Ружанец – «вянок ружаў»

04. 05. 2021

Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш..., якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя..., якою віталі Марыю Божы пасланец Арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля.

Ружанец - гэта падвойная малітва: малітва сэрца і розуму, малітва разважання і адначасова вусная малітва. Яе сутнасцю з‘яўляецца разважанне над 20-цю падзеямі з жыцця Езуса і Марыі, якія мы называем «таямніцамі». 20 таямніцаў ружанца падзелены на чатыры часткі: радасную, святла, балесную і хвалебную. Звычайна вернікі адгаворваюць адну частку ў дзень у наступным парадку:

1 «Веру ў Бога...» 1 раз
2 «Ойча наш...» 1 раз
3 «Вітай, Марыя...» 3 разы
4 «Хвала Айцу...» 1 раз
4 Назваць таямніцу Ружанца
4 «Ойча наш...» 1 раз
5 «Вітай, Марыя...» 10 разоў
6 «Хвала Айцу...» 1 раз
6 Назваць наступную таямніцу Ружанца
6 «Ойча наш...» 1 раз
7 «Вітай, Марыя...» 10 разоў

 

Радасныя таямнiцы  - у панядзелак i суботу;
Таямніцы Святла       - у чацвер;
Балесныя таямнiцы  - у аўторак i пятнiцу;
Хвалебныя таямнiцы - у сераду i нядзелю.

Спосаб малiтвы на ружанцы

У iмя Айца i Сына, i Духа Святога. Амэн. Веру ў Бога Айца... (на крыжыку)
Ойча наш... (на першай пацерцы)
Вітай, Марыя (3 разы)... (на наступных 3 пацерках)
Хвала Айцу...


Затым на вялiкай пацерцы адгаворваецца Ойча наш... а на кожнай з дзесяцi малых пацеркаў Вітай, Марыя ... . Пасля кожнай таямнiцы можна дадаваць:

О, Марыя, без граху першароднага зачатая, малiся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.


О, мой Езу, прабач нам грахi нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзi ўсе душы на неба i дапамажы асаблiва тым, каму найбольш патрэбна Твая мiласэрнасць 

 

Радасныя таямніцы

1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
(пар. Лк 1, 26–38)
«Увайшоўшы да Яе, анёл сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою, благаславёная Ты між жанчынамі!» (Лк 1, 28).

Бог выбраў Марыю на Маці Збавіцеля. Богу падабаліся Яе пакора і прастата. Яна была гатовая выканаць волю Нябеснага Айца. Марыя гаворыць: «Вось я, слуга Пана Бога, няхай жа мне станецца паводле Твайго слова». Пасля гэтых слоў адбываецца цуд: Уцелаўленне Божага Слова моцай Святога Духа. Божая воля павінна быць асноўным прынцыпам майго жыцця. Мне трэба накіраваць усе мае сілы на яе выкананне, таксама і тады, калі мне гэта будзе цяжка. Я хачу, як Марыя, заўсёды адказваць Богу: «Так!».

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

(пар. Лк 1, 39–47)
«Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, устрапянулася дзіцятка ў яе лоне і яна напоўнілася Духам Святым», і ўсклікнула: «Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго!» (Лк 1, 41-42).

Калі Марыя стала Маці Збавіцеля, яна неадкладна накіравалася да сваёй сваячніцы Альжбеты і дапамагала ёй у штодзённай працы. У сваёй паслузе Марыя прыносіць Божае благаславенне. Знакам праўдзівага Божага духа з‘яўляецца шчыры і радасны клопат пра іншых. Праз бескарыслівую дапамогу бліжнім я таксама буду імкнуцца трываць у справе збаўлення.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста

(пар. Лк 2, 6–11)
«Марыя нарадзіла Свайго першароднага Сына, спавіла Яго ў пялёнкі, і палажыла ў жолабе, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2,7).

