успамін св. Агаты, панны і мучаніцы

30. 01. 2022

На працягу некалькіх стагоддзяў у Рыме пабудавалі тры касцёлы, прысвечаныя гэтай святой. Людзі як бы не маглі насыціцца яе святасцю і заступніцтвам. Кожны новы храм, кожны будынак сведчыў: мы табе давяраем, апякуйся намі!

Гэта паказальна, што святая Агата, сама паходжаннем з Сіцыліі, з горада Катанія, змагла павярнуць да сябе патрабавальных жыхароў Рыма. Яе гісторыя ў прынцыпе падобная да гісторыі святых мучаніц трэцяга стагоддзя. Яе асабістая сустрэча з Хрыстом і прыняцце веры былі звязаныя з пастановай прысвяціць сваё жыццё Богу праз дзявоцтва. Для многіх, а таксама для Квінцыяна, намесніка Сіцыліі, гэта было дзівацтвам і вычварэннем. Не дабіўшыся ад Агаты згоды на сужэнства, гэты рымскі чыноўнік з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу пачынае ламаць жыццё Агаты. Спачатку спрабуе яе зняславіць, скампраметаваць з дапамогаю жанчыны лёгкіх паводзін, пазней, выкарыстоўваючы ганенні на хрысціянаў, аддае яе на катаванні. З гісторыі вядома, што, дамагаючыся адрачэння веры, каты адрэзалі Агаце грудзі. Таму вельмі часта на абразах яна прадстаўленая з адзеннем, якое прыціскае да сябе, або з падносам, на каторым ляжаць адсечаныя грудзі.

Вельмі цікавыя аповеды пра тое, якім чынам святая мучаніца Агата апякуецца людзьмі. Да сённяшніх часоў у дзень яе літургічнага ўспаміну асвячаецца так званы “хлеб святой Агаты”. Яго вернікі захоўваюць як матэрыяльны знак апекі Божай і святой Агаты.

Праз год пасля яе смерці выбухнуў вулкан Этна, пагражаючы знішчыць горад Катанія. І, паводле розных крыніц, працэсія з рэліквіямі або з часткай адзення мучаніцы спыніла мора лавы(!).

З тых часоў святая Агата лічыцца апякункай людзей ад пажараў. Гэта падаецца неверагодным, але шматлікія вернікі сведчаць, што атрымлівалі цудоўнае ацаленне ад пажару або іншай небяспекі, молячыся да святой Агаты. Адна старэйшая жанчына распавядала, што калі ў яе здарыўся пажар і агонь ахапіў гаспадарчыя будынкі, то вецер быў такі моцны і скіраваны на хату, што выдавалася: справа некалькіх хвілін і нічога не застанецца. Яна асабіста, узяўшы ў руку кавалачак хлеба святой Агаты, у напрамку агню зрабіла знак крыжа і памалілася. Эфект быў неверагодным, не баюся гэтага слова, цудоўным: агонь паядаў хлявы, а да хаты не мог дацягнуцца. Складвалася ўражанне, што ён разбіваецца аб нябачную сцяну(!).

Агату на абразах можам пазнаць па пальмавай галінцы, сімвале мучаніцтва, а таксама па прадметах мучэння – шчыпцах, адсечаных грудзях. Таксама на яе абразах можна ўбачыць хлеб і агонь.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.