ВЕЛІКАПОСНЫЯ РЭКАЛЕКЦЫІ АДБЫЛІСЯ Ў НАШАЙ ПАРАФІІ

26. 03. 2023

З 24 па 26 сакавіка ў нашай парафіі адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Праводзіў іх кс. Артур Малафей, пробашч парафіі св.Айца Піо ў Гродне, які на працягу трох дзён шчыра дзяліўся з вернікамі сваім сведчаннем веры.

   Гэта быў час асаблівай працы над сабой, час задумацца над сваёй штодзённасцю, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, час аднаўлення духоўнага жыцця кожнага з нас, магчымасць затрымацца на хвілінку, каб зачэрпнуць Божага паветра.

  У першы дзень рэкалекцый кс.Артур разважаў на тэму вялікага посту. Нагадаў усім прысутным пра тры аспекты, якія павінны стаць у гэты час самымі важнымі – пост, малітва, міласціна. Скіраваў увагу вернікаў, што падчас посту мы павінны аднавіць наша навяртанне, даць больш месца Богу, даверыцца Яму, паставіць Яго ў цэнтры свайго жыцця.

  Другі дзень (25.03) супаў са святам Звеставання Пана, таму падчас гаміліі ксёндз Артур скіраваў ўвагу на вобраз Марыі, Маці Божай. “З верай Марыі звязана Яе паслухмянасць Божай волі. Яна верыла ў Божае слова, таму магла поўнасцю прыняць яго ў сваім жыцці, а праяўляючы пакорлівасць у адносінах да найвышэйшага замыслу Бога, Яна згадзілася на ўсё, чаго чакалі ад Яе ў Вышыні”,- адзначыў святар. Таму кожны павінен скіроўваць свой позірк на Маці Адкупіцеля, якая заклікае наследаваць Яе пакору і ўбоства, каб, ідучы за Яе прыкладам і дзякуючы Яе заступніцтву, мы маглі трываць у Божай ласцы, якая асвячае і перамяняе сэрцы.

  Трэці дзень рэкалекцый скіраваў увагу вернікаў на тэму Эўхарыстыі. Святар звярнуў увагу на тое, што слова «Эўхарыстыя» перашапачаткова азначае «падзяку», а таму неабходна за ўсё дзякаваць Богу і праслаўляць Яго ў кожнай сітуацыі. Эўхарыстыя – знак адзінства, падчас якога мы прымаем Хрыста, напаўняем душу ласкай і атрымліваем задатак вечнага жыцця. Кс.Артур падкрэсліў, наколькі важна наша прысутнасць у Доме Божым падчас Эўхарыстыі, так як менавіта там мы адчуваем асаблівую Божую любоў.

  Казанні кс.Артура – гэта не проста маналог, а суразмоўніцтва, бо кожнае слова знайшло жывы водгук у сэрцах людзей. Былі ўзняты актуальныя пытанні, якія з’яўляюцца нашай штодзённасцю. Яны грунтаваліся не толькі на Святым Пісанні, але і на прыкладах са свайго жыцця, жыцця знаёмых. А самае важнае тое, што ў словах святара адчуваўся клопат, імкненне перамяніць кожнага з нас на лепшае,бо ўсё сказанае ішло ад добрай душы.

Упэўнены, што час, праведзены разам, стаў плённым перажываннем і падрыхтоўкай да вялікага свята Уваскрасення Езуса Хрыста.

Словамі шчырай падзякі кс. Артуру і пажаданнямі Божых ласкаў, няспыннай апекі Марыі Панны, здароўя, людской зычлівасці, душэўнага спакою, радасці і ўсяго найлепшага завяршыліся трохдзённыя сумесныя малітвы і разважанні.

Шчыра дзякуем мы сёння

Ад усёй парафіяльнай сям’і.

І не раз пабываць запрашаем

На гасціннай Варнянскай зямлі.

У чарговы раз дзякуем нашаму пробашчу кс.Віктару Захарэўскаму за яго апеку над намі, за арганізацыю рэкалекцый у парафіі, за запрашэнне цікавага госця, неабыякавага чалавека, адданага святара кс. Артура.

Словы падзякі выказваем і святарам Астравецкага дэканату, якія ў суботу з’ехаліся да нас у святыню, каб даць магчымасць кожнаму жадаючаму прыступіць да сакраманту пакаяння.

 

больш фота тут

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.