Канікулы лепш за ўсё праводзіць з Богам!

03. 01. 2024

“Канікулы лепш за ўсё праводзіць з Богам” – пра гэта ведаюць дзеці з парафіі св.Юрыя ў Варнянах. Ужо не першы год падчас адпачынку дзяцей пробашч ксёндз Віктар Захарэўскі ладзіць цікавы і карысны час сумеснага суправаджэння.

         2 студзеня 25 дзетак, якія сістэматычна хадзілі на Рараты, а таксама нядзельныя і святочныя Святыя Імшы ў перыяд Адвэнту, былі запрошаны святаром у цікавае падарожжа.

         Дзяцей і дарослых, якія пасля ранішняй Эўхарыстыі і атрымання благаславенства на шчаслівую дарогу рушылі ў шлях, чакалі незабыўныя моманты сустрэчы з Хрыстом у некалькіх святынях: касцёлах св.Юзафа і св.Казіміра ў Маладзечна, касцёле Святой Троіцы ў Радашковічах, а таксама касцёле Узнясення Дзевы Марыі ў пасёлку Краснае.

         Кожная святыня пакінула незабыўны след у сэрцах маленькіх вернікаў. Яны падыходзілі да прыгожа ўбраных шопак з Нованароджаным Хрыстом і шчыра ўзносілі малітвы і спеў на праслаўленне Збаўцы. А цікавыя экскурсіі, праведзеныя для іх святарамі, узбагацілі юных вернікаў яшчэ і новымі ведамі.

         Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў, за якія мы бязмежна ўдзячны Богу і добрым людзям, якія сустрэліся на шляху ў гэты дзень. Ксёндз прэлат-канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч касцёла св.Юзафа, дэкан Маладзечненскі не толькі арганізаваў пачастунак для  дзяцей, але благаславіў кожнага рэліквіямі, а таксама зрабіў вельмі каштоўны падарунак для нашай святыні: ён падарыў прыгожы марыйны арнат з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.  Ксёндз канонік Юрый Быкаў у Радашковічах цёпла сустрэў падарожнікаў і пранікнёна распавёў пра гісторыю святыні. Менавіта ад яго дзеці даведаліся, што ў Радашковіцкай святыні ў далёкім 1882 годзе прымаў хрост паэт Янка Купала. Брат-айцец Уладыслаў Мінько, капуцын, расказаў пра гісторыю зусім яшчэ маладой Маладзечненскай святыні, а таксама адзначыў, што іх касцёл св. Казіміра ў гэтым годзе адпустовы, бо належыць айцам францішканам. З нагоды 800-й гадавіны ўсталявання першых ясляў святым Францішкам у Грэча, тут можна атрымаць адпуст, памаліўшыся перад падрыхтаванымі яслямі. Завяршылася сустрэча і ў гэтай святыні салодкімі пачастункамі.

         Канчатковым пунктам экскурсіі стаў парк “Улитка”, што знаходзіцца ў г.п.Радашковічы Маладзечненскага раёна. Тут турысты змаглі ўбачыць не толькі слімаковую ферму, але і цікавыя віды птушак на птушыным двары, наведаць кантактны заапарк з папугаямі і іншымі дзівоснымі жывёламі, а таксама паспрабаваць знакаміты дэлікатэс – стравы са слімакоў.

         З экскурсіі дзеці вярнуліся шчаслівыя і задаволеныя. Шчыра дзякуем пробашчу Варнянскай парафіі ксяндзу Віктару Захарэўскаму за нястомную апеку над духоўным развіццём маладога пакалення, за прагу прывіцця дзецям веры ў Бога і любові да бліжняга, за ўсё, што ён чыніць так шчыра і аддана. 

         Некаторыя маленькія вернікі з радасцю падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі:

         Керна Андрэй, 6 гадоў: Ад паездкі атрымаў самыя прыемныя ўражанні. Гэта яшчэ адзін падарунак на мой дзень нараджэння. Мне вельмі спадабаліся яселькі, у якіх нарадзіўся Езус. Але пакарміць папугаяў і паглядзець на жывёл, якіх яшчэ не бачыў, было таксама неверагодна цікава.

         Клышко Дар’я, 11 гадоў: Паездка вельмі цікавая і карысная. Мяне прыемна ўразілі касцёлы, у якіх пабывалі. Асабліва ўразіў учынак святара з Маладзечна: ён зрабіў нашаму кс.Віктару вельмі важны падарунак. Значыць, у яго вялікае і сэрца, і душа. Менавіта да гэтага заклікаў ксёндз Эдмунд і нас. Спадабаліся мне і папугаі. У гэтым парку я ніколі не была. Асабліва цікавым стала тое, што мы з сяброўкамі пакаштавалі слімакоў.

         Клышко Злата, 7 гадоў: Вялікі дзякуй ксяндзу Віктару, што даў магчымасць нам пабываць у розных месцах. Час прайшоў хутка. Хацелася, каб гэты дзень не заканчваўся.

         Жакун Максім, 8 гадоў: Вельмі рад, што пабываў сёння разам з іншымі дзецьмі ў такіх цікавых месцах. Сумна не было нідзе. Дзякуй нашаму пробашчу за ідэю і ўсім сябрам за прыемную кампанію.

         Адула Дзяніс, 6 гадоў: Я не прапусціў ніводнай Раратняй Імшы ў гэтым годзе. Вось такіх, як я, ксёндз Віктар і ўзнагародзіў цікавай паездкай, за што вялікі дзякуй яму. Спадабалася абсалютна ўсё. Дома будзе пра што расказаць і паказаць, бо ўсё здымаў на тэлефон.

         Керна Дар’я, 7 гадоў: Хачу шчыра падзякаваць ксяндзу Віктару за экскурсію. Нас усюды сустракалі як вельмі важных і дарагіх гасцей. Напэўна, Божанька дапамог нам гэты дзень пражыць вельмі цікава.

         Валэйка Ян,12 гадоў: Дадзеная паездка – прыемны сюрпрыз ад пробашча. Хоць да апошняга моманту мы не ведалі, куды паедзем, я быў ўпэўнены, што будзе цікава. Вельмі спадабаліся касцёлы. Я там ні разу яшчэ не быў. Цікава было паглядзець на батлейкі з маленькім Езусам у іншых касцёлах. А яшчэ  я першы раз у жыцці пакаштаваў слімакоў і яны мне вельмі спадабаліся. Вялікі дзякуй нашаму любімаму ксяндзу Віктару за такую цудоўную паездку. Няхай Бог яму стакратна ўзнагародзіць.

         Валэйка Багдан , 8 гадоў: Мяне перапаўняюць эмоцыі, бо падарожжа сапраўды атрымалася крутое. І касцёлы, і парк, дзе мы пазнаёміліся з папугаямі, совамі, петушкамі, слімакамі і іншымі жывёламі і птушкамі – усё выклікала шмат пазітыўных эмоцый. Я заўважыў, што вочы гарэлі не толькі ў дзяцей, але і дарослых, якія былі з намі. Спадзяюся, гэта паездка не стане апошняй і ў хуткім часе мы далей паедзем пазнаваць Беларусь і яе святыні з нашым дарагім ксяндзом Віктарам.

больш фота  глядзі тут

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.