Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2021 года

31. 03. 2021

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы велікоднага прывітання сёння гучаць ва ўсім свеце. Яны абвяшчаюць радасную і збаўчую навіну аб Уваскрасенні Хрыста, абвяшчаюць Яго перамогу над грахом і смерцю, абвяшчаюць свята жыцця і Хрыстом падараванага нам міру.

Сёння мы з радасцю паўтараем пытанне святога апостала Паўла:

«Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе твоё джала?» (1 Кар 15, 55).

Паўтарем падчас небяспечнай пандэміі каранавірусу, якая пагражае нам цяжкай хваробай і нават смерцю. Паўтарем падчас грамадска-палітычнага крызісу, які прывёў да падзелу нашага грамадства і пагражае неўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. Паўтараем з надзеяй, услухоўваючыся ў першыя словы, якімі Уваскрослы Езус прывітаў сабраных у Вячэрніку апосталаў: «Спакой вам» (Ян 20, 21).

Свята Пасхі Хрыстовай вядзе нас да незразумелай чалавечаму розуму праўды, якая выглядае як парадокс, бо Хрыстус смерць перамог смерцю.

Ці магчыма, каб смерць вяла да жыцця? Праўда Змёртвыхпаўстання сведчыць, што ў Бога магчыма.

Вельмі прыгожа аб гэтым спявае Праваслаўная Царква ў Пасхальным трапары: «Хрыстос уваскрос з памерлых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў».

2. Людзі па-ранейшаму любяць глядець апошнія навіны на экранах тэлевізараў, хоць у апошнія часы ўсё больш карыстаюцца інтэрнэтам. Калі мы глядзім па тэлевізары навіны, то ўнізе экрану таксама часта бачым так званы бягучы радок, дзе адначасова падаецца іншая інфармацыя. Аднак на экране нечакана можа з’явіцца напіс: Breaking News — «Гарачыя, тэрміновыя навіны». Ён заахвочвае телеглядачоў сканцэнтравацца на іх, бо яны самыя свежыя, вельмі важныя і актуальныя.

Калі б дваццаць стагоддзяў таму было тэлебачанне, то першай і найбольш важнай навінай усіх тэлекампаній свету была б навіна пра Уваскрасенне Езуса. Гэта была б сапраўдная Breaking News!

3. Кожны дзень мы чуем шмат разнастайных навінаў. Аднак нават самыя важныя не жывуць доўга. Дзень-два, і яны знікаюць, бо з’яўляюцца іншыя, больш свежыя і актуальныя.

Нягледзячы на гэта, навіна пра Уваскрасенне Езуса з’яўляецца заўсёды актуальнай і таму мы адзначаем яе кожны год. Так адбываецца, бо гэта найважнейшая ў гісторыі чалавецтва падзея, якая цалкам змяніла жыццё і дала яму новую надзею. Замест смерці Хрыстус даў нам гарантыю вечнага жыцця.

Акрамя самога свята Пасхі, мы асаблівым чынам адзначаем увесь Велікодны перыяд, падчас якога разважаем пра значэнне Уваскрасення Езуса ў нашым асабістым жыцці, жыцці грамадства і Касцёла. У гэты перыяд чытаюцца Дзеі Апосталаў, якія з’яўляюцца гісторыяй Касцёла першых десяцігоддзяў і сведчаць аб распаўсюджванні навіны пра Уваскрасенне Езуса. Калі мы кідаем камень у пруд, то ўзнікаюць канцэнтрычныя хвалі, якія разыходзяцца да яго берагоў. Падобна павінна быць і з навіной аб Уваскрасенні Хрыста, якая ўскалыхнула свет. Яна павінна распаўсюджвацца да краёў зямлі.

4. Што з’яўляецца самым важным у жыцці? Напэўна, не адзін з нас задае сабе падобнае пытанне. Сярод важных штодзённых спраў мы не маем права забывацца пра справу нашага збаўлення.

У Дзеях Апосталаў святы апостал Пётр кажа, што Езус з’яўляецца Суддзёй жывых і памерлых (пар. Дз 10, 42).

Таму на самай справе нішто іншае, акрамя Езуса, не мае значэння для нашага збаўлення.

Таксама святы апостал Павел кажа, што неабходна шукаць тое, што на вышынях, дзе сядзіць Хрыстус (пар. Клс 3, 1–4).

У сучасным свеце існуе шмат ідэалогій. Існавалі яны таксама і на пачатку гісторыі Касцёла. Тады, напрыклад, узнікла пытанне пра тое, ці для збаўлення патрэбна абразанне. Дзеі Апосталаў прадстаўляюць рашэнне Ерузалемскага Сабору, які сцвярджае, што мы збаўленыя пасхальнай таямніцай Езуса Хрыста, а не абразаннем, таму яно не патрэбна для збаўлення (пар. Дз 15).

Сучасны свет прапануе шмат адказаў на пытанне, як жыць. Найчасцей яны ілжывыя і падманлівыя. Але ёсць толькі адзіны праўдзівы адказ. У цемры свеціць адзінае святло — Езус Хрыстус, якога сімвалізуе пасхальная свечка. Ён адзіны Уваскрос і адзіны мае праўдзівыя адказы на нашыя пытанні пра жыццё і яго сэнс.

Паколькі ніхто іншы не ўваскрос, то словы Езуса — гэта самыя важныя словы ва ўсе часы і ва ўсім свеце.

Такім чынам той, хто шукае адказ на пытанні пра жыццё і яго сэнс, павінен шукаць іх у Езуса.

Уся Біблія — гэта Божае слова, а чатыры Евангеллі — гэта словы Езуса. Менавіта таму мы надаем Евангеллю асаблівае значэнне. У свеце не існуе іншых словаў, падобных да словаў Евангелля.

Аднойчы хтосьці задаўся пытаннем, як бы гэта даведацца, што думае Бог у той ці іншай сітуацыі. Гэта магчыма. Думку Бога мы знаходзім у Евангеллі Езуса. Словы Хрыста паходзяць ад Яго нябеснага Айца. Таму словы Езуса — гэта словы Бога. Калі мы хочам ведаць, што думае Бог, то нам неабходна звярнуцца да Святога Пісання.

5. Пры гэтым трэба памятаць, што Уваскрасенне Хрыста, будучы найбольш актуальнай падзеяй усіх часоў, у той жа час з’яўляецца пачаткам распаўсюджвання Яго прысутнасці ў свеце.

Перад сваёй смерцю Езус прабываў у Галілеі, але пасля Уваскрасення ёсць паўсюль у сваім слове і сакрамэнтах.

Пустая грабніца сведчыць аб тым, што Езуса там ужо больш не было. Дзе ж Ён быў? На працягу сарака наступных дзён Збаўца шмат разоў з’яўляўся сваім апосталам і вучням у розных месцах. Сёння праз паслугу Касцёла Езус знаходзіцца ва ўсіх кутках свету.

Імшальныя чытанні падчас Велікоднага перыяду прадстаўляюць новыя сведчанні пра Уваскрасенне Езуса. Дзякуючы сустрэчы з вучнямі на дарозе ў Эмаўс Ён навучыў нас, што Яго неабходна шукаць у Эўхарыстыі. Ён ішоў у гэтае паселішчы разам з двума вучнямі. Аднак яны, нягледзчячы на тое, што Ён усю дарогу тлумачыў ім Святое Пісанне, не пазналі Яго, бо пасля Уваскрасення Яго цела было іншым, перамененым.

Яны Яго пазналі толькі пры ламанні хлеба, гэта азначае ў Эўхарыстыі. Падобнае адбываецца падчас кожнай святой Імшы. Мы слухаем Божае слова і сустракаем Езуса ў Эўхарыстыі. Ён працягвае прысутнічаць з намі ў Божым слове і сакрамэнтах. Калі мы хочам сустрэць Яго, то заўсёды маем такую магчымасць.

У Божым слове Ён прамаўляе да нас гэтак жа, як прамаўляў да сваіх вучняў дваццаць стагоддзяў таму, а ў сакрамэнтах адбываецца асабістая сустрэча з Ім, якая нас змяняе і духоўна ўмацоўвае.

Дзякуючы сакрамэнту хросту мы становімся членамі Касцёла з правам удзельнічаць у іншых сакрамэнтах. У сакрамэнце канфірмацыі Езус пасылае нам Святога Духа з яго сямю дарамі. У сарамэнце паяднання праз святара адпускае нашыя грахі і вяртае годнасць святыні Святога Духа. Хворыя атрымліваюць сакрамэнт намашчэння як духоўную падмогу на пераход з гэтага жыцця ў вечнае. Сваёй прысутнасцю Езус благаславіў вяселле ў Кане Галілейскай і цяпер благаслаўляе сужэнцаў ў сакрамэнце сужэнства. Падобна таму, як падчас Апошняй вячэры Ён устанавіў дванаццаць апосталаў першымі святарамі, таксама праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння пасылае новых прэзбітэраў на сваё жніво.

Сённяшніяя Breaking News — «гарачая, тэрміновая навіна» — нагадвае нам, што Уваскрослы Езус прабывае з намі ў Касцёле і ў ім нам служыць.

Калі мы хочам атрымаць адказы на праблемы нашага жыцця, то павінны звярнуцца да Яго. Ён адзіны, хто уваскрос, і адзіны, хто можа даць адказ на іх. Мы толькі павінны слухаць. Слугі на вяселлі ў Кане Галілейскай паслухалі Езуса, і стаўся цуд перамянення вады ў віно. Паслухаемся ж і мы, і станецца цуд нашага духоўнага ўваскрашэння, цуд Пасхі Беларусі!

6. У сённяшняй складанай грамадска-палітычнай сітуацыі нашай краіны мы, будучы рознымі, не можам быць ворагамі адно аднаму, бо мы грамадзяне адной краіны і з’яўляемся аным народам.

Сваёй пасхальнай таямніцай Езус аднавіў Запавет Бога з чалавецтвам і паказаў нам шлях да ўзаемнага прымірэння.

У імя Уваскрослага Езуса мы павінны імкнуцца да таго, каб сярод нас не было «пераможаных» і «пераможцаў», як кажа святы Ян Павел ІІ (Прамова да духавенства, законнікаў і семінарыстаў. Вільня, 4 верасня 1993 г.), але каб усе былі братамі, як заклікае Папа Францішак у сваёй энцыкліцы Fratelli tutti — «Усе браты» (гл. FT 1).

Пераможцам павінна стаць уся Беларусь, а гэта магчыма толькі ў міласэрным Хрысце, які не толькі прабачае, але таксама загойвае нашыя раны. Пасхальная таямніца Хрыста — гэта апагей Божай міласэрнасці, якой мы давяраем сябе і нашу Бацькаўшчыну з надзеяй на яе шчаслівую будучыню.

7. Дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую вас са святам Уваскрасення Хрыста.

Віншую іншых хрысціянаў, якія разам з намі адзначаюць гэтае збаўчае свята.

Віншую праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць час Вялікага посту і 2 мая будуць адзначаць свята Пасхі Хрыстовай.

Віншую ўсіх людзей добрай волі.

Няхай Уваскрасенне Хрыста стане адказам на пытанні, якія турбуюць нас і нашае грамадства! Няхай яно верне нам надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 8), што праз пакаянне і прымірэнне з Богам, Касцёлам і бліжнім можна падняцца з грахоўнай магілы да новага жыцця ў Божай ласцы! Няхай дапаможа нам стаць людзьмі ўваскрасення!

Уваскрослы Езу, благаславі нас, нашыя сем’і і наш Касцёл, які сёлета 13 красавіка адзначае 30-годдзе адраджэння сваіх іерархічных структур.

Благаславі нашу Бацькаўшчыну Беларусь, каб яна была краінай вечна жывой Пасхі!

Са святам! Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мінск, 25 сакавіка 2021 г., урачыстасць Звеставання Пана

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.