Урачыстасць Аб’яўлення Пана, Тры Каралі

02. 01. 2022

Аб’яўленне Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае 6 студзеня, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.

Мудрацы, або магі, вешчуны – так называлася ў Бібліі святарская каста, якая існавала ў старажытнасці на Усходзе. У той далёкі час мудрацы карысталіся вялікаю павагаю, бо мудрасць і сіла заключалася ў веданні таямніцаў, якія былі недаступныя простым людзям. Мудрацы, або магі з’явіліся ў якасці асобнага класа ў мідзянаў і персаў, у якіх яны адначасова былі жрацамі, вучонымі, астраномамі і прарокамі.

У Евангеллі гаворыцца, што ў час нараджэння Хрыста «прыйшлі ў Ерузалем мудрацы з Усходу і кажуць: Дзе нованароджаны Кароль Юдэйскі?» (гл. Мц 2, 1). Што гэта былі за людзі, з якой краіны і якой рэлігіі – пра гэта евангеліст не дае аніякіх звестак. Але далейшыя словы мудрацоў пра тое, што яны прыйшлі ў Ерузалем, бо «ўбачылі на Усходзе зорку Караля Юдэйскага, якому і прыйшлі пакланіцца» (гл. Мц 2, 2), сведчыць аб тым, што яны належалі да ўсходніх мудрацоў, якія займаліся астранамічнымі назіраннямі. Прычыну, па якой чакалі на Усходзе незвычайную зорку і сачылі за яе з’яўленнем, звязваюць з прадказаннямі ў Кнізе Лічбаў: «Бачу Яго, але яшчэ не сёння; бачу Яго, але не блізка. Узыходзіць зорка ад Якуба і паўстае жазло ад Ізраіля» (24, 17); у Кнізе прарока Ісаі: «Устань, свяціся, Ерузалем, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою... І пойдуць народы да твайго святла, і каралі да бляску твайго ўсходу» (60, 1; 3); у псальме: «Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, каралі Аравіі і Сабы складуць даніну. І паклоняцца Яму ўсе каралі, усе народы будуць служыць Яму» (72(71), 10–11).

Прыкладна ў час нараджэння Хрыста на небе было бачнае надзвычай рэдкае яднанне планет Юпіцера і Сатурна ў сузор’і Рыбаў. Яно не магло не прыцягнуць увагі ўсіх, хто назіраў за зорным небам і займаўся астраноміяй, а менавіта халдзейскіх мудрацоў. У наступным годзе да гэтага яднання планет далучыўся Марс, які яшчэ больш павялічыў незвычайнасць нябеснай з’явы. Яднанне планет каля адной нерухомай цудоўнай зоркі было знешнім знакам, які Бог выкарыстаў для таго, каб прывесці мудрацоў да Вялікай зоркі, што ўзышла над Бэтлеемам. Мудрацы, пакланіўшыся нованароджанаму Хрысту ў Бэтлееме, па сведчанні евангеліста, «адышлі ў краіну сваю», выклікаўшы гнеў Ірада (гл. Мц 2, 16).

Колькі дакладна было ў Бэтлееме мудрацоў, біблейская гісторыя не гаворыць, але свету вядомыя ўсяго тры дары-скарбы, і таму хрысціяне здаўна сталі лічыць, што іх было таксама трое. Пра ўсходніх мудрацоў склалі цыкл легендаў, у якіх яны паўстаюць ужо не простымі мудрацамі, а каралямі, прадстаўнікамі трох расаў чалавецтва. Пазней традыцыя, абапіраючыся на апакрыфічнае евангелле ІV ст., называе нават іх імёны – Каспар, Мельхіёр і Бальтазар, і падрабязна апісвае іх выгляд. Ва ўсходніх хрысціянскіх паданнях мудрацы набываюць яшчэ большую знешнюю магутнасць і хараство. Ёсць звесткі і пра тое, што апостал Тамаш сустрэў іх у Парфіі, дзе яны прынялі ад яго хрост, сталі пабожнымі хрысціянамі і прапаведвалі Евангелле на Усходзе.

