У чым заключаецца шлях звычайнага чалавека да святасці?

06. 05. 2021

«Усё служыць на карысць тым, хто любіць Бога» (Рым 8, 28)

Для чаго чалавек нараджаецца на свет? Для чаго мы жывем? Уся гісторыя чалавецтва — гэта няспынны пошук адказу на гэтыя фундаментальныя пытанні. Кожны разумее, што ад адказу на пытанне пра сэнс (мэту) жыцця залежаць усе іншыя адказы, планы, дзеянні асобы. Чым больш выразна мы разумеем сэнс нейкай справы, тым больш яна нас матывуе (гл. Флп 3, 8–11).


Пра святасць разважае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Сярод незлічонай колькасці варыянтаў адказу на пытанне пра сэнс жыцця з вуснаў Касцёла не перастае гучаць выразны адказ Бога (Мдр 1. 1–10; Ян 3, 16–18). Не ўсе на яго зважаюць. Але тыя, хто прыслухаўся да Божага слова, раптам адкрываюць неверагодную лагічнасць і сэнсоўнасць усяго. Святы Эфрэм Сірыйскі параўноўваў такіх людзей з вандроўнікамі ў пустыні, якія, ужо стомленыя падманлівымі міражамі аазісаў, раптам наткнуліся на сапраўдную паўнаводную крыніцу. Яе існаванне сярод пустыні здаецца настолькі неверагодным, што чалавек не можа паверыць таму, што бачыць, чуе і да чаго датыкаюцца яго рукі і вусны. Сярод мёртвай пустыні ён знаходзіць і трымае ў далонях жыватворчую ваду і акунаецца ў яе невычэрпныя воды (гл. св. Эфрэм, Каментарый да чатырох Евангелляў). Нешта падобнае перажывае кожны чалавек, які пачынае адкрываць Бога і шлях святасці ў Ягоным Касцёле (гл. папа Францішак, Пасланне з нагоды 30-га Сусветнага дня моладзі, 29.03.2015).

Калі чалавек адкрыты на спатканне з Панам і гатовы на ўсё, што гэтае спатканне прынясе, яно пачынае перамяняць яго жыццё. Менавіта ў гэтым спатканні і крыецца ключ да святасці.

Гэта шлях душы, якая не жадае больш блукаць і бегаць за ўласнымі думкамі і ілюзіямі. Яна пачынае не прыдумваць, а адкрываць (гл. Ян Павел ІІ, «Памяць і самасвядомасць»).

Назіраючы за такой асобай, іншыя людзі часта яе не разумеюць, бо яна кіруецца не людской, але Божай логікай. Сэнс яе паводзінаў у тым, каб навучыцца глядзець на жыццё па-Божаму, а для гэтага неабходна цалкам прыняць Яго волю. Калі аднойчы вучні запыталіся ў святога Максімільяна Кольбэ, што такое святасць, ён падышоў да дошкі і намаляваў дзіўную формулу: «С = В + в». «Што гэта значыць?» — спыталіся вучні. «Усё вельмі проста, — адказаў айцец Максімільян. — Святасць — гэта калі воля чалавека поўнасцю супадае з воляй Божай». Хрысціянскае разуменне прыняцця волі Пана — гэта не сляпое (рабскае) падпарадкаванне. Наадварот, гэта разумнае і свядомае распазнанне дабра, памкненне волі да яго і дзеянне, каб яно стала часткай жыцця чалавека (гл. Габр 10, 9–10.16.23–24). 

На практыцы рэалізацыя хрысціянскага разумення святасці азначае свядомае імкненне рэалізаваць Божы план, Яго прапановы, запаведзі, парады. Таму сапраўдны хрысціянін думае пра святасць не як пра мэту, але як пра ўмацаванне адносінаў з Богам (гл. ККК, 2014). А гэтыя адносіны ўмацоўваюцца на шляху пастаяннага кантакту з Панам праз малітву, прыняцце святых сакрамэнтаў, чытанне і разважанне Божага слова, практыванне стылю жыцця, які Ён прапаноўвае (запаведзі, цноты, касцёльныя наказы, духоўнае кіраўніцтва святара). Усе гэтыя дзеянні неабходныя таму, што святасці (г.зн. Бога) немагчыма дасягнуць толькі чалавечымі сіламі. Для гэтага неабходна звышнатуральная дапамога Божай ласкі (гл. ККК, 2021–2026). Але, каб яе прыняць, трэба яе хацець і прасіць у Пана (гл. Эф 2, 8–10).

