Аўтапілігрымка з Варнян у Санктуарый Езуса Журботнага ў Росі

21. 08. 2023

         17 жніўня 47 чалавек на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Віктарам Захарэўскім накіраваліся ў аўтапілігрымку з Варнян у Санктуарый Езуса Журботнага ў Рось. А на шляху група вернікаў наведала яшчэ 13 святыняў Шчучынскага, Мастоўскага і Ваўкавыскага дэканатаў.

         Маршрут быў вызначаны працяглы і вельмі цікавы. У 4.00 раніцы пасля малітвы і благаслаўлення пробашча ў роднай Варнянскай святыні на шчаслівую паездку, пілігрымы рушылі ў дарогу. На шляху да Росі вернікі пабывалі ў шматлікіх святынях: касцёле Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне (Санктуарый Маці Божай Фацімскай), касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы, святыні Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны ў Мікелёўшчыне, касцёлах Святога Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах, Воўпе і Мсцібава, касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай ў Мастах, святынях імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі  і  Вярэйках, касцёле Найсвяцейшай Тройцы   ў Шылавічах, касцёле Святога Міхала Арханёла ў Гнезна, святынях Святога Вацлава і Святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. У кожным касцёле  для пілігрымаў былі праведзены экскурсіі як самімі пробашчамі, так і сёстрамі законнымі або свецкімі асобамі. Адчувалася гасціннасць і добразычлівасць людзей, з якімі сустрэліся ў гэтым цудоўным куточку Беларусі. А кожная святыня з яе багатай гісторыяй, унутранай і знешняй прыгажосцю і велічнасцю, незвычайнай атмасферай духоўнага спакою ў сэрцах пілігрымаў пакінула незабыўны след.

         Не маглі абмінуць падарожнікі і могілкі ў Ваўкавыску, дзе зусім нядаўна пахаваны святой памяці ксёндз Пралат Антоній Філіпчык, які родам з Астравеччыны, з Варнянскай парафіі (в.Чыжоўшчызна). За яго душу былі скіраваны малітвы ля магілы святара-земляка.

         Асаблівым пунктам у маршруце пілігрымкі стаў касцёл Святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску, бо там сёння служыць наш былы пробашч ксёндз Павел Звяжыньскі. Атрымалася цёплая сустрэча, радасць была ўзаемная, ад моманту апошняй  сустрэчы прайшло больш за тры гады. Былыя парафіяне разам з ксяндзом Віктарам  павіншавалі кс.Паўла з днём нараджэння і запрасілі ў госці на Астравеччыну, у родныя Варняны.

         Апошнім пунтам аўтапілігрымкі стаў  Санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, дзе, дарэчы, ксёндз Віктар Захарэўскі калісьці паўтара года        служыў дыяканам. Нягледзячы на тое, што ў Рось пілігрымы прыбылі ў 20.00, гэта не перашкодзіла ў поўным аб’ёме выканаць задуманае. Пасля экскурсіі і павучальнага слова пробашча кс. Каноніка Чэслава Паўлюкевіча, дэкана Ваўкавыскага, пілігрымы прынялі ўдзел у Святой Імшы, якую ўзначаліў кс.Віктар Захарэўскі. Менавіта тут, у Санктуарыі Езуса Журботнага, прысутныя падзякавалі за насычаны на падзеі дзень і атрымалі благаслаўленне на шчаслівае вяртанне дадому.   Кожны пілігрым імкнуўся да Езуса Журботнага, каб памаліцца ў сваёй інтэнцыі, падзякаваць Яму за тое, што збірае ля свайго падножжа вялікую колькасць людзей, аб’яднаных духам веры, любові і надзеі.

         Пасля смачнай вячэры, арганізаванай парафіянамі ў Росі, пілігрымы накіраваліся дадому, у Варняны, пры гэтым выказаўшы задуму, што абавязкова сюды яшчэ вернуцца.                     

         Удзельнікі пілігрымкі ўдзячны Богу за магчымасць духоўна ўзрастаць праз наведванне святых месцаў; дзякуюць кожнаму і кожнай, хто сустрэўся ў гэты дзень на шляху і зрабіў яго вельмі пазнавальным і карысным, хто разам маліўся і праслаўляў Пана Бога. Асаблівыя ж словы падзякі  заслугоўвае пробашч ксёндз Віктар Захарэўскі, які  арганізаваў чарговую  цудоўную вандроўку для сваіх парафіян. Спадзяемся, што добрая традыцыя падарожнічаць па святынях Беларусі, распачатая  два гады назад, захаваецца ў нашай парафіі і далей.

фота тут

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.