25-26 сакавіка ў Варнянскай парафіі прайшлi Вялікапосныя рэкалекцыі

26. 03. 2022

            25-26 сакавіка  ў Варнянскай парафіі прайшлi Вялікапосныя рэкалекцыі,  падчас якіх вернікі разважалі над сваёю вераю, адносінамі да Бога і блізкіх.  Праводзiў духоўныя практыкаванні ксёндз Ян Рушніцкі, дзекан дэканату Гродна-захад, пробашч парафіі Каробчыцы.   

         Падчас навук рэкалекцыйных ксёндз Ян запрасіў усіх прысутных да разважанняў на вельмі сур'ёзную, актуальную і глыбокую тэму – тэму любові. Ён звярнуў увагу на тое, што Бог любіць кожнага з нас. Мы ў сваю чаргу павінны любіць Пана Бога  ўсім сэрцам сваім, усім сваім розумам і ўсёй душою. Але любоў трэба выражаць не толькі словамі, але пацвярджаць яе ўчынкамі… Па-сапраўднаму любіць Пана Бога той, хто просіць прабачэнне за свае дрэнныя думкі і дзеянні; хто дзякуе Богу за ўсё, што ён нам дае; хто ўмее па-сапраўднаму прасіць; хто знаходзіць час на Бога, каб Яго праславіць праз малітву, чытанне Божага Слова, удзел у Святой Імшы і г.д.

         У другі дзень рэкалекцый святар  прымусіў кожнага задумацца над такімі пытаннямі: як я люблю сябе? як я павінен любіць сябе? як я люблю бліжняга чалавека? Абапіраючыся на старажытную легенду пра Нарцыса, на прыклады з уласнага жыцця, вельмі зразумела і даступна ксёндз Ян тлумачыў, што мы павінны любіць сябе, як бліжняга свайго,а не быць эгаістамі. Бог даў кожнаму з нас жыццё. якое мы павінны шанаваць. Мы павінны любіць сябе як Божыя дзеці, калі глядзім за сваім здароўем, калі сочым за правільным харчаваннем, калі клапоцімся, каб не змарнаваць жыццё. Любіць – гэта шанаваць сябе, сваё здароўе, сваю прыгажосць. Любіць бліжняга свайго – гэта хацець дабра другому чалавеку. Але ці ўсім і заўсёды мы жадаем дабра? Чаму здараецца так, што людзі радуюцца чужому няшчасцю і сумуюць, калі ў некага штосьці атрымліваецца лепш? На жаль, людзі вельмі часта блытаюць любоў і зло. Нават у сем’ях пануе нянавісць, зайздрасць. А так быць не павінна. Святар звярнуўся да кожнага прысутнага, каб мы задумаліся, як  любім сваіх блізкіх; пажадаў сапраўднай любові, якая жадае дабра другому чалавеку, каб добры Бог адарыў нас мудрасцю, каб умелі жыць шчырай любоўю.

         Парафіяне ўдзячны пробашчу парафіі ксяндзу Віктару Захарэўскаму, які запрасіў у якасці рэкалекцыяніста ксяндза Яна Рушніцкага, цудоўнага святара, нераўнадушнага і шчырага чалавека, які на працягу двух дзён дапамагаў вернікам паглыбіць сваю духоўнасць, знайсці, магчыма, адказы на турбуючыя пытанні і зрабіць пастановы на бліжэйшы час.

         Словы падзякі гучалі напрыканцы Імшы і шаноўнаму госцю – ксяндзу Яну, які пераадолеўшы больш за 250 км., знайшоў час, каб правесці  вялікапосныя рэкалекцыі ў Варнянах. Верыцца, што яго словы змаглі закрануць сэрцы кожнага прысутнага. А час, перажыты разам, стаў плённым перажываннем і падрыхтоўкай да вялікага свята Уваскрасення Езуса Хрыста.

 

 

Больш фота тут

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.