Навэнна да Духа Святога

09. 05. 2021

Навэнна, або дзевяцідзённае набажэнства да Духа Святога, бярэ свой пачатак у малітоўным чаканні Апосталамі спаслання абяцанага Езусам Суцяшыцеля (пар. Дз 2, 1–4). Пасля ўнебаўшэсця Пана Апосталы вярнуліся ў Ерузалем і на працягу дзевяці дзён сумесна трывалі ў малітве разам з Марыяй, жанчынамі і вучнямі Пана (пар. Дз 1, 12–14). Адсюль у Касцёле паходзіць звычай праводзіць навэнну да Духа Святога, пачынаючы з пятніцы пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана да суботы перад ура­чыстасцю Спаслання Духа Святога. Той, хто асаблівым чынам ушаноўвае Духа Святога, можа маліцца навэнну ў пэўнай інтэнцыі ў любы час, напрыклад, перад прыняццем важнага рашэння або перад важнай жыццёвай падзеяй.


Парадак навэнны

  • малітва да Духа Святога;
  • малітвы на паасобныя дні навэнны;
  • малітва Ойча наш;
  • малітва на заканчэнне;
  • напрыканцы можна прачытаць літанію да Духа Святога, літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі або іншую адпаведную літанію.

Малітва да Духа Святога

Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе, будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры па­дзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.

 

Разважанні на кожны дзень навэнны

Першы дзень

«У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е». <...> Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго…» (Ян 7, 37–39).

Молімся: Пане Езу Хрыстэ, як дрэва пасля дажджу расце і пладаносіць, таксама і мы прагнем прыняць ласку Духа Святога і прыносіць плён цнотаў. Амэн.

Другi дзень

Святое Пісанне вучыць: Ён «збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Святым Духам, якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб, апраўданыя Ягонаю ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця» (Ціт 3, 5–7).

Молімся: Божа, які ў святым хросце шчодра выліў на нас Духа Святога, учыні ласкава, каб Ён падтрымліваў нашу прагу неба, каб Ён нас натхняў, вучыў, асвячаў, суцяшаў, умацоўваў, лячыў, апраўдваў і збаўляў. Амэн.

Трэцi дзень

Святое Пісанне вучыць: «Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам» (1 Кар 12, 13).

Молімся: Духу Найсвяцейшы, Божа еднасці, згоды і спакою, просім Цябе пакорна, каб Ты заўсёды яднаў усіх веруючых у Хрыста ў Яго святым Касцёле. Амэн.

Чацвёрты дзень

Святое Пісанне вучыць: «Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, які пазначыў нас і даў сэрцам нашым задатак Духа» (2 Кар 1, 21–22).

Молімся: Духу Святы, мы дзякуем Табе за тое, што Ты нас прыпадобніў да Бога, даўшы задатак шчасця вечнага, і заклікаў нас да святасці. Амэн.

Пяты дзень

Святое Пісанне вучыць: «Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай» (Рым 8, 26–27).

Молімся: Пане Езу Хрыстэ, дзякуючы прабыванню ў нас Духа Святога, наша малітва здольная перамагчы сатану і спакусы свету, а таксама здольная праслаўляць Цябе разам з Айцом і Духам Святым. Амэн.

Шосты дзень

Святое Пісанне вучыць: «Паступайце ў духу і пажаданняў цела не выконвайце. А плён духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Калі мы жывём паводле Духа, то і паступаем паводле Духа» (Гал 5, 16. 22. 25).

Молімся: Пане, павяліч у нас веру ў Цябе і заўсёды асвячай нас святлом Духа Святога, каб мы жылі паводле Духа і цешыліся Яго плёнамі. Амэн.

Сёмы дзень

Святое Пісанне вучыць: «Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым» (1 Кар 6, 19–20).

Молімся: Божа, пакуль мы жывём, мы змагаемся са злом. Таму учыні, каб мы навучыліся ўтаймоўваць ўсялякія спакусы і дрэнныя схільнасці з дапамогаю Духа Святога, які прабывае ў нас, каб жыць вечна. Амэн.

Восьмы дзень

Святое Пісанне вучыць: «”Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго”. Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, нават у глыбіні Божыя» (1 Кар 2, 9–10).

