Першая Святая Камунія

22. 05. 2023

8 хлопчыкаў і дзяўчынак 21.05.2023г. упершыню прынялі Цела Хрыста ў свае чыстыя, поўныя любові, надзеі і веры сэрцы. Вельмі важнаму моманту ў жыцці маленькіх вернікаў папярэднічалі два гады падрыхтоўкі. Праз гэты час, дзякуючы катэхэтцы Марыне Бразевіч і пробашчу парафіі ксяндзу Віктару Захарэўскаму, дзеці вучылі малітвы, пазнавалі навуку Хрыста, разважалі аб Божым слове, вучыліся адрозніваць дабро ад зла, стараліся зразумець і палюбіць Хрыста, памнажалі сваю веру, каб праз жывы ўдзел у жыцці касцёла заўсёды адчуваць прысутнасць Хрыста ў сваім сэрцы.  

         Напярэдадні дзеці прыступілі да сваёй першай споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць Хрыста.

         У нядзелю ж у парафіяльным касцёле было асабліва людна і прыгожа. Бацькі першакамуніных дзетак адмыслова ўпрыгожылі святыню, каб першае прыняцце Цела Хрыста ў памяці дзяцей засталося як найвялікшая падзея ў іх жыцці. У па-святочнаму ўбраным храме панавала атмасфера ўрачыстасці, шчырай малітвы, спакою і ўпэўненасці, што гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі стануць паўнапраўнымі прысутнымі ў парафіяльнай сям’і і будуць карыстацца Божай ласкай, якую даюць ім сакраманты.

        Ксёндз Віктар, удзяліўшы сакрамэнт Першай Камуніі, павіншаваў дзетак з гэтай важнай падзеяй у жыцці, а таксама звярнуўся да бацькоў з просьбай, каб  яны былі годнымі сведкамі веры для сваіх дзяцей, дапамагалі ім развіваць еднасць з Хрыстом, клапаціцца пра іх духоўнае развіццё. Святар заахвоціў дзяцей прыходзіць на працягу “белага тыдня” ў касцёл і прымаць удзел у набажэнствах.

         Напрыканцы Імшы бацькі, дзеці выказалі шчырыя словы ўдзячнасці ксяндзу Віктару і катэхетцы Марыне за падрыхтоўку да Першай Святой Камуніі, а таксама Ілоне Калпак за музычнае суправаджэнне ўрачыстай Эўхарыстыі:

Сёння ў нас вельмі важная дата:

Святую Камунію мы прынялі

Святочны настрой і пачуццяў багата,

Шчаслівыя Божыя дзеці ўсе мы!

 

Мы дзякуем Богу за гэту хвіліну,

Якую чакалі працяглы ўжо час.

І сёння наш Езус з любоўю і ласкай

Прыйшоў у Эўхарыстыі да кожнага з нас.

 

Ксёндз Віктар, мы дзякуем Вам за Сакрамант,

Які ўдзялілі нам, і за ўсё,

Што робіце шчыра, з любоўю, аддана,

Вы поўніце сэнсам наша жыццё.

 

Вы – наша надзея, наша падтрымка,

Прыемна заўжды з Вамі быць.

Жадаем Вам плёну, здароўя, цярпення,

І з радасцю Богу і людзям служыць.

 

Шаноўная, мілая пані Марына,

Два гады мы хадзілі да Вас.

Вы многаму нас навучылі,

Вялікі Вам дзякуй ад кожнага з нас!

 

Мы дзякуем мамам і татам, бабулям,

Што нас у касцёл у свой час прывялі,

А сёння мы па-сапраўднаму сталі

Паўнапраўнымі членамі касцёльнай сям’і.

 

Урачыстасць нашай Першай Камуніі

Сабрала родных і блізкіх людзей.

Шчыра дзякуем вам за малітву,

Хай спаўняецца безліч надзей.

 

Гэты дзень, падораны Богам,

Нам запомніцца назаўжды.

Божа, дзякуй Табе за ўсе ласкі! –

гучна кажам сёння ўсе мы.

         Хочацца верыць, што прыняты сакрамэнт стане трывалым фундаментам для дальнейшага духоўнага развіцця юных вернікаў.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.