У Бэтлеемскім гроце прыходзіць на свет Збавіцель. Ні ў адным доме не знайшлося месца для Святой Сям‘і. Пан прыходзіць да сваёй уласнасці, але людзі не прымаюць Яго. Марыя і Юзаф зносяць усё без нараканняў і скаргаў. Яны ахвяруюць Богу свае цярпенні: стамляльную дарогу, убоства, непрызнанне, пакінутасць і абыякавасць да сябе з боку іншых. Тут, у Бэтлееме, Святая Сям'я вучыць мяне ахвярнасці. Я буду цярпліва зносіць розныя нястачы і памятаць пра тое, што «багатаму цяжка ўвайсці ў Божае Валадарства».

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

4. Ахвяраванне Езуса ў святыні

(пар. Лк 2, 22– 35)
«Калі прайшлі дні ачышчэння паводле Права Майсея, занеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану» (Лк 2,22).

Марыя, заўсёды гатовая да ахвяры, простая і паслухмяная, ахвяруе Збавіцеля ў святыні. Яе жыццё цалкам накіраванае да Бога; у ёй няма ніякай палавінчатасці і ашчадлівасці ў адносінах да Яго. Багародзіца вучыць мяне быць верным Богу нават тады, калі паслухмянасць яго наказам патрабуе ад мяне вялікай самаахвярнасці. Я буду пазбягаць ўсялякай упартасці, пярэчанняў і слоў, нязгодных з Божай воляй.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

(пар. Лк 2, 43–49)
«Пасля трохдзённых пошукаў Марыя і Юзаф знайшлі Яго ў святыні, як сядзеў пасярод вучоных у Святым Пісанні. Ён слухаў іх і пытаўся ў іх. Усе ж, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных» (Лк 2, 46).

Як жа трывожылася Марыя, шукаючы свайго Сына! Тое, што Езус застаўся ў святыні, прычыніла Ёй вялікае цярпенне. Знайшла Яго з вялікай радасцю. І я магу, учыніўшы грэх, страціць Езуса. Тады я павінен шукаць Яго ў Касцёле, слухаць Ягоныя словы, узмоцнена маліцца і ў сакрамэнце Пакаяння зноў паяднацца з Ім. Няхай памяць пра гэтую таямніцу аберагае мяне ад духоўнай ляноты і смяротнага граху.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

 

Балесныя таямніцы

1. Малiтва Езуса Ў Гэтсэманi

«Будучы ў смяротным змаганні, Езус даўжэй маліўся; і стаўся пот Ягоны як каплі крыві, збягаючай на зямлю» (Лк 22, 44).

Езус, упаўшы на калені, моліцца, а перад Ім - грахі ўсіх людзей: няўдзячнасць, нявернасць, здрады... Усе гэтыя грахі, а ў тым ліку і мае, Езус бярэ на сябе. У тую страшную ноч усе Яго пакінулі. Але Марыя моліцца разам са сваім Сынам. Яна адзіная, вольная ад усялякага граху, няспынна будзе дапамагаць і мне, каб я, успаможаны ласкай Хрыста, перамагаў грэх.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

2. Бiчаванне Езуса  

«Тады Пілат узяў Езуса і загадаў бічаваць Яго» (Мк 15, 6).

Езус зносіць жахлівыя цярпенні падчас бічавання. Жаўнеры не маюць літасці і бічамі разрываюць Найсвяцейшае цела Збавіцеля. Ён пакутуе за грахі людской пажадлівасці і распусты. Хрыстус, Божы Сын, народжаны з Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дазваляе знявечыць Сваё нявіннае цела. Прашу ў Цябе, Езусе, праз малітвы Тваёй Маці, Беззаганнай Панны, чысціні цела і душы для мяне, нашых сем‘яў, дзяцей і моладзі. Езусе, захавай нас ад згоршванняў, дай ласку перамогі ў змаганні за захаванне цнатлівасці.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

3. Укаранаванне цернем

«Жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі Езусу на галаву і апранулі Яго ў чырвонае адзенне. І падыходзілі да Яго і казалі: Будзь прывітаны, Кароль Жыдоўскі. І білі Яго па шчоках» (Ян19, 2).

