03.02.2022 - св. Блажэя, біскупа і мучаніка

29. 01. 2024

3 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін св. Блажэя. Гэты святы вядомы найперш дзякуючы цікаваму абраду, які толькі раз у год адбываецца ў нашых святынях.

У гэты дзень кожны, хто наведвае святыню, можа прыняць удзел у абрадзе благаслаўлення спецыяльных свечак, якія называюцца “блажэйкамі”. Гэтыя васковыя свечкі пакладзены крыж-накрыж і звязаны ўнізе. Іх прыкладваюць да горла вернікам, якія просяць аб спецыяльным благаслаўленні.

Святар прамаўляе тады словы: „Праз заступніцтва святога Блажэя, біскупа і мучаніка, няхай Бог захавае цябе ад хваробы горла і ўсялякай іншай нядужасці. У імя Айца і Сына, і Духа Святога”.

Святы Блажэй жыў на рубяжы III i IV стст. у турэцкім горадзе Себасце. Ён быў урачом. Будучы заможным чалавекам, дапамагаў бедным, чым здабыў сімпатыю і ўдзячнасць жыхароў горада. Таму таксама пасля смерці мясцовага біскупа ён быў найлепшым кандыдатам для выканання гэтай функцыі.

Аднак яму не было дадзена здзяйсняць яе вельмі доўга. У той час пачаўся пераслед хрысціян Ліцыніем. Блажэй павінен быў хавацца. Ён пасяліўся ў скальнай пячоры, куды, паводле легенды, ежу прыносілі яму птушкі. Але хутка гэтае яго сховішча знайшлі, і ён быў арыштаваны.

На шляху ў вязніцу ён, акружаны салдатамі, не пераставаў навучаць і здзяйсняў цуды. Асабліва вядомым стала аздараўленне хлопца, у горла якому трапіла рыбная костка. Свайго паміраючага сына паклала да ног Блажэя адна жанчына, молячы аб аздараўленні хлопца. Блажэй паклаў на яго рукі, благаславіў, і той выздаравеў.

У вязніцы Блажэй перанёс жорсткія катаванні, бо не хацеў адрачыся ад сваёй веры. Паводле легенд, у хвіліну смерці ён маліўся і прасіў Бога, каб усе людзі з хваробамі горла або з іншай нядужасцю, якія будуць прасіць аб здароўі праз яго заступніцтва, былі выслуханы і аздароўлены. Голас з неба паведаміў яму, што тое, аб чым ён прасіў, будзе споўнена.

Святому Блажэю адсеклі галаву ў 316 г. Ён лічыцца апекуном тых, хто пакутуе ад розных хваробаў горла.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.