Асоба, якая ўпэўнена рухаецца наперад на шляху святасці, нават не заўважае гэтага. Яе святасць становіцца відочнай і выразнай толькі тады, калі яна сутыкаецца з грэшнасцю і недасканаласцю акружэння. Пры гэтым яна не канцэнтруецца на ўласнай святасці, бо сэнс і мэта не ў самой дасканаласці, але ў цесных адносінах з дасканалым Панам.

Мэта чалавека — адбудаваць разарванае грахом з’яднанне з Богам. Шлях адбудовы гэтых адносінаў — гэта і ёсць шлях узрастання ў святасці.

Святы — гэта той, хто адбудаваў і максімальна развіў свае адносіны з Богам (гл. 1 Ян 3, 1–3; Рым 11, 33–36; Ё. Ратцынгер, «Дух літургіі»).

Шлях хрысціянскай святасці — гэта шлях штодзённых і канкрэтных учынкаў, якія робяць нас больш Божымі. Гэта значыць, што святы той, чыя воля супадае з воляй Божай: хачу, як Ён; думаю, як Ён; дзейнічаю, як Ён; перажываю, як Ён (гл. Рым 8, 29). Немагчыма быць святым без Бога. Ён — мэта і ўзор, а мы — Яго вобраз і падабенства (гл. Быц 1, 27). Чым больш мы кантактуем з Ім, тым хутчэй упадабняемся да Яго (гл. Мц 5, 48).

Некаторым людзям здаецца, што для святасці дастаткова паўтараць знешнія формы паводзін, якія яны заўважалі ў святых. Напрыклад, яны імкнуцца праводзіць шмат часу на «адгаворванні» малітваў, намагаюцца быць беспамылковымі ў паводзінах, непрымірымымі з праявамі неідэальнасці ў акружэнні і да т.п. Звычайна атачэнне вельмі хутка заўважае штучнасць такой карыкатурнай «святасці».

Такая псеўдадасканаласць вельмі хутка лопаецца як мыльная бурбалка пры сутыкненні з рэальным жыццём (гл. cв. Грыгорый Вялікі, «Vita activa»).

Таму вельмі важна разумець, што сапраўдная маральнасць — гэта плод святасці, а не наадварот (гл. Міжнародная тэалагічная камісія, «Хрысціянская мараль і яе нормы», 1974 г.), а «высокамаральныя» бязбожнікі здольныя тварыць жахлівыя рэчы. Між тым ёсць няздольныя ў многіх справах і нібыта няўклюдныя маральна хрысціяне, якія з кожным днём, шукаючы Бога і Яго волю, узносяцца на неверагодныя вяршыні рэальнай дасканаласці, ззяючы святасцю не толькі ў зямным жыцці, але праз цэлую вечнасць (гл. Мц 16, 24; ККК, 2015). 

Рэальны шлях да святасці — гэта канкрэтныя жыццёвыя пастановы на кожны канкрэтны дзень пасля кожнай распазнанай Божай волі падчас малітвы, разважання Божага слова, удзелу ў св. Імшы, споведзі, размовы з духоўнікам. Гэтыя пастановы — гэта канкрэтная праца над развіццём у сабе нейкай цноты, рысы характару, стылю дзеянняў, усяго таго, што будзе спрыяць паглыбленню адносінаў з Панам. І нам будзе здавацца, што мы так мала зрабілі, а так шмат атрымалі ад Бога. А тыя, хто будзе глядзець на пройдзены намі шлях, ска жуць, што гэта быў шлях чалавека, які стаў святым, шчаслівым, бо знайшоў Бога і навекі з’яўднаўся з Ім у дасканалай камуніі любові (гл. ККК, 2012–2014).


Ксёндз Андрэй Рылка

 

 

Авэ Марыя

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.