Святар касцёла - Праведнік народаў свету

24. 02. 2020

       Гісторыю Варнянскай парафіі немагчыма да канца спазнаць, не ведаючы імёны тых, хто ў розныя часы тут служыў пробашчам. Пры дапамозе неабыякавых людзей некаторыя імёны сталі вядомы. Так, дзесьці ў 1930-1943 гадах пробашчам  парафіі быў ксёндз Ян Селевіч. 

Селевіч Ян (1882-1943) - нарадзіўся ў в. Юстынава каля мястэчка Свір (цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь). У 1915 годзе быў святаром у касцёле св.Андрэя ў Кабыльніку Свянцянскага ўезду Віленскай губерні. Пэўны час быў святаром у Варнянах.

         У 2000 годзе Ізраільскім мемарыялам "Яд Вашэм" удастоены звання "праведнік народаў свету".

Гісторыя выратавання яўрэйскай сям'і

         У гады Вялікай Айчыннай вайны Ян Селевіч выратаваў ад гібелі Гірша Барадоўскага (Цві Абрабовіча) разам з яго мамай. Пасля прыходу гітлераўцаў у г. Вільні, былі арыштаваныя Бацька Гірша і яго старэйшы брат Арые. Праз некаторы час яны былі расстраляны ў Панарскіх лясах. У верасні 1941 года маладога Гірша разам з мамай і старэнькай бабуляй размясцілі ў гета. Бабуля не змагла вынесці ўмоў жыцця ў гета і неўзабаве памерла. У лістападзе 1941 года маці разам з сынам змаглі ўцячы з гета. Пасля пакутніцкіх скітанняў яны дабраліся да Варнян (40 км ад Вільні) і звярнуліся за дапамогай да ксяндза Яна Селевіча. Ён стаў хаваць уцекачоў у дамах у сваіх вернікаў, якія жылі ў невялікіх вёсках паміж мястэчкамі Варняны і Свір. Кожны раз ён суправаджаў гэту сям'ю, пакуль не знайшоўся пастаянны прытулак. Улетку 1944 года савецкія войскі вызвалілі тэрыторыю Беларусі і сям'я Барадоўскіх выехала ў Францыю. У Парыжы Гірш скончыў опернае аддзяленне рускай кансерваторыі імя С.Рахманінава. Пазней пазнаёміўся і ажаніўся з францужанкай Дэніз. У гады вайны таксама выратавалася яго сястра Міра, якая жыве ў Ізраілі.

         Мама Гірша перад сваёй смерцю завяшчала адшукаць святара, якога заўсёды называла святым чалавекам.

Ушанаванне памяці святара

         У 1992 годзе Гірш прыехаў у Беларусь з мэтай адшукаць Яна Селевіча. Падчас паездкі ён даведаўся, што Ян Селевіч памёр яшчэ ў 1943 годзе падчас Святой Імшы. Пахаваны Ян Селевіч быў на каталіцкіх могілках у м. Свір.

Паколькі жывых сваякоў Яна Селевіча адшукаць не ўдалося, прадстаўнікі мемарыяла "Яд Вашэм» вырашылі перадаць медаль і ганаровы дыплом "Праведніка народаў свету" ў Свірскі школьны музей. 18 снежня 2000 года ў пасольстве Ізраіля адбылася перадача ўзнагароды Яна Селевіча старшыні Свірскага Савета дэпутатаў Яўгеніі Вайгяніцы. 7 лютага 2001 года ў Свірскім касцёле св. Мікалая была праведзена Імша, прысвечаная памяці Яна Селевіча. Імшу правёў ксёндз біскуп Кірыл Клімковіч. На ўрачыстасці прысутнічалі ксяндзы з суседніх парафій. Перад уваходам у касцёл былі размешчаныя стэнды, прысвечаныя памяці праведніка народаў свету. У той жа дзень узнагарода Яна Селевича была размешчана ў экспазіцыі школьнага музея.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.