Навярнуцца да Бога

02. 03. 2022

Папяльцовая серада (Папялец) — гэта першы дзень Вялікага посту. Вялікі пост з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння.

Пакаянне  выражаецца  ў  шматлікіх  формах, найперш — праз пост, малітву, міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.

Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту.

Абрад пасыпання галоваў попелам павінен найперш заахвоціць вернікаў да навяртання. Да навяртання заклікае і формула, якую прамаўляе святар падчас абраду пасыпання галоваў попелам: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”.

Гэты абрад павінен нагадваць чалавеку, што яго жыццё крохкае і абмежаванае і што ўвесь свой давер трэба пакладаць толькі на Бога.

Другая формула – “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” – азначае, што найважнейшым фундаментам чалавечага жыцця павінна быць Божае слова.

Святы Айцец, Папа Францішак у гэтым годзе заклікаў вернікаў прысвяціць Папяльцовую сераду посту ў інтэнцыі міру.

«Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні мінулых тыдняў, адкрываюцца ўсё больш і больш трывожныя сцэнарыі. Як і я, многія людзі ва ўсім свеце адчуваюць трывогу і заклапочанасць. Міру ўсіх пагражаюць інтарэсы часткі», — сказаў Папа.

Няхай Валадарка супакою выратуе свет ад шаленства вайны.

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.