Мудрацы скончылі зямное жыццё прыблізна ў адзін і той жа час і пахаваныя былі таксама разам. Легенда дадае, што іх мошчы потым былі знойдзены святой Аленай і змешчаны спачатку ў Канстанцінопалі, а адтуль перанесеныя ў Мілан. З Мілана мошчы трох мудрацоў у 1164 г. кёльнскі арцыбіскуп Райнальд фон Дасэль перавёз спачатку па сушы на спецыяльных падводах, а потым – на караблі па Рэйне ў Кёльн, дзе яны і знаходзяцца да сённяшняга дня. Мясцовай школе залатароў Ніколы фон Вердэна ў 1181 г. было даручана зрабіць саркафаг для рэліквій трох мудрацоў. Ён быў выкананы ў форме трохнававай базылікі: ніжнюю частку складаюць два злучаныя адзін з адным саркафагі, на якіх змешчаны трэці. Саркафаг, пры вырабе якога было выкарыстана 43 кілаграмы чыстага золата, багата ўпрыгожаны каляроваю эмаллю, філігранню, каштоўнымі камянямі. Бочныя часткі ніжніх саркафагаў аздобленыя рэльефнымі выявамі старазапаветных каралёў і прарокаў, у верхняй частцы – выявы апосталаў і анёлаў.

З Евангелля вядома, што мудрацы, «адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму (Езусу) дары: золата, кадзіла і мірру» (пар. Мц 2, 11). Золата – як падарунак для Караля, кадзіла (дарагая па тых часах араматычная смала, якую дарылі ў знак асаблівай пашаны) – для Бога, мірру – для Збаўцы, які стаў Сынам Чалавечым. Дары мудрацоў, як сведчаць касцёльныя гісторыкі, беражліва захоўвала ўсё жыццё Маці Божая, якая незадоўга да свайго Унебаўзяцця перадала іх у Ерузалемскую святыню, дзе яны знаходзіліся разам з поясам і плашчом Багародзіцы да 400 года. Потым дары былі перанесеныя візантыйскім імператарам Аркадзіем у Канстанцінопаль, а пасля трапілі ў Нікею і захоўваліся там прыкладна 60 дзесяцігоддзяў. Па невядомай прычыне дары зноў былі вернутыя ў Канстанцінопаль, а пасля падзення ў 1453 г. Візантыі перапраўлены на Афон у кляштар святога Паўла.

Для ўшанавання гэтых трох евангельскіх мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца Хрысту, 6 студзеня ўстаноўлена свята, вядомае ўсім пад назваю Трох Каралёў. Згодна са старажытнай традыцыяй, гаспадар дома ў гэты дзень піша крэйдаю над уваходам у дом ці на дзвярах пачатковыя літары імёнаў трох мудрацоў: К+M+Б і пазначае год. Цяпер тры каралі лічацца апекунамі ўсіх вандроўнікаў.

6 студзеня, на свята Аб’яўлення Пана, католікі пішуць на дзвярах сваіх дамоў таямнічы для многіх надпіс. Што ён азначае?

Андрэй Севярын, г.Гомель

На пытанне адказвае кс. Аляксандр Чайкоўскі

Першым святам, звязаным з таямніцай Уцелаўлення Хрыста, з’яўляецца Эпіфанія, альбо ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якая святкуецца 6 студзеня. Першы ўспамін пра яе на Усходзе належыць Клеменсу Александрыйскаму (каля 212 г.), на Захадзе ж – цэзару Юліяну (361 г.). Святкаванне гэтай урачыстасці мае шматвяковую традыцыю, якая сягае ажно да часоў паганства, калі 6 студзеня ў Егіпце і Арабіі ўшаноўвалі бога сонца ( 25 снежня – на Захадзе) і дзень народзінаў Эона – бога часу і вечнасці. Супрацьпастаўленне гэтаму і іншым паганскім культам і паўплывала на з’яўленне ўрачыстасці Эпіфаніі.

