24.06 - Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса

07. 06. 2021

Гэтае свята, прысвечанае ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста, заўсёды адзначаецца ў пятніцу, на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела Хрыста і на дванаццаты дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Не гледзячы на тое, што гэты дзень з'яўляецца ўрачыстасцю, вернікі не маюць абавязку прысутнічаць на святой Імшы.


Гэтая ўрачыстасць у літургічным календары з’явілася параўнальна нядаўна, яна была ўстаноўлена папам Піем IX у 1856 годзе. Але традыцыя асаблівага ўшанавання Сэрца Збаўцы існавала ўжо шмат вякоў. Да распаўсюджвання культу ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса прычынілася французская манахіня Маргарыта Марыя Алякок, якая жыла ў XVII стагоддзі. Падчас аб'яўленняў Хрыстос выказаў жаданне, каб Яго Сэрца ўшаноўвалася ва ўсім свеце. 

Адбылося гэта 16 чэрвеня 1675 года падчас аднаго з аб'яўленняў, якое пазней было названа "вялікім". Тады Пан Езус наказаў, каб было ўстаноўлена спецыяльнае свята для ўшанавання Яго Сэрца, і вызначыў пятніцу пасля актавы Божага Цела, каб праслаўляць Яго Сэрца як ахвяру  ўміласціўлення за няўдзячнасць людзей, што адмаўляюць Яго любоў. Асабліва Езус дакараў у няўдзячнасці тых, каго Ён у сваёй дабрыні паклікаў на служэнне сабе і святому Касцёлу, якія вядуць лад жыцця, няварты такога ўзнёслага звання. Збаўца таксама абяцаў асаблівыя ласкі тым, хто будзе ўшаноўваць Яго Найсвяцейшае Сэрца.

З таго часу з’явіліся розныя формы ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Многія з іх пашырыліся на ўвесь свет, некаторыя засталіся толькі ў манаскіх супольнасцях або цалкам зніклі. У сучасным касцёльным календары акрамя спецыяльнай ўрачыстасці, Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса прысвечана кожная пятніца месяца, а таксама ўвесь месяц чэрвень.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса пасля прыняцця святой Камуніі чытаецца малітва, у якой выказваецца просьба, каб Сэрца Езуса, у якім свет адкрывае сапраўдную прыроду Бога, навучыла нас бачыць Хрыста ва ўсіх людзях.

Пашана, якой мы атуляем Сэрца Езуса, пэўным чынам «патрабуе» чытання Бібліі, адкрывання таго, што ёсць зместам і сілай пульсацыі Сэрца Езуса. Езус-Чалавек безумоўна ведаў напамяць доўгія фрагменты юдэйскай Бібліі (калі не ўсю), як кожны пабожны юдэй. Але Ён не толькі памятаў тэкст. Ён быў прасякнуты яе зместам: Божымі намерамі, Божымі планамі — таксама наконт Ягонага ўласнага жыцця як чалавека. Гэтыя планы Ён змясціў у глыбіні свайго чалавечага Сэрца, зрабіў іх сваімі, стаўся ім паслухмяны.

Біблія мае сэрца, ззяючы цэнтр, з якога Дух дае тым, хто чытае Пісанне з руплівасцю і малітвай, жывое разуменне веры. І гэтым сэрцам з’яўляецца Сэрца Езуса. Такі шлях вядзе да сузірання ўнутранай таямніцы, схаванай за абліччам Хрыста, да жыцця, якое пульсуе ў Яго Сэрцы.

Disce cor Dei in verbis Dei — Пазнай сэрца Бога ў Божых словах — скажа напрыканцы VI ст. Грыгорый Вялікі, заклікаючы да штодзённага разважання над Божым словам. Малітоўная медытацыя Бібліі ў святле Сэрца Езуса ў сучасным свеце, сасмяглым без любові, можа стаць кнігай жыцця для трэцяга тысячагоддзя.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.