Паведамленне Старшыні ККББ біскупа Буткевіча ў сувязі з ваенным канфліктам ва Украіне

24. 02. 2022

Паведамленне
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

біскупа Віцебскага Алега Буткевіча
ў сувязі з ваенным канфліктам ва Украіне

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

Сёння раніцай свет скалыхнула трагічная навіна: паміж найбліжэйшымі  да нас суседнімі краінамі распачаўся ваенны канфлікт. Здаровы розум і так моцна яшчэ жывая памяць пра наступствы падобных дзеянняў у гісторыі не сталіся эфектыўным стрымліваючым фактарам. Брат узняў руку на брата. Пачаў здзяйсняцца найгоршы сцэнар развязкі той напружанасці, якая ўжо доўгі час існавала паміж братнімі народамі. Так блізка, побач з намі, паміж Расіяй і Украінай, сярод блізкіх нам людзей пачалася вайна.

Гэтая сітуацыя не можа не адгукнуцца болем і ў нашых сэрцах. І калі заклік спыніць пачатую бязглуздасць ужо, напэўна, не будзе дзейсным, застаецца малітва.

З глыбіні сэрца — просьба аб Божай міласэрнасці і прабачэнні для нас, Божых дзяцей, якія не ўмеем мірна вырашаць нашыя непаразуменні і панаваць над сваімі хворымі амбіцыямі, аб спыненні братазабойчага канфлікту, які ва ўмовах сучаснай міжнароднай сітуацыіі можа перарасці ў больш глабальную катастрофу.

Прашу, каб мы, захоўваючы спакой, узнеслі нашую малітву — як асабістую, так і ў парафіяльных супольнасцях, — аб як найхутчэйшым спыненні і як найменшых ахвярах распачатага канфлікту. Каб ён не перарос у чарговую сусветную вайну, і гэта не скончылася агульным апакаліпсісам. Хрыстус кажа нам: «Усё магчыма для таго, хто верыць». Дапамажы, Божа, нашаму бязвер’ю! (пар. Мк 9, 23–24) Таксама заахвочваю да посту і ахвяравання цярпенняў і пакутаў у гэтай інтэнцыі.

Божа, дай апамятацца гэтаму свету і спашлі яму свой спакой, свой Божы спакой!

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.