Молімся: Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы тваіх вернікаў і запалі ў іх агонь Тваёй любові, каб мы любілі Бога ўсім сэрцам і атрымалі шчасце вечнае. Амэн.

Дзявяты дзень

Святое Пісанне вучыць: «Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць» (Дз 2, 1–4).

Молімся: Духу Святы, які ўчыніў так, што Апосталы гаварылі па розных мовах, учыні, каб мы ў хрысціянскім жыцці маглі гаварыць моваю словаў, моваю ўчынкаў, моваю прыкладаў і на ўсіх магчымых мовах дзеля павелічэння хвалы Божай. Амэн.

 

Малітва на заканчэнне

Божа, Ты адкрыў нам браму жыцця вечнага, узвялічыўшы Хрыста і па­слаў­шы нам Духа Святога. Учыні, каб такія вялікія дары ўмацавалі нашую адда­-
насць Табе і павялічылі нашую веру. Праз Хрыс­та, Пана нашага. Амэн.

 

Літанія да Духа Святога 

Гэтая літанія складаецца з трох групаў заклікаў: пералік якасцяў і дароў Духа Святога; просьбы да Духа Святога, каб Ён захаваў нас ад розных небяспекаў, якія пагражаюць нашаму духоўнаму жыццю; а таксама просьбы, каб Дух Святы падтрымаў нас у практыкаванні цнотаў і нашым ўзрастанні ў Божай ласцы.

Кірые, элейсон,
— Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
— Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа,
— змілуйся над намі.

Духу Святы мудрасці,
— змілуйся над намі.
Духу Святы розуму,
Духу Святы рады,
Духу Святы мужнасці,
Духу Святы ўмеласці,
Духу Святы пабожнасці,
Духу Святы боязі Божай,
Духу Святы, Святло прарокаў
і Апосталаў,
Духу Святы, наш Суцяшыцелю,
— змілуйся над намі.

Будзь да нас літасцівы,
— даруй нам, Духу Святы, Божа.
Будзь да нас літасцівы,
— выслухай нас, Духу Святы, Божа.

Ад празмернага спадзявання
на Божую міласэрнасць,
— выбаў нас, Духу Святы, Божа.
Ад усялякай роспачы і сумнення
ў Божай ласцы,
— выбаў нас, Духу Святы, Божа.
Ад супраціўлення спазнанай праўдзе веры,
Ад зайздрасці бліжняму, які мае
Божую ласку,
Ад закамянеласці сэрца,
Ад смерці без пакаяння,
Ад усялякіх злых і распусных
учынкаў і думак,
Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,
Ад кары вечнай,
Праз цудадзейную справу Тваю
пры зачацці Езуса Хрыста,
Праз прыйсце Тваё ў языках вогненных,
— выбаў нас, Духу Святы, Божа.

Мы, грэшныя, Цябе просім,
— выслухай нас, Духу Святы, Божа.
Каб Касцёл Твой святы накіроўваць
і захоўваць у згодзе меў ласку,
Каб нас у пабожнасці і пакоры
ўзмацніць меў ласку,
— выслухай нас, Духу Святы, Божа.
Каб нас сталасцю і мужнасцю адарыць
меў ласку,
Каб думкі нашыя да жадання
нябесных спраў узнесці меў ласку,
Каб нас ачысціць і для годнага жыцця
дзеля Цябе прысвяціць меў ласку,
Каб нас у цярпенні нашым
суцешыць меў ласку,
Каб нас у міласці сваёй упэўніць
меў ласку,
Каб нас усіх да хвалы вечнай давесці
меў ласку,
Каб мы Цябе любілі і дзеля Цябе грахоў асцерагаліся,
— выслухай нас, Духу Святы, Божа.

Баранку Божы, які бярэш на сябе
грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе
грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе
грахі свету, — змілуйся над намі.

С.: Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа.
Н.: І духа справядлівасці аднаві ў душы маёй.
С.: Пане, выслухай малітвы нашыя.
Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць.

Молімся: Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові, які сабраў усе народы ў адзінстве веры, каб Твая ласка асвяціла нашыя сэрцы і ахоўвала нас ад усялякага зла. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.

 
 
 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.