Пан Езус прымае ўсё гэта, каб сваёй пакорай адплаціць Богу за нашыя пыху і самаўзвышэнне. Ён з‘яўляецца праўдзівым Валадаром неба і зямлі, з‘яўляецца таксама Каралём майго сэрца, таму Яму належыць усялякая пашана і хвала. Эгаізм і пыху немагчыма прымірыць з Валадарствам Хрыста. Праз заступніцтва Марыі, Тваёй маці, прашу Цябе, Езусе, дай мне ласку пакоры і паслухмянасці, а таксама ласку самаадрачэння і панавання над маімі пачуццямі.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

4. Крыжовы шлях

«Несучы крыж для сябе, Езус выйшаў на тое месца, якое завецца Кальварыя, а па-жыдоўску Галгота» (Ян 19, 17).

З любові да людзей Езус бярэ крыж на плечы і нясе яго на месца, прызначанае для ўкрыжавання. Дарогай Ён некалькі разоў падае і падымаецца. Марыя, напоўненая мацярынскай любоўю, ідзе за Сынам і церпіць разам з Ім. Калі мяне спасцігнуць цярпенні і горыч сэрца, я таксама павінен ціха ісці сваім крыжовым шляхам і несці следам за Збавіцелам свой крыж. Я не маю права заламацца, але павінен адважна, як і Марыя, наследаваць Хрыста. Калі я ўпаду, Езусе, дапамажы мне падняцца!

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

«Езус усклікнуў моцным гoлaсaм: Oйчa, у рукi Твaе aддaю дух мой. І пасля гэтых слоў скaнaў» (Лк 23, 46).

На Галгоце Езус склаў у ахвяру за нас Сваё жыццё. Надышла хвіліна нашага адкуплення. Марыя, з‘яднаная са сваім Сынам, стала Суадкупіцельніцай людзей. Тут, пад крыжом, я дзякую Табе, Збавіцель, за Тваю любоў. Я буду старацца захаваць удзячнасць і любоў да святароў, бацькоў, выхавацеляў, якія супрацоўнічаюць з Табой, каб чын збаўлення прыносіў плён. Павяраю Табе, Езусе, таксама ўсіх паміраючых.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

 

Таямніцы Святла

1. Хрост Пана Езуса ў рацэ Ярдан

«І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. (...) І стаўся голас з неба: Ты ёсць Сын мой умілаваны, Цябе Я ўспадабаў» (Мк 1,9.11)

Сваю месіянскую дзейнасць Езус Хрыстус пачынае з хросту ў водах Ярдана. Ужо тут Ён бярэ на свае плечы цяжар людскога граху і будзе несці яго праз крыжовую муку аж да смерці. Ужо тут Ён пачынае споведзь з грахоў усяго чалавецтва так, быццам гэта Яго ўласныя грахі.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

2. Езус аб”яўляе сябе на вяселлі ў Кане

«Сказаў Езус: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі аж да верху. І сказаў ім Езус: Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку. Гэты пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб”явіў сваю славу; і ўверылі ў яго вучні ягоныя» (Ян2,7.8а.11).

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

«Пасля таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае. І казаў: Час настаў і наблізілася Валадарства Божае, кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк1,14-15)

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

4. Перамяненне Пана на гары Табор

«Езус узяў Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і завёў іх асобна на высокую гару. І перамяніўся перад імі: і заяснеў воблік ягоны як сонца, а адзенне яго зрабілася белае як снег» (Мц 17,1-2)

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

«А калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў і даў вучням сваім, кажучы: Бярыце і ешце, гэта Цела маё. І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Піце з яго ўсе: гэта ёсць Кроў мая новага запавету» (Мц 26,26-28а).

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

Хвалебныя таямніцы

1. Змёртвыхпаўстанне Хрыста

«Няма Яго тут, бо ўваскрос, як сказаў» (Лк24, 6).

Перад намі Уваскрэслы Хрыстус, Пан жыцця і смерці. Яго Змёртвыхпаўстанне выявіла Ягоную Боскасць, паставіла пячатку пад нашым адкупленнем і ўзмоцніла нашую веру. Марыя, якая на Галгоце не пахіснулася ў веры, бачыць Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Яна праз выпрабаванні майго жыцця давядзе і мяне да свайго ўслаўленага Сына. Аднак я не павінен хістацца ў веры, я не маю права паўтараць ранейшыя грахі.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

2. Унебаўшэсце Езуса Хрыста

«Калі Езус благаславіў Апосталаў, адышоў ад іх і ўзняўся ў неба. Яны ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалем з вялікай радасцю» (Лк 24,51-52).

