Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай у Варнянскай парафіі

12. 02. 2022

         12 лютага ў жыцці Варнянскай парафіі адбылася  радасная духоўная падзея. У гэты дзень з астравецкай парафіі святых Космы і Дам’яна копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з санктуарыяў нашай краіны вернікамі былі перавезены ў касцёл Св.Юрыя ў аг.Варняны.

          Варнянскія вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім сардэчна віталі нябесную Матулю ў святых выявах у пачатку цэнтральнай вуліцы аграгарадка, каб затым пад урачысты спеў у працэсіі пранесці цудадзейныя абразы  вуліцамі Варнян ў парафіяльную святыню.

         Напачатку людзі ў шчырай атмасферы прысутнасці Марыі, нашай нябеснай Маці, ахвяравалі малітву на Святым Ружанцы. А затым распачалася Святая Імша, якую  ўзначаліў айцец Станіслаў Станеўскі CSsR, які з’яўляецца духоўным кіраўніком перэгрынацыі абразоў. Звяртаючыся да вернікаў, святар звярнуў увагу, што “кожная ікона – гэта вельмі вялікая гісторыя, гісторыя сустрэчы чалавека з Богам. Нашы дзяды і прадзеды прыходзілі пакланіцца да іх, каб расказаць пра свае праблемы, каб прасіць дапамогі. І здараўся цуд за цудам, бо Марыя – наша найлепшая Матуля, Яна прынесла нам Езуса Хрыста, Яна дала нам самы вялікі скарб. Найкарацейшы шлях да Бога – шлях праз Марыю. Яна бярэ кожнага з нас за руку і вядзе да Езуса Хрыста. Яна кажа: “Вось гэта тваё самае вялікае Шчасце, самы значны Скарб! Можаш не мець багацця, але можаш быць самым шчаслівым, калі ў сэрцы жыве Езус..”

         Пасля Імшы святары разам з вернікамі, стоячы на каленях перад абразамі, адгаварылі Літанію да Найсвяцейшай Дзевы Марыі, звярнуліся да Пана Бога праз заступніцтва Маці Божай перад кожным з гэтых абразоў.

         Напрыканцы ксёндз Віктар шчыра падзякаваў арганізатарам пілігрымкі з абразамі Маці Божай, у першую чаргу ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку і айцу Станіславу Станеўскаму CSsR, за аказаную магчымасць наведаць у сваёй парафіі адначасова ўсе санктуарыі; айцу Станіславу Станеўскаму за цэлебраванне Святой Імшы; пробашчу Міхалішкоўскай парафіі ксяндзу Анатолю Захарэўскаму за прадастаўленую людзям магчымасць атрымаць  у гэты дзень Сакрамант Пакаяння.  Усім прысутным ксёндз Віктар пажадаў, каб Марыя прынесла супакой у кожнае сэрца і сям’ю, а таксама выказаў спадзяванне, што на працягу тыдня кожны парафіянін знойдзе магчымасць наведаць Святыню, каб пакланіцца цудадзейным абразам Маці Божай.

         Імша закончылася, але людзі не спяшаліся ісці дадому, падыходзілі да абразоў, маліліся, кланяліся Маці Божай, дзякавалі Ёй, прасілі дапамогі ў Марыі..         

         Копіі абразоў прабудуць у Варнянах да 19 лютага, затым у гэты дзень а 13-й гадзіне  адбудзецца Імша падзякі перад абразамі, пасля чаго копіі цудатворных ікон накіруюцца ў смаргонскую парафію св. Яна Паўла II.

 

фота (абнаўляецца)

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.