анэля дэ Сэнт-Круа. Аднойчы гэтая дзяўчынка пасля таго, як прыняла святую Камунію, падумала, што калі месяц май прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, было б добра прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса. Яна падзялілася сваімі думкамі з выхавальніцай і сяброўкамі, і ім гэта вельмі спадабалася. Ініцыятыву маленькай Анэлі падтрымалі таксама настаяцельніца кляштара і Парыжскі біскуп. Праз пэўны час прапанова прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса дайшла да Папы, і ў 1873 г. Святы Айцец Пій ІХ зацвердзіў чэрвеньскае набажэнства.
Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон,
       Хрыстэ, элейсон,  Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
       Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
       – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
       – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
       – змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа,
       – змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці
Духам Святым створанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, са Словам Божым
істотна з’яднанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, святыня Бога,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
палымнеючае вогнішча міласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
справядлівасці і любові скарбніца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усіх цнотаў глыбіня бяздонная,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усялякай хвалы найдастойнейшае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы
мудрасці і ўмеласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
упадабанне Айца Нябеснага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
цярплівае і вялікай міласэрнасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх,
хто да Цябе звяртаецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, крыніца жыцця
    і святасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
уміласціўленне за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
злачынствамі нашымі змучанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
паслухмянае ажно да смерці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дзідай прабітае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
крыніца ўсялякага суцяшэння,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жыццё і ўваскрашэнне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
супакой і паяднанне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жывая ахвяра за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, збаўленне тых,
хто на Цябе спадзяецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, надзея тых,
хто ў Табе памірае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, радасць усіх святых,
       – змілуйся над намі.

Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – даруй нам, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – змілуйся над намі.

С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,
Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.
Н.: Амэн.


Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.

Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.

С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.

Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.

С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.

Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.


Прысвячэнне сям’і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
(Малітва чытаецца ўсёй сям’ёй)

Пане Езу Хрыстэ, наш Збаўца!
Ты прыйшоў на свет, каб запаліць на зямлі агонь Божай любові, і хацеў, каб ён запалаў у кожным сэрцы. Ты хочаш зрабіць гэта таксама праз сем’і, якія будуць жыць паводле Евангелля. Да такіх сем’яў хочам належаць і мы. Таму сёння Сэрцу Твайму, якое так нас палюбіла, прысвячаем назаўсёды нашу сям’ю. Натхнёныя шчырай і жывой верай, аддаем Табе наш розум, нашую волю і сэрцы, прымаючы Твае запаведзі. Хочам заўсёды жыць Тваім жыццём, як галінкі вінаградніка, захоўваць асвячальную ласку, яднацца з Табою ў штодзённай малітве, у Ахвяры і святой Камуніі. У лучнасці з Касцёлам і яго пастырамі будзем змагацца з грахом, бараніць святасць сужэнства і зачатага жыцця, клапаціцца пра хрысціянскае выхаванне моладзі. Будзем абараняць сям’ю ад п’янства, распусты і нянавісці. Будзь для нас, Езу Хрыстэ, Валадаром і паяднаннем нашых сэрцаў. Благаславі нашую працу і адпачынак, нашыя поспехі і няўдачы. Учыні, каб нашая сям’я, паяднаная з Табою, праслаўляла ў небе Тваю міласэрнасць. Амэн. 
 
Прысвячэнне чэрвеня асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса адбылося не на пустым месцы. За шмат гадоў да гэтага адбыліся важныя аб’яўленні, якія сталі крыніцаю культу Сэрца Езуса. 16 чэрвеня 1675 г. у кляштары візітак у Парэ-лё-Маньяль у Францыі Езус Хрыстус трэці раз аб’явіўся сястры Маргарыце Марыі Алякок, калі тая малілася ў капліцы. Езус сказаў ёй: «Я хачу, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела з гэтага часу стала асобным святам на ўшанаванне Майго Сэрца і праз святую Камунію і іншыя пабожныя практыкі была прысвечана перапрашэнню за знявагі, якія Я зношу ў той час, калі падчас актавы знаходжуся выстаўленым на алтарах. За гэта Я абяцаю табе, што Маё Сэрца спашле шчодрыя ласкі ўсім тым, хто такім чынам ушануе Маё Сэрца або будзе спрыяць пашырэнню яго ўшанавання». Святая Маргарыта Марыя Алякок і айцец Клод дэ ля Каламб’ер, езуіт, які быў спаведнікам сясцёр візітак, з таго часу пачалі рабіць усё для таго, каб выканаць просьбу Езуса.
01.06 - Пачатак Чэрвеньскіх набажэнстваў на ўшанаванне Сэрца Езуса Хрыста (кожны дзень за 30 хвілін да Св.Імшы)

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.