Хрыстус, Валадар сусвету, узыходзіць у неба. Выканаўшы справу, даручаную Айцом, Езус вяртаецца да Яго. Аднак Ён не забываецца пра тых, каго адкупіў. Езус рыхтуе для іх жыллё ў небе. Я таксама спадзяюся быць у ліку збаўленых. У гэтым мне дапаможа Найсвяцейшая Маці, а я буду асцерагацца ўсялякага граху. Буду маліцца таксама за маіх памерлых блізкіх, каб Хрыстус як найхутчэй прыняў іх у нябесную айчыну.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

3. Спасланне Святога Духа

«І стаўся раптам з неба шум, як бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом... І паказаліся ім як бы вогненныя языкі, і спачыў на кожным з іх. І ўсе напоўніліся Духам Святым» (Дз 2, 2).

Касцёлам кіруе і распараджаецца Святы Дух. Чым цясней мы злучаны з Касцёлам, тым глыбей, дзякуючы дапамозе Святога Духа, узрастаем у Хрысце. У шчырай малітве я дзякую за дары Святога Духа і асабліва прашу за моладзь, каб асвечаная Святым Духам, правільна расчытала сваё пакліканне. Няхай Марыя і ўва мне ўзмацняе любоў да Касцёла і клопат пра яго развіццё.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыi

«Благаславёнай будуць называць Мяне ўсе народы» (Лк 1, 48).

Для Марыі настала радасная хвіліна расстання з гэтым светам. Пасля заканчэння жыцця на зямлі, Яна з душой і целам была ўзятая ў неба. Каб мая смерць была шчаслівай, я павінен рыхтавацца да яе на працягу ўсяго майго жыцця. Гэтага нельга адкладваць на апошнюю хвіліну. Марыя, прашу ў Цябе найважнейшай ласкі, каб некалі быць разам з Хрыстом і Табой у небе. Прыйдзі па мяне ў хвіліну смерці і пасля зямнога выгнання акажы мне ласку бачыць благаславёны плод улоння Твайго, Езуса, майго Пана.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Дзевы Марыi Ў небе

«Благаславёныя ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю» (Мц 5, 5).

Марыя - наша Каралева, Валадарка зямлі і неба. Яна дзеліць са сваім Сынам Яго каралеўскую хвалу. Марыя, заўсёды ціхая і верная служка Пана, горача прагне, каб Каралеўства Яе Сына пашыралася. Няхай прагненне Марыі будзе і маім прагненнем. У гэтай таямніцы я прашу за людзей, якія жывуць нязгодна з Божым правам, каб выпрасіць для іх ласку вяртання да дабра і прабывання ў ім.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...         Літанія да Найсвяцейшай Дзевы Марыі...

Малітва з’яўляецца неад’емнаю часткаю жыцця кожнага хрысціяніна. Гэта асноўны і найважнейшы спосаб камунікацыі з Богам, які дае магчымасць і пагаварыць, і паслухаць Яго. За тысячагоддзі адносінаў з Панам у розных культурах і традыцыях выпрацаваліся самыя разнастайныя спосабы малення. У католікаў адной з найбольш папулярных і любімых формаў малітвы ужо шматлікія стагоддзі застаецца Ружанец. Многія вернікі лёгка завучваюць знешні парадак чытання малітваў на пацерках, аднак толькі «адгаворванне» пабожных формулаў без асэнсавання іх зместу можа хутка стамляць манатоннасцю і адчуваннем бессэнсоўнасці. Такое скажэнне і ператварэнне Ружанца ў «мантру» можа знеахвоціць і заблакаваць пазнанне яго сапраўднага хрысціянскага прызначэння і глыбіні.

