Адбылася Урачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай

08. 10. 2022

7 кастрычніка ў прыгожы восеньскі дзень ў Варнянскім касцёле святога Юрыя адбыўся фэст, прысвечаны Маці Божай Ружанцовай.  

Абраз Маці Божай Ружанцовай шмат год знаходзіўся ў нашай святыні, аднак у пасляваенны час пасля закрыцця касцёла бясследна знік. Пасля аднаўлення касцёла ў 90-я гады ХХ ст. на месцы абраза была ўстаноўлена фігура НПМ Лурдскай. Але традыцыя продкаў адзначаць урачыстасць Панны Марыі Ружанцовай засталася з намі.

 Урачыстасці папярэднічала духоўная падрыхтоўка парафіі. На працягу дзевяці дзён вернікі разам з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім маліліся навэнну да Маці Божай Ружанцовай, падчас якой выказвалі падзякі і просьбы Нябеснай Заступніцы.

А 7 кастрычніка ўрачыстасць распачалася з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога маліліся на Ружанцы, супольнай Адарацыі і Эўхарыстычнай працэсіі вакол  касцёла.

У святочнай Імшы і працэсіі прынялі ўдзел ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч з Астраўца, ксёндз-канонік Здзіслаў Ведэр са Смаргоні, кс. Анатолій Захарэўскі з Міхалішак, кс. Яцэк Хутман з Камаяў (Пастаўскі раён),ксёндз Казімір Мурава са Смаргоні, а. Аркадзь Куляха OCD з мястэчка Гудагай, кс. Аляксандр Сямінскі з Кямелішак, мясцовыя вернікі і госці парафіі. Узначаліў адпустовую Імшу дзекан Астравецкі ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч, пробашч касцёла святых Космы і Даміяна. Веруючыя ў супольнай малітве прасілі ў Марыі прабачэння за людскія грахі і прасілі яе аб міласэрнасці і заступніцтве.

Гамілію падчас урачыстай святой Імшы прамовіў ксёндз-канонік Здзіслаў Ведэр. Ён скіраваў увагу на бязмежную любоў Бога да кожнага з нас. “Мы самі сябе не ў стане так любіць, як любіць нас Бог. Мы павінны ўвесь час памятаць пра гэта і адказваць на гэту любоў” – падкрэсліў святар. Ксёндз-канонік пажадаў вернікам не губляць вялікі дар малітвы да Маці Божай Ружанцовай, паглыбляць і ўмацоўваць яго “Няхай Божая Маці бесперапынна хадатайствуе за нас перад Сынам, а мы ніколі не забудзем той любові, якой Бог адарыў кожнага з нас” – сказаў на заканчэнне ксёндз Здзіслаў.

Падчас Святой Імшы быў асвечаны новы абраз – абраз Св. Казіміра, які нядаўна знайшоў месца ў нашай святыні. Напісала яго мясцовая мастачка з Дайлідак Тарэса Варановіч. Дзякуем ёй за яе талент і прыгожы дар для касцёла.

Напрыканцы ксёндз Віктар Захарэўскі падзякаваў усім за супольную малітву, ксяндзу-дзекану Юзафу за цэлебрацыю гэтай прыгожай урачыстасці, ксяндзу Здзіславу за мудрыя словы навукі, а прысутным вернікам і гасцям парафіі – за шчырую малітву і падрыхтоўку да ўрачыстасці. Пробашч выказаў упэўненасць, што кожны ў гэты дзень падмацаваўся верай і малітвай, каб вярнуўшыся дадому, годна працягваць свае жыццёвыя справы. А таксама нагадаў, што ў кожным са сваіх аб’яўленняў Марыя нагадвала пра Ружанец, тым самым падкрэсліваючы, што праз практыку гэтай малітвы кожная асоба можа выпрасіць у Бога патрэбныя ласкі. Пра гэта ў святыні нагадвае і прыгожа аформлены алтар Маці Божай, дзе змешчаны словы: “На вашы клопаты і  праблемы маю адну параду: вазьміце ў рукі Ружанец!”

больш фота глядзі тут

відэа тут

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.