27 лістапада - пачатак Адвэнту.

07. 11. 2021

27 лістапада - пачатак Адвэнту.

Кожную нядзелю Адвэнту запальваецца чарговая свечка ў адвэнтавым вянку. Кожная з гэтых свечак мае сваю назву і значэнне.

“Свечка прарока” (“Свечка надзеі”) – запальваецца ў І нядзелю Адвэнту і сімвалізуе прарокаў, якія прадказалі прыйсце Месіі.

“Свечка Бэтлеема” (“Свечка міру”) – запальваецца ў ІІ нядзелю Адвэнту ў памяць пра месца, дзе нарадзіўся Збаўца.

“Свечка пастухоў”, або “Свечка радасці”, запальваецца ў ІІІ нядзелю Адвэнту і нагадвае пра пастухоў, якія першымі ўбачылі Езуса і абвясцілі свету “радасную навіну”. Гэтая нядзеля мае назву Gaudete (“Радуйцеся”), таму свечка радаснага, ружовага колеру.

“Свечка анёлаў”, або “Свечка любові”, запальваецца ў IV нядзелю Адвэнту і сімвалізуе анёлаў, якія аб’явіліся пастухам у бэтлеемскай пячоры, паведаміўшы ім пра нараджэнне Дзіцяткі Езуса.

Сімвалам Адвэнту з’яўляецца цемра, якую рассейвае святло свечак і лямпаў. У даліне граху ўзыходзіць святло Хрыстовае.

Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша (Рараты) у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якую звычайна цэлебруюць на світанні.

З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло.

Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з’яўляюцца раратнія ліхтарыкі. Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвятліць змрок.

Мы запрашаем усіх да падрыхтоўкі да Адвэнту: рыхтуем матэрыялы, вырабляем ліхтарыкі сваімі рукамі, робім вяночкі. Свае гатовыя вырабы вы потым прынесяце ў касцёл для асвячэння.
 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.