Малітва-разважанне над Божым словам

У ружанцовай малітве знешняя форма павінна дапамагаць верніку сканцэнтравацца на разважанні Евангелля, на што асабліва звяртаў увагу папа Леў XIII (тэме Ружанца ён прысвяціў ажно 16 дакументаў). Увесь Ружанец падзелены на часткі і «таямніцы» для таго, каб даць магчымасць верніку «прайсціся» разам з Марыяй у медытацыйнай малітве праз усю гісторыю Збаўлення, апісаную ў Евангеллі, — ад звеставання да хвалы неба — і ў святле разважаных евангельскіх таямніцаў паглядзець на сваё жыццё. Такая малітва-разважанне над Божым словам дае магчымасць зусім у іншым (евангельскім) ракурсе ўбачыць сваю надзённую сітуацыю, яна дазваляе Богу і Марыі паказваць, а нам — у засяроджанні глядзець і слухаць.

Каб не паддацца спакусе сканцэнтравацца толькі на знешняй форме Ружанца (адгаворванні) і не знеахвоціцца манатоннасцю і складанасцю разважання, неабходна ведаць некаторыя простыя, але важныя духоўныя і псіхафізічныя правілы добрай малітвы.

Месца малітвы

У першую чаргу неабходна дбаць пра знешнюю (фізічную) годнасць і зручнасць месца і часу малітвы. Іншымі словамі, трэба паклапаціцца пра знешні бок малітвы. Калі Ружанец патрабуе атмасферы засяро­джанасці, разважання, кантакту са словам Божым, то ўсё гэта не атрымаецца ў шумным месцы, дзе наша ўвага рассейваецца гукамі, відовішчамі, пахамі.

Псіхафізічны стан

Акрамя знешніх раздражняльнікаў, існуюць яшчэ ўнутраныя. Гэта наш асабісты псіхафізічны стан: напрыклад, пачуццё голаду, санлівасць, выкананне розных абавязкаў, заданняў, прабыванне ў дарозе і да т.п. Калі няма адпаведных знешніх абставінаў і ўнутранага медытацыйнага настрою, то няма і добрага Ружанца. Што ж тады рабіць? Ці рэальна ў нашым мітуслівым свеце, дзе ўсё шуміць, спяшаецца, атакуе нас гукамі, вобразамі, абавязкамі і заданнямі, знайсці месца і час на ціхую і засяроджаную малітву? Рэальна! Але гэта патрабуе нашай асабістай арганізаванасці, бо калі мы можам арганізавацца і выдзеліць спецыяльны час на тое, каб пайсці ў краму, цырульню, пошту, школу, то чаму па тым жа прынцыпе не арганізаваць сабе выхад у касцёл на Ружанец? У святыні мы знойдзем адпаведную псіхафізічную і духоўную атмасферу для гэтай малітвы. Цішыня, рэлігійныя вобразы, Біблія (тэксты для разважання ружанцовых таямніцаў), кленчнік, прабыванне ў прысутнасці Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Калі вернік не мае магчымасці прыйсці ў касцёл на ружанцовую малітву, тады для яе неабходна арганізаваць час і месца, якія дазваляюць мець жыццёвыя ўмовы: прыдарожны крыж або капліца, уласны хатні алтарык, ціхі пакойчык з крыжам і абразом, нейкае месца на ўлонні прыроды. Ад знешніх умоваў і нашых асабістых запатрабаванняў залежыць, наколькі мы зможам заглыбіцца ў разважанне ружанцовых (евангельскіх) таямніцаў.

Супольная малітва

Яшчэ адным спосабам стварэння добрых умоваў для Ружанца з’яўляецца супольная малітва. Нават калі не зусім зручныя знешнія ўмовы, то супольнае маленне ўголас за­звычай мацней ангажуе асобу і спрыяе лепшай канцэнтрацыі на малітве. Увогуле малітва ўголас і чытанне слова Божага лепш канцэнтруе на змесце, чым чытанне і маленне «вачыма» або «ў думках», — нездарма нашыя продкі заўсёды імкнуліся маліцца супольна і ўголас.

Малітоўныя ўстаўкі-заклікі

Яшчэ адзін спосаб вызваліцца ад руціннасці і манатоннасці ў Ружанцы  — гэта малітоўныя ўстаўкі-заклікі ў малітве «Вітай, Марыя...», якія нагадваюць пра разважаную таямніцу. Напрыклад, медытуючы таямніцу Бічавання Хрыста, пасля словаў: «…плод улоння Твайго, Езус», можна дадаць: «які за нас цярпеў бічаванні». Так у кожнай таямніцы будзе свой новы заклік, які дапамагае засяродзіцца на разважанай евангельскай праўдзе.

