Крыж суправаджае хрысціяніна ўсё жыццё: ад нараджэння і да смерці

08. 09. 2023

                   Да крыжа
                   Мы свае нясём
                   Усе надзеі і трывогі.
                   Да Крыжа
                   Мы свае вядзём
                   Усе сцяжынкі і дарогі…

         Сапраўды, крыж суправаджае хрысціяніна ўсё жыццё: ад нараджэння і да смерці. Крыж знаходзіцца ў кожным доме, крыж мы бачым у святыні, пры дарозе, на могілках. Кожны дзень у хрысціяніна распачынаецца знакам крыжа, кожная важная справа суправаджаецца знакам крыжа, у небяспецы і радасці хрысціянін таксама ахінае сябе гэтым святым знакам. Крыж — неад’емная частка нашай веры. Праз стагоддзі ён нагадвае нам пра сэнс ахвяры Хрыста і збаўлення, якое дадзена нам менавіта праз крыж.

         Зусім нядаўна на могілках у аг.Варняны адбылася знакавая падзея: былі устаноўлены два крыжы (каталіцкі і праваслаўны), злучаныя паміж сабой. Устаноўка новых крыжоў — не проста падзея, гэта вынік, за якім хаваецца добрая воля людзей розных канфесій, іх сяброўства, узаемная павага. А 8 верасня гэтыя крыжы былі асвечаныя пробашчам Варнянскай парафіі ксяндзом Віктарам Захарэўскім і айцом Мікалаем Уцякалкам, які абслугоўвае храм святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах. У гэты дзень разам са святарамі на могілках сабраліся вернікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, каб прыняць удзел у набажэнстве. Пасля асвячэння крыжоў спачатку сваю малітву за памерлых скіраваў бацюшка Мікалай, пасля ксёндз Віктар правёў сваё набажэнсва.

         Ксёндз Віктар Захарэўскі, які ініцыіраваў ідэю стварэння і ўстаноўкі гэтых крыжоў і якому вельмі ўдзячны ўсе  жыхары Варнян і навакольных вёсак, лічыць, што мястэчка Варняны, у якім у сяброўстве жывуць праваслаўныя і католікі, у якім ёсць касцёл і царква, даўно патрабаваў аб’екта, які стане агульным сімвалам дзвюх канфесій. І вось ён з’явіўся на мясцовых могілках.

         “Калі зазірнуць у гісторыю Варнян, то раней тут жылі пераважна католікі, але паступова, асабліва ў савецкія часы, сюды сталі прыязджаць на пастаяннае месца жыхарства праваслаўныя вернікі. Пакуль тут не было царквы, многія наведвалі касцёл, але зараз, калі царква з’явілася, яны маюць шчасце маліцца ў сваёй святыні. Увогуле, самымі важнымі месцамі ў любым пасёлку з’яўляюцца святыня і могілкі. У Варнянах ёсць і касцёл, і царква, а вось могілкі адны, на якіх спачываюць усе памерлыя, незалежна ад веравызнання. Таму і нарадзілася ідэя, каб на могілках з’явіліся два злучаныя крыжы. Мы адна мясцовасць, у нас адзін Бог, таму мы павінны жыць у брацтве, міры і згодзе. Цешуся, што айцец Мікалай падтрымаў ідэю і згадзіўся разам асвяціць крыжы і вобраз Божай Маці, які знаходзіцца паміж крыжамі. З волі Божай адбылося гэта 8 верасня, у дзень нараджэння Маці Божай. Марыя як маці аб’ядноўвае ўсіх людзей, благаславіць нас, а нашым памерлым выпрошвае Неба. Дзякую Богу, што ўсё задуманае атрымалася рэалізаваць, што знайшліся людзі, якія ў розны спосаб дапамаглі ажыццявіць задуму. Няхай Пан Бог будзе ўсімі намі праслаўлёны, а нашы памерлыя, якія спачываюць на могілках, як найхутчэй дасягнуць вечнай радасці ў Божым Валадарстве!” – адзначыў ксёндз Віктар.

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.