Зместам урачыстасці з’яўляецца аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце. Божае Нараджэнне больш канцэнтруецца на паніжэнні Сына Божага да людской натуры, падкрэсліваючы зямное нараджэнне Божага Слова. Эпіфанія ж скіроўвае наш позірк на Божую веліч нованароджанага Дзіцяці.

На працягу стагоддзяў сфармаваліся шматлікія звычаі, звязаныя з Эпіфаніяй. Да найважнейшых з іх належаць: абвяшчэнне даты Вялікадня, благаслаўленне золата, ладана і мірра, благаслаўленне водаў Ярдану, а таксама благаслаўленне жылых дамоў. У нас найбольш распаўсюджаны менавіта апошні звычай. У Нямеччыне, а цяпер і ў іншых краінах, таксама і ў Беларусі, гэты звычай узбагачаны надпісам на дзвярах літараў С+М+В, а таксама датай бягучага года (католікі пішуць яго асвячонаю крэйдаю). Такім чынам, сёлета гэты надпіс выглядае так: С+М+В 2004. Аднак, ці ведаем мы, што азначае такое скарачэнне? Адказ на гэтае пытанне даволі няпросты.

Падобна, што тры літары, якімі мы пазначаем дзверы нашых дамоў 6 студзеня, зусім не з’яўляюцца ініцыяламі, як многія лічаць, трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar). На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус благаславіць жытло! Аднак, як гэта ні дзіўна, і першая, і другая інтэрпрэтацыі не пярэчаць адна адной. Па-першае, пазначэнне іменем Хрыста ўваходу ў дом нагадвае пра ноч вызвалення Божага люду ад егіпецкай няволі, калі людзі пазначалі свае дамы крывёю пасхальнага ягняці. Па-другое, пішучы літары С+М+В, мы прыгадваем імёны першых паганаў, якія пакланіліся Хрысту, і тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. Такім чынам, два цалкам розныя тлумачэнні сэнсу трох літараў практычна маюць аднолькавыя духоўныя высновы.

Ангельскі паэт Джордж Герберт у вершы «Звеставанне» адлюстраваў такі звычай: калі кароль выпраўляўся ў падарожжа, перад ім ехалі ягоныя пасланцы і пазначалі жытло, прыдатнае для размяшчэння каралеўскага двара на прыстанак, крэйдай. Магчыма, адсюль узяўся звычай на ўрачыстасць Трох Каралёў пазначаць дзверы дамоў надпісам С+М+В, які азначае, што мы запрашаем у свой дом Божага Караля. Можа менавіта таму евангелічныя магі з часам «ператварыліся» ў каралёў, якія быццам бы ў ролі кватар’ераў заклікаюць прыняць найвялікшага Госця і своеасабліва падкрэсліваюць Ягоную найвышэйшую годнасць.

Магаў, якія пакланіліся Хрысту, мы часта атаясамліваем з мудрацамі. Можа таму, што і каралям, і магам, і мудрацам пакаянне даецца асабліва цяжка. Магі служылі д’яблу, аднак нават яны знайшлі дарогу да Хрыста. Мудрацы, напоўненыя не столькі Божай мудрасцю, колькі адданыя мудрасці гэтага свету, якая перамяняе чалавечае сэрца ў скалу, вельмі часта няздольныя прыняць Божае зерне, але, як мы ведаем, менавіта такія мудрацы знайшліся ў супольнасці першых Хрыстовых вернікаў...

Заўважым, што рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В выконвае яшчэ адну цудоўную функцыю. Ён нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакраментальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам. Такая сям’я можа рэалізаваць тры функцыі святыні: быць месцам сапраўднай прысутнасці Бога паміж людзьмі, месцам складання Богу ахвяраў праўдзівай любові, а таксама месцам сведчання пра Бога і Ягоную любоў, якая пануе паміж членамі сям’і, і ў іх стасунках з бліжнімі, з кожным Божым стварэннем.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.