Тэкст Святога Пісання і малюнкі-вобразы

Вялікія духоўныя настаўнікі вучэння аб ружанцовай малітве, такія як св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор (кніга «Цудоўны сакрэт святога Ружанца»), раяць заўсёды падчас малітвы мець перад вачыма і тэкст Святога Пісання, звязаны з пэўнаю таямніцаю, і малюнак-вобраз, які яе адлюстроўвае. Гэта таксама дапамагае ў канцэнтрацыі падчас разважання Евангелля.

Паставы цела

Калі гаварыць пра найбольш аптымальную паставу цела, варта зазначыць, што яна залежыць ад нашага стану: духоўнага і псіхафізічнага. Найбольш глыбокай і адпаведнай малітоўнай паставай з’яўляецца пазіцыя на каленях — яна сімвалізуе пакорнасць і прыніжэнне перад Богам. Толькі перад Ім чалавек становіцца на калені. Зыходзячы з таго, што пыха — гэта асноўны і найцяжэйшы ў выкараненні з грахоў, пастава прыніжэння перад Богам з’яўляецца добрым лекам. Нездарма злыя духі і богаадступнікі не жадаюць схіліць калена перад Створцам. На гэта звярнуў асаблівую ўвагу папа Бэнэдыкт XVI у кнізе «Дух літургіі». Тут можна ўзгадаць і тэксты Св. Пісання, якія ўхваляюць паставу ўкленчвання перад Богам (Флп 2, 9-10; Рым 14, 11; 2 Цім 2, 18; Гал 1, 7). Пра ўкленчванне прыгожа казаў і св. Ян Павел II: «Чым больш Бог удзяляецца душы, чым больш уліваецца ў яе праз дары Духа Святога, тым больш кідае яе на калені» (казанне на 50-годдзе смерці св. Альберта Хмялёўскага).

Вядома, што калені павінны дапамагаць у малітве, а не перашкаджаць. Таму, калі сапраўды боль або нязруч­насць у каленях перашкаджаюць малітве, неабходна адразу змяніць паставу цела. Тут усё залежыць ад сумлення, асабістай самаацэнкі верніка, ад таго, ці сапраўды ён не жадае стаяць на каленях па фізічных прычынах.

Пастава цела падчас Ружанца павінна дапамагаць у разважанні Евангелля, выказваць нашу пакорнасць і пашану перад Богам. Таму нельга нават думаць, што на малітву можна прылегчы, рассесціся на канапе ці закінуць нагу на нагу. Псіхафізічна і духоўна гэтыя паставы не адпаведныя працэ­су малітвы, асабліва ружанцовай, таму нельга ляжаць у часе малітвы, але (!) можна маліцца падчас ляжання. Нельга працаваць падчас малітвы, але можна маліцца ў часе працы. Усё залежыць ад нашага стану, намеру, абставінаў і акалічнасцяў. Калі на Ружанец мы ідзем у парк, то ідзем, а не кленчым. Калі молімся разам з парафіяй у касцёле, то молімся гэтак, як моліцца ўся супольнасць.

Лепей штосьці, чым нічога

У малітве, як і кожнай добрай справе, варта памятаць пра адно вельмі важнае, практычнае і карыснае правіла: лепей штосьці, чым нічога. Варта памятаць, якой павінна быць добрая малітва, добры Ружанец і правільная пастава цела. Але, калі няма магчымасці або не атрымліваецца добра арганізаваць месца, час для малітвы, адпаведна настроіцца на яе, то варта маліцца так, як умеем і можам у дадзены момант.
Варта ў шчырасці і пакорнасці перад Богам спачатку папра­сіць: «Пане, навучы нас маліцца» (Лк 11,1). І тады тое, што нам было не пад сілу змяніць, пачне змяняцца пад уздзеяннем Божай ласкі, якую мы шчыра, з вераю паклікалі на дапамогу.

 

за інфармацыю дзякуй парталу https://katecheta2.narod.ru/rosarium.htm і https://ave-maria.by/faith/answers/1952-sakret-efekty-nastsi-malitvy-na-ruzhantsy

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.