Ушанавалі памяць Казіміра Сваяка

26. 05. 2021

22 мая ў вёсцы Барані Астравецкага раёна адбылася ўрачыстасць з нагоды ўшанавання памяці вялікага сына Астравеччыны — беларускага каталіцкага святара Кастуся Стаповіча, які зрабіў вялікі ўнёсак у нацыянальную культуру як паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца і грамадска-палітычны дзеяч, пішучы пад псеўданімам Казімір Сваяк.

На панадворку хаты, у якой нарадзіўся святар-паэт, адбылася цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы з удзелам ксяндза Казіміра Ляховіча з Быстрыцы, ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў, ксяндза Яцка Гутмана з Камаяў, ксяндза Віктара Захарэўскага з Варнян, ксяндза Анатоля Захарэўскага з Міхалішак, а таксама айца Юрыя Находкі OCD з Гудагая.

Пасля набажэнства была зладжана літаратурна-мастацкая кампазіцыя, у якой прагучалі творы святара-паэта, а таксама вершы і песні яго землякоў з Астравеччыны.

На пачатку настаўніца з Камаяў Генуэфа Дубіловіч прачытала свой верш «Сэрца Святара», які прагучаў як падарунак для ўсіх прысутных святароў. Затым спадарыня Генуэфа зрабіла агляд сустрэч, якія ладзіліся ў гонар Казіміра Сваяка ў Камаях, Клюшчанах і Баранях пачынаючы ад 2006 года. Выступоўца пажадала, каб гэтыя сустрэчы, якія нясуць духоўнае ўзбагачэнне, ладзіліся і надалей.

Людміла Кухарэвіч з Варнян прачытала сумны верш Сваяка пра адчуванне ягонай смерці,  а пасля праспявала песню на ўласны верш «Святая Марыя», які напісала ў гонар святара-паэта і прысвяціла Маёвым набажэнствам. Людміла Іванаўна па даручэнні мастачкі Тарэсы Варановіч з Дайлідак, якая не змагла прысутнічаць на свяце, уручыла ў падарунак пробашчу клюшчанскай парафіі ксяндзу Анатолю Захарэўскаму карціну з выявай Казіміра Сваяка на фоне клюшчанскага касцёла.

Супрацоўніца астравецкай газеты Алена Гануліч уручыла ганаровыя дыпломы Іяланце Валуевіч і Зофіі Шапель — пераможцам конкурсу, прымеркаванага да 130-годдзя з дня нараджэння Казіміра Сваяка, вынікі якога былі падведзены ў канцы мінулага года.

Камертонам амаль ва ўсіх выступленнях гучалі згадкі пра верш у гонар Казіміра Сваяка аўтарства яшчэ аднаго знакамітага земляка — Станіслава Валодзькі (нарадзіўся ў 1956 г. у вёсцы Падольцы).

А потым у бяседзе-застоллі гучалі песні, у адной з якіх былі такія словы:

Вёсачка Барані — за барамі —
Мілая радзімка Сваяка,
Дзе ўзяла пачатак свой уранні
Слынная жыцця яго рака.

Слухалі тут белыя бярозкі
І пачуў нарэшце белы свет,
Як з чароўнай Музай-беларускай
Шчыра размаўляў святар-паэт.

Моў прыгожых ёсць на свеце многа,
Ды найпрыгажэйшая — свая.
Як на беларускай мове з Богам
Годна размаўляў святар Сваяк.

Несумненна, колішні клюшчанскі пробашч (чатыры гады таму, у чэрвені 2017 года, драўляны касцёл у Клюшчанах згарэў пры невядомых абставінах), які некалі ў сваёй парафіі арганізаваў цудоўны хор (у ім ён сам іграў на скрыпцы і спяваў), цешыцца ў небе.

Гэта вялікая ласка Найвышэйшага, калі тваё жыццё і надалей з’яўляецца прыкладам для нашчадкаў: як трэба прайсці па зямлі, каб пакінуць пасля сабе памяць ва ўдзячных сэрцах наступнікаў.

Кароткае, але яркае жыццё самаахвярнага святара (1890, вёска Барані — 1926, Вільня) гэтаму доказ.

Завадатарамі-вядоўцамі літаратурна-мастацкай кампазіцыі былі землякі святара-паэта Іяланта Валуевіч ды Алесь Юркойць.

Мастак-ілюстратар Галіна Хінка-Янушкевіч падаравала прысутным дзеткам з Камаяў (у тамтэйшы касцёл атрымаў сваё першае прызначэнне вікарыем маладзенькі ксёндз Кастусь Стаповіч) свае апошнія выданні — вершы ксяндза А. Твардоўскага (у перакладзе паэткі з Гародні Дануты Бічэль) і зборнік Мар’яна Дуксы (1943-2019; паэт нарадзіўся на Мядзельшчыне, аднак большую частку жыцця пражыў у Солах ля Смаргоні). Абодва выданні выйшлі нядаўна ў беларускім каталіцкім выдавецтве.

Гэтая сустрэча была ўжо 15-й па ліку. І будзе мець працяг у будучым, пакуль жыве ў нашай краіне і на Астравецкай радзіме памяць пра святара Кастуся Стаповіча і адначасова выключнага нацыянальнага паэта Казіміра Сваяка.

 